Ваенная справа

Уладзіслаў РУБАЦКІ – васямнаццацігадовы хлопец з Валожына. Яшчэ ў дзяцінстве ён вырашыў стаць ваенным, таму ў 12 гадоў пры падтрымцы мамы накіраваўся паступаць у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча. Здаў экзамены па рускай мове, матэматыцы, нарматывы па фізічнай культуры, прайшоў псіхалагічнае субяседаванне. У выніку Уладзіслаў добра паказаў сябе на іспытах і стаў кадэтам-сувораўцам.

За пяць гадоў навучання хлопец значна пасталеў і змяніўся: стаў больш самастойным і незалежным, прывучыўся да парадку і дысцыпліны, актыўна заняўся спортам. У яго з’явілася шмат сапраўдных сяброў-саслужыўцаў з самых розных куткоў Беларусі і нават Расіі, да якіх можна звярнуцца па дапамогу ў любую хвіліну.

Працягваць прафесійны шлях вырашыў на ваенным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Геаінфармацыйныя сістэмы”. Туды Уладзіслаў быў залічаны без экзаменаў і ЦТ, таму што добра скончыў папярэднюю ўстанову адукацыі. Акрамя яго, у групе вучацца 4 чалавекі, якія прайшлі вялікі конкурс.

Распавядае, што вучоба даволі складаная, але яму падабаецца, таму з цяжкасцямі спраўляецца лёгка. Ужо паспеў здаць першую сесію – 5 залікаў і 4 экзамены. Самыя цяжкія і цікавыя прадметы – вышэйшая матэматыка, геамарфалогія, асновы геадэзіі. Пасля ўніверсітэта хлопец атрымае прафесію ваеннага тапографа-геадэзіста.

На ваенным факультэце БДУ рыхтуюць спецыялістаў гуманітарнага профілю і ў сферы міжнародных зносін, эксплуатацыі геаінфармацыйных сістэм ваеннага прызначэння, войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, юрыстаў, крыптографаў. Будучыя ваенныя жывуць на дзяржаўным забеспячэнні: ім выдаецца форма, харчаванне ў сталовай, інтэрнат. Калі старанна вучыцца і дысцыплінавана паводзіць сябе, прытрымлівацца агульных правіл і распарадку дня, то на выхадныя можна атрымаць звальненне і паехаць дадому. Два разы на год студэнтам прадастаўляецца адпачынак. Стыпендыя залежыць ад сярэдняга бала за сесію. У вольны час, якога застаецца нямнога, можна займацца спортам, навукай, удзельнічаць у грамадскім жыцці.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars