Жывы голас гiсторыi — Гiравiцкая карчма: праўда прыадкрывае тайны

Культура

Шаноўныя чытачы, мы працягваем знаёміць вас з дэтэктыўнай гісторыяй адраджэння культурна-гістарычнага цэнтра вёскі Гіравічы – каменнай карчмы, прыгожай у мінулым і занядбанай зараз. У сённяшнім выпуску рубрыкі “Неабыякавыя” сапраўднае расследаванне падзей 1920-30-х гадоў, якое ажыццявіў у Маладзечанскім занальным архіве Зміцер Сасноўскі – кіраўнік гурта “Стары Ольса”, чалавек, якому вяскоўцы даручылі справу аднаўлення і вяртання сваёй спадчыны (асаблівая падзяка спадара Сасноўскага ў адрас супрацоўнікаў Маладзечанскага архіва, што працуюць шчыра, дбайна і прафесійна).

Пошук нашага даследчыка доўгі час ішоў у няправільным кірунку, таму за першы месяц было знойдзена вельмі мала звестак. Памылковая інфармацыя, якую друкавалі навуковыя і перыядычныя выданні, адсылала да падзей 30-х гадоў ХХ ст. і ў вёску Гіравічы. На самой справе скарбонка звестак адкрылася, калі Зміцер выпадкова зазірнуў у 20-я гады і ў справы суседняга паселішча – маёнтка Стары Ракаў, які належаў тады князям Друцка-Любецкім. І вось галоўная віноўніца – старадаўняя карчма – стала ўзгадвацца ў дакументах, вакол яе, нібы прыгажуні на вясковых вячорках, завіравалі падзеі! Зараз, дарагія чытачы, мы маем з вамі магчымасць дакрануцца да гісторыі амаль стогадовай даўнасці…

У 1922 і 1923 гг. пасля руска-польскай вайны і ўсталявання мяжы, якая падзяліла Беларусь надвое, Польшча сутыкнулася з праблемай землямернай неразбярыхі. Многія гаспадары не мелі магчымасці дакументальна пацвердзіць валоданне сваімі надзеламі. Земскія ўправы ў Стоўбцах, Маладзечне і Вільні заклікалі гаспадароў прывозіць любыя паперы і доказы валодання землямі. Прымалі таксама асабістыя сведчанні суседзяў. У Гіравічы і Стары Ракаў з Вільні былі накіраваны два прафесійныя землямеры – Юзаф Лакацьеўскі і Стэфан Міхневіч. Іх задачай было скласці праект “сцалення” (зліцця) мноства гаспадарчых кавалкаў у адзіны вялікі надзел зямлі побач з асноўнай сядзібай/домам і абмеру кавалкаў зямлі для продажу.

І вось тут упершыню разгортваюцца сапраўдныя прыгоды. На каменную карчму ў Гіравічах “паклалі вока” браты Язэп і Васіль Доўнары з вёскі Гаішча, якія хацелі яе набыць у князёў Друцка-Любецкіх разам з 35 га зямлі. Упаўнаважаны адвакат князёў Станіслаў Рава быў не супраць. Але ніхто не чакаў такога патрыятызму ад гіравіцкіх вяскоўцаў. Яны наладзілі тры афіцыйныя сходы старэйшых жыхароў (Пяткевічы, Русецкія, Урбаны, Патаповічы, Янушкевічы, Раманчыкі) і заявілі рашучы пратэст! Людзі патрабавалі, каб першае права на куплю каменнага будынка з садам мелі мясцовыя гаспадары. Самы цікавы сход адбыўся 7 жніўня 1923 г. у доме старшыні вёскі Рыгора Русецкага (яго нашчадкі і зараз актыўна ўдзельнічаюць у працэсе вяртання карчмы). Гіравічаўцы дабіліся, каб браты Доўнары адмовіліся ад набыцця гэтага будынка, а адвакат мусіў гэта засведчыць. Цікава, што актыўна ўдзельнічаў у сходзе і бацька будучага гаспадара карчмы Андрэй Раманчык. Ён нібыта прадбачыў (а можа і мэтанакіравана адстойваў) правы сына на гэты вялікі мураваны прыгожы будынак. У рэзалюцыі пратакола адвакат С. Рава напісаў: “У будучым каменную карчму в. Гіравічы прапаную купіць Ракаўскай гміне для мясцовай школы”.

У 1925 г. землямер Ю. Лакацьеўскі склаў схему земляў маёнтка Стары Ракаў, дзе пазначыў асобна вынесены участак № 60 памерам 0,9397 га з будынкам у куце ўчастка, а ў сваім “Плане размежавання земляў” даў самыя падрабязныя яго каардынаты. “Дзівосы” пачаліся, калі гэтыя звесткі З. Сасноўскі даслаў спецыялістам нашых геадэзічных арганізацый. Перавод польскай сістэмы каардынат у сучасныя аказаўся справай нялёгкай. І толькі геадэзіст ПУП “Інжкарт” В. А. Дзямід разгадаў загадку: каардынаты засноўваліся на кутах, якія адступалі паступова ад поўначы, ад усходу, ад поўдня і ад захаду. Толькі пасля гэтага атрымалася пакласці старыя межы на сучасную карту.

…Згодна з дакументамі, 11 чэрвеня 1928 г. участак № 60 “з каменным жылым домам” у Друцка-Любецкіх набыў Адам Раманчык, чый бацька так аддана абараняў карчму ад продажу жыхарам Гаішча братам Доўнарам.

Тут гістарычны інтарэс выклікаюць даныя, напісаныя ў рэгістрацыі дамовы куплі-продажу: “Адам Раманчык, сын Андрэя, праваслаўны, узрост 28 гадоў, беларус, жыхар в. Гіравічы Ракаўскай гміны Маладзечанскага павету, земляроб, рэзервіст, нежанаты, яго бацька валодае 3 га зямлі. Агульны кошт участка 2350 злотых, з якіх будынак – 1410 зл.”. Подпіс “Адам Романчик” засведчыў Войт гміны Ракава. У заяве яшчэ аднаго адваката Друцка-Любецкіх ад 16 лютага 1929 г. у Навагрудскую зямельную ўправу ўтрымліваюцца звесткі, што Адам Раманчык “унёс задатак 1000 зл., а рэшту 2350 зл. мае выплаціць за бліжэйшыя 3 гады, але без дапамогі банка і не закладваючы маёмасць бацькі”. Тут будзе дарэчы ўзгадаць словы апошняй гаспадыні карчмы Зінаіды Іванаўны Раманчык, якая казала, што Адам з бацькам Андрэем набывалі карчму разам.

13 красавіка 1929 г. памежны земскі камісар вынес рашэнне дазволіць Канстанціну Друцка-Любецкаму передаць права ўласнасці новым гаспадарам, сярод якіх Адам Раманчык, уласнік участка № 60.

Продажы і пераходы ўласнасці цягнуліся яшчэ 6 гадоў. Напрыканцы гэтага працэсу ў 1935 г. Зямельная управа Віленскага ваяводства накіравала на абмер вёскі Гіравічы землямера Стэфана Міхневіча. У сваім палявым дзённіку Міхневіч некалькі разоў малюе участак Адама Раманчыка, прывязваючы яго да скрыжавання дарог, якое захавалася і дагэтуль. Кавалку зямлі пад карчмой даюць інвентарны нумар 72 (абазначаны на плане Міхневіча)…

З 70-х гадоў гіравіцкая карчма выклікала вялікі інтарэс у архітэктараў. Вядомы беларускі архітэктар прафесар С. Сергачоў, які ўсю навуковую дзейнасць прысвяціў старадаўнім будынкам, таксама захапіўся гэтай карчмой. Менавіта таму было вырашана папрасіць яго правесці экспертызу знойдзеных архіўных дакументаў. Маючы багатую навуковую базу па карчме ў выглядзе архітэктурных планаў, здымкаў і ўласных палявых даследаванняў, прафесар Сергачоў вынес адзнаку, што ўся названая дакументацыя сапраўды абмярае і абмалёўвае той самы кавалак зямлі на скрыжаванні дарог у цэнтры Гіравічаў і тую самую славутую і шматпакутную карчму.

Шаноўныя сябры, гэта незвычайнае даследаванне і займальны гістарычны дэтэктыў чарговы раз даказваюць, што гісторыя нашага краю цікавая і вартая таго, каб яе вывучаць, траціць на яе час і атрымліваць сапраўднае задавальненне ад адчування і ведаў пра жыццё нашых кроўных сваякоў.

Сачыце за наступнымі выпускамі “Гіравіцкага дэтэктыву”, дзе мы распавядзём пра дакументы і падзеі пасляваеннага перыяду, а таксама пра ход афармлення права спадчыны і ўласнасці былой гаспадыні



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *