Маладыя галасы — 2019

Падведзены вынікі раённага літаратурнага конкурсу “Маладыя галасы”, які ладзіцца штогод па ініцыятыве народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

У творчым спаборніцтве прынялі ўдзел каля трыццаці канкурсантаў ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў са школ раёна і Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Пачынаючым юным творцам былі прапанаваны чатыры тэмы: “Шляхамі вызвалення” (да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў), “Мае вы родныя мясціны!” (да Года малой радзімы), “У юным сэрцы хваляванне…” (пра каханне) і “На жартоўнай хвалі”.

У першай намінацыі пераможцам стаў вучань 9 класа ДУА “Пяршайскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” Уладзіслаў Быкоўскі за верш “Звіняць званы”. Другое месца ў навучэнкі Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Ганны Лашук, а трэцяе падзялілі пяцікласнік з СШ № 1 г. Валожына Канстанцін Родзевіч і вучаніца 9 класа ДУА “Багданаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” Любоў Камінская.

Найбольш вершаў паступіла на тэму “Мае вы родныя мясціны!”. Паколькі сярод канкурсантаў было многа вучняў пятых-сёмых класаў, а таксама старшакласнікі і навучэнцы ліцэя, то ўсіх вырашылі падзяліць на дзве ўзроставыя групы. У малодшай групе дыпломамі за трэцяе месца ўзнагароджаны: вучаніца 5 “А” класа ДУА “Ракаўская СШ” Марыя Голуб, яе равесніца з СШ № 2 г. Валожына Міраслава Альшэўская і шасцікласніца гэтай жа школы Крысціна Сухалет. Дыпломамі другой ступені ацэнены конкурсныя работы сямікласніцы з Гародзькаўскай СШ Дар’і Івашэнка і вучаніцы 5 класа Яршэвіцкага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Ксеніі Доўнар. А верш Любы Русакевіч (5 “Б” клас гімназіі № 1 г. Валожына) “Мой куток” прынёс юнаму аўтару перамогу.

У старшай групе на вышэйшай прыступцы конкурснага п’едэстала – дзевяцікласніца з Пяршайскай школы Ангеліна Папова, якая прысвяціла добры, шчыры верш сваім родным мясцінам у Казахстане. Дыплом другой ступені ўручаны Лізавеце Магілявец, што вучыцца ў Валожынскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. На трэцім месцы – адзінаццацікласніца Івянецкай СШ Аліна Чышэвіч.

Першае каханне, першыя прызнанні… Як тут не хвалявацца юнаму сэрцу! У намінацыі “У юным сэрцы хваляванне” трэцяе месца прысуджана Ангеліне Паповай (9 клас ДУА “Пяршайскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”). Другога месца ўдастоены вершы навучэнак Валожынскага ліцэя Веранікі Шыханцовай і Антаніны Асаула. А Ганна Лашук з гэтай жа навучальнай установы за верш “Любовь?..” атрымала дыплом 1-й ступені.

У жартоўнай намінацыі дыпломамі за трэцяе і другое месцы ўзнагароджаны адпаведна вучаніца 7 “А” класа Ракаўскай СШ Ганна Састраўчук і дзевяцікласнік ДУА “Пяршайскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” Мікіта Мароз. А лепшым журы аднагалосна прызнала верш “Обезьяна без кармана” самай юнай удзельніцы конкурсу Ксеніі Родзевіч, якая вучыцца ў 4 “А” класе СШ № 1 г. Валожына. На жаль, толькі адзін празаічны твор паступіў на конкурс, але ён напісаны на вялікім узроўні, і таму яго аўтар – вучаніца 8 класа Суднікаўскай сярэдняй школы Паліна Юсцік – атрымала Дыплом I ступені.

Узнагароды канкурсантам-пераможцам уручалі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Шакун, Зінаіда Гасціловіч, Валянціна Гіруць-Русакевіч і Дзмітрый Краскоўскі, у выкананні якога прагучала яго ж песня на словы Зінаіды Гасціловіч “Без весткі”. Салістка РЦК Вольга Дзедуль падарыла ўсім песню пра Радзіму на словы В. Гіруць-Русакевіч, а паэтэсы – свае вершы-наказы.

Наш кар.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars