14 красавіка вернікі каталіцкай канфесіі святкуюць Вербную нядзелю. Яна сімвалізуе Уваход Гасподні ў Іерусалім. Гэта свята адзначаецца ў шосты тыдзень Вялікага посту, за тыдзень да Светлага Вялікадня.
У Пальмавую, або Вербную, нядзелю вернікі ўспамінаюць уваход Ісуса Хрыста ў Іерусалім, калі ізраільскі народ сустрэў яго як Месію, Збавіцеля ад прыгнёту, кідаючы на дарогу вопратку і пальмавыя галіны з крыкамі: «Асанна (у перакладзе азначае «Выратуй нас»)! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Госпада!» Аднак не ўсе разумелі, што Ісус прыйшоў не для валадарання на зямлі, не для помсты прыгнятальнікам-рымлянам, а для нябеснай міласці. І таму праз некаторы час тое самае «Асанна!» змянілася на бязлітаснае «Распні яго»…
Пальмавай нядзеля стала называцца з ХI стагоддзя, калі ўзнік звычай благаслаўляць у гэты дзень пальмавыя галінкі. Паколькі ў Беларусі пальмы не растуць, вернікі прыходзяць у храм з галінкамі вярбы, якія па-рознаму ўпрыгожваюцца. Адсюль яшчэ адна назва – Вербная нядзеля, або Вербніца.
Асвячоныя ў храмах галінкі вярбы захоўваюць на працягу ўсяго года. Як правіла, імі ўпрыгожваюць абразы і “чырвоныя куты” ў дамах і кватэрах.
Лічыцца, што з дапамогай вярбы можна засцерагчы дом і яго жыхароў ад любога зла, асвяціць памяшканне і нават прагнаць хваробы. На Вербную нядзелю старыя галінкі спальваюць, замяняючы іх на новыя.
У Вербную нядзелю важна з самай раніцы настроіцца на добрыя намеры, выключыць любыя канфлікты з навакольнымі і пастарацца дапамагчы тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Малітвы дапамогуць пазбегнуць непрыемнасцяў і спакойна правесці завяршальныя дні посту.
Людзі прыкмячалі:
Калі ў Вербную нядзелю цёпла і суха – летам будзе вялікі ўраджай садавіны.
Дзьме вецер – чакаць халоднага лета.
Ударыў мароз – год прынясе шмат пшаніцы.
Колькасць распушчаных коцікаў вярбы таксама служыла паказчыкам будучага ўраджаю.