Красавiк

Общество

Полем, лесам, пералескамі,

Па зямлі, вясной абуджанай,

Красавік ідзе з пралескамі

Па праталінах і лужынах.

Раўчукі гудуць напорыста,

Распусцілі вербы голейка,

На галінцы ціхім посвістам

Шпак вітае рана сонейка.

Дзе сасна расце высокая

Па-над рэчкай гаманліваю,

Бусел радуе нас клёкатам,

Прыляцеўшы з далеч-выраю.

І дарогамі і трактамі,

Наўздагонкі нібы гоняцца,

Плуг бяжыць за

гонкім трактарам,

Ажно поле гулам поўніцца.

Станіслаў ШУШКЕВІЧ

Красавік на адным дні сем разоў надвор’е мяняе.

Красавіцкія ручаінкі зямлю будзяць.

У красавіку зямля прэе.

Красавік з вадой – май з травой.

Красавіцкія першацветы снег прабіваюць.

У красавіку грымот – цёплы будзе год.

У красавіку дождж праходзіць, сонца грэе – тады ўсякі не збяднее.

Назва чацвёртага месяца года паходзіць ад слова “красаваць”, бо ў ім з’яўляюцца першыя краскі-кветкі. У старадаўняй літаратуры сустракаецца і другая назва – “квецень”: яна захавалася ва ўкраінскай і польскай мовах. У старажытных славян чацвёрты месяц яшчэ вядомы як “беразоль” ці “бярозазол”. Чалавек здаўна заўважыў і ведаў пра вясновы рух соку ў дрэў: звярнуў увагу на смачны і крыху саладкаваты бярозавы сок і займаўся яго нарыхтоўкай, робячы розныя надрэзы на ствалах бяроз. Яны ў гэты час быццам плакалі – што, напэўна, і давала падставу такой назве месяца. Нарыхтаваны сок захоўвалі ў скляпах у дубовых кадушках, каб потым у летнюю спёку ў пару сенакосу наталіць смагу.

СВЯТЫ І АБРАДЫ

У народным календары асаблівая павага і набожнасць надавалася вясноваму святу Благавешчанне (Дабравешчанне, Звеставанне), якое штогод адзначаецца 7 красавіка (у католікаў – 25 сакавіка). Благавешчанне ў назіраннях нашых продкаў было звязана з многімі прыроднымі з’явамі: яно лічылася святам прылёту птушак. Асаблівую ўвагу меў прылёт буслоў, казалі: “Дабравешчанне як захоча, дык і бусел заклякоча”. Шчасціла нібыта таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць, бо будзе “лёгкі на ногі”. А ў таго, каму трапіць на вока стоячы, нібы будуць балець ногі. Дзеці сустракалі птушку радаснай і разам з тым з гумарам песняй: “Бусел, бусел-клекатун, узяў бабу за каўтун…” Прылёт буслоў у народным уяўленні атаясамліваўся з сапраўдным прыходам вясны і канчатковай перамогай яе над зімой і халадамі.

Згодна з народным вераваннем, на Благавешчанне забаранялася гарадзіць плот, убіваць у зямлю колле, пачынаць ворыва, сеяць насенне (зерне). Лічылася, што да гэтага дня і ў гэты дзень “нельга чапаць маткі-зямлі”. Такія дзеянні, верылі нашы продкі, маглі выклікаць засуху і бясплоднасць на сялянскай ніве. Сцвярджалі: “На Благавешчанне дзеўка касу не пляце, птушка гнязда не ўе, курыца яйкі не нясе”. Гэты дзень звязаны з многімі назіраннямі селяніна за станам надвор’я, ад якога залежаў у многім чакаемы будучы ўраджай. Сухое Благавешчанне пагражала засухай улетку, а калі ж ішоў снег, то, наадварот, лета будзе мокрае з частымі дажджамі. Дождж у гэты дзень прадвяшчаў добры ўраджай хлеба.

На дабравешчанскі тыдзень паўсюдна пачыналі гукаць (заклікаць) вясну. Дзяўчаты збіраліся кучкамі ля гумнаў, восецяў ці за вёску на ўзвышшы, каля лесу на асушаных пагорках, апраналіся ў прыгожыя святочныя ўборы, залазілі на стрэхі і запявалі першыя песні-вяснянкі. Святкаванне вясны надавала непаўторны каларыт, праз які сцвярджаліся вечная маладосць, прыгажосць і сіла як у прыродзе, так і ў чалавечым родзе.

З’ЯВЫ Ў ПРЫРОДЗЕ

Прыход красавіка заўсёды доўгачаканы і цудоўны. Уся прырода ажывае, цягнецца да святла, паветра напаўняецца непаўторнай духмянасцю пупышак дрэў і кустоў, першых веснавых кветак. У сакавіку вясна рабіла толькі пачатковыя свае крокі, не давяраючы першаму цяплу, а ў красавіку ў другой палове яна ўжо ў поўную сілу, лёгка і ўпэўнена крочыць па зямлі.

На красавік у асноўным прыпадаюць два феналагічныя падсезоны. Першы – ранняя вясна ці снегараставанне: ад першых праталін да руху соку і набухання пупышак дрэў. Доўжыцца з 28 сакавіка па 14 красавіка. У гэты час мацней цурчаць ручаі, на вадаёмах нарэшце трэскаецца і ламаецца лёд і з шумам імкне па цячэнні. Вады прыбывае ўсё больш і больш – наступае красавіцкае разводдзе. Рэчкі ператвараюцца ў мнагаводныя, буйныя, шумлівыя рэкі. Лёд крануўся, і надышла паводка, якая суправаджаецца крыгаходам. Рэкі выходзяць з берагоў і затапляюць нізіны. Вада залівае лугі і паплавы, паступова праграваецца сонцам. Касякі рыб выплываюць на заліўныя лугі, дзе вада чысцейшая і цяплейшая. Неўзабаве пачынаецца нераставанне.

Другі феналагічны падсезон – ажыванне вясны – праходзіць з 14 красавіка да 1 мая. Прыкладна ў гэты час на паўднёвых схілах равоў, у лагчынах, на берагах вадаёмаў адкрывае першы сезон цвіцення падбел, на балотах і забалочаных сасняках – падбел звычайны, а на беражках крынічных рэчак – белакапыцень лекавы. Народная назва кветак гэтай расліны – “зязюлькі”, бо яны сваёй афарбоўкай (колерам) маюць падабенства да птушыных пер’яў зязюлькі. Яе, дарэчы, у асобных месцах можна знайсці і на Валожыншчыне.

Прыкладна праз 8-10 дзён пасля цвіцення падбелу пачынае распускаць свае рознакаляровыя кветачкі медуніца (шчамяліца). Гэта добры меданос, што адпавядае назве самой кветкі. Неўзабаве з’явяцца блакітныя пралескі. У іх ёсць сястра – ветраніца дуброўная (кураслеп, анемона). З-за белага колеру пялёсткаў яе яшчэ называюць белым падснежнікам. У гэты час выкідвае свае чырвона-рудыя завушнічкі вольха. Запылаў арэшнік. Радуюць вочы буйныя белыя вербы-брэднікі. Адначасова зацвітае і воўчае лыка.

У другой палове красавіка на лугах і сонечных палянках пад кустамі зазіхацяць белыя кветачкі-зоркаўкі, пачнуць усміхацца жоўтыя кветачкі гусінай цыбулькі. Побач з’явяцца дыванкі першацвету вясновага – прымулы, якую ў народзе называюць “ключыкамі”. У народным павер’і яна як бы сваімі ключамі адкрывае зямлю для цяпла. Як толькі пачынае цвісці гэта кветка, на ўзлесках старых гаёў, пясчаных лясных высечках і пажарышчах, ля гнілых пнёў і кустоўя ядлоўцу чакай першых веснавых грыбоў – смаржкоў і стручкоў.

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ

Па традыцыі працягваем знаёміцца з міфалагічнымі істотамі нашых продкаў – лясным бажком Дабрахочы. У адрозненне ад іншых міфалагічных насельнікаў лесу, ён лічыцца добрым бажком. Рост яго залежыць ад вышыні дрэў, вакол якіх ходзіць. З выгляду хударлявы, з вялікімі ступнямі ног, далонямі і пальцамі на руках, з выцягнутым і завостраным носам (нібыта сук), з пранізлівымі вачамі і абвіслымі доўгімі сівымі вусамі. Апрануты ў шэра-зялёную світку, быццам пакрыты мохам. Світка падпярэзана ў выглядзе нязвыкла сплеценага пояса ці звітай з карэнняў дрэў вяроўкі. На галаве таксама нязвыклы ўбор з карэнняў дрэў, лазовых і бярозавых пруткоў. Ён – справядлівы суддзя, карае толькі вінаватага, пасылаючы на яго пакутлівыя хваробы. Выратаваць няшчаснага можна, улагодзіўшы Дабрахочага ахвярай – акрайцам хлеба з калівам солі, загорнутым у чысты льняны шматок. Для гэтага пакараны чалавек павінен быў ісці ў лес і звяртацца да Дабрахочага з маленнямі і просьбамі аб дараванні здароўя. Калі хто з людзей перашкаджаў Дабрахочаму ў яго лясных справах, то мог паслаць кару, прымусіўшы блукаць небараку ў лесе дацямна. У даўнейшы час людзі, якія па розных прычынах затрымліваліся ў лесе, каб апраўдацца, гаварылі, што гэта Дабрахочы трымаў іх, і пры гэтым расказвалі розныя дзівосныя здарэнні. Так, напэўна, нараджалася падстава для розных казак-баек, апавяданняў і мудраслоўя.

Падрыхтаваў Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *