Дыплом III ступенi на Рэспублiцы!

Дыплом III ступені – такога выніку дасягнуў 10-класнік гімназіі № 1 г. Валожына Антон ВІРШЫЧ на заключным этапе рэспубліканскіх алімпіяд па прадмеце «Працоўнае навучанне». Рыхтаваў яго настаўнік Аляксандр Антонавіч КЕРБЕДЗЬ.

Рэспубліканскія спаборніцтвы па вучэбных прадметах праходзілі падчас веснавых канікулаў з 25 па 29 сакавіка па 18 школьных прадметах, у тым ліку па фізічнай культуры і здароўі. У іх прынялі ўдзел 1534 школьнікі з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама вучні з Польшчы, якія паказвалі свае веды па беларускай мове і літаратуры, і з Украіны – па матэматыцы. Валожыншчыну прадстаўлялі 5 старшакласнікаў. Пераможцамі сталі 688 вучняў, у ліку якіх – наш гімназіст. Усе яны будуць прадстаўлены для заахвочвання ў Савет спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Алімпіяда па працоўным навучанні адбывалася ў горадзе Жлобіне. Варта адзначыць, што цікавасць да гэтага прадмета праявілі 76 удзельнікаў: 38 хлопцаў і столькі ж – дзяўчат (!). Як расказаў А. Віршыч, сёлетнім заданнем стала падстаўка пад настольны перакідны каляндар. На яе выраб у агульнай складанасці адводзілася сем гадзін: тры – для падрыхтоўкі чарцяжа і чатыры – на працу з матэрыяламі, якімі былі звычайны брусок дрэва і металічная пласціна. Выразанне і выпільванне рабіліся ўручную, строга па размерах, дапускалася адхіленне не больш за 0,1 сантыметра. Можна толькі ўявіць, колькі ўважлівасці, сканцэнтраванасці, цярпення і навыкаў спатрэбілася праявіць рабятам, каб трапіць у лік пераможцаў. Антон адзначыў, што на кожным з этапаў яму не хапала зусім нямнога часу, каб давесці ўсё да дасканаласці. Аднак дыплом III ступені на рэспубліцы – гэта, пагадзіцеся, вельмі высокі вынік, з чым віншуем таленавітага вучня і яго настаўніка. Жадаем удасканальвацца і развівацца, каб у далейшым дасягнуць яшчэ большых поспехаў!

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars