У авангардзе развiцця турызму

На базе СШ № 2 г. Валожына адбылося пашыранае пасяджэнне раённага каардынацыйнага савета па турызме і грамадскага савета па аграэкатурызме.

Мэтай нарады было сабраць разам гаспадароў аграсядзіб (іх колькасць у раёне апошнім часам дасягнула рэкорднага паказчыка – 56), прадстаўнікоў улады і асоб, якія ажыццяўляюць кантроль за дзейнасцю падобных аб’ектаў. Ініцыятарам “вялікай размовы” выступіў старшыня грамадскага савета, кіраўнік кааператыва “Валожынскія гасцінцы”, гаспадар аграсядзібы “Ганка” Анатоль Ганец. У сустрэчы прыняла ўдзел старшыня праўлення ГА “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова.

Прысутных віталі начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Таццяна Крыкала і яе намеснік па турызме Валянціна Башаркевіч. Праграма мерапрыемства арганізатарамі была прадумана з улікам таго, што ўдзельнікі – вопытныя прадстаўнікі турыстычнага бізнесу і тыя, хто на гэтай ніве робяць нясмелыя крокі. Таму ў першай частцы сустрэчы выступілі кіраўнікі раённых службаў з тлумачэннямі патрабаванняў да вядзення спраў на аб’ектах аграэкатурызму.

Другая частка пасяджэння цалкам адводзілася для абмеркавання спраў у сферы турызму на Валожыншчыне. В. Кліцунова з дапамогай прэзентацый агучыла тэндэнцыі, у тым ліку і болевыя кропкі ў дадзеным кірунку, а таксама магчымасці і перспектывы развіцця аграэкатурызму ў рэспубліцы. А. Ганец, падводзячы вынік работы, падкрэсліў: толькі сумеснымі намаганнямі можна стварыць якасны прадукт, назва якому – валожынскі агратурызм. Вядома, што ў раёне выдатна дзейнічае так званы кластар, створаны амаль дзесяцігоддзе таму пачынальнікамі новага ў той час віду дзейнасці. Гэта калі адзін гаспадар прапануе гасцям смачнае харчаванне, другі – відовішчы, трэці – вучыць нейкаму рамяству і г. д. Сёння выложынскія прадстаўнікі турыстычнага бізнесу прапаноўваюць аматарам адпачынку з экалагічным ці этнічным каларытам майстар-класы па выпечцы хлеба, музычныя вечары, анімацыйныя праграмы, экскурсіі на дыліжансах, катанні на санях, сплавы на байдарках, фальклорныя праграмы, вела- і пешыя паходы, наведванне міні-музея, абрады, майстар-класы па вырабе сувеніраў і выпечцы, дэгустацыі страў беларускай і яўрэйскай кухні і іншыя.

Як і кожнае мерапрыемства, што ладзіцца прафесіяналамі ад аграэкатурызму, азначанае таксама падмацоўвалася выставай. Вопытныя гаспадары рэкламавалі свае лепшыя прадукты і вырабы. Алесь Белы прадставіў кнігі па кулінарыі. Адбыўся абмен меркаваннямі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars