Вызначылi лепшых у вобласцi

На базе гімназіі № 1 г. Валожына прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Супер Тройка”, у якім прынялі ўдзел лепшыя члены Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Праводзіцца ён з мэтай стымулявання працы піянераў-лідараў і іх самарэалізацыі.

Ва ўстанову адукацыі завіталі восем каманд з Пухавіцкага, Дзяржынскага, Барысаўскага, Крупскага, Салігорскага, Любанскага, Вілейскага, Слуцкага раёнаў, што сталі пераможцамі занальных адборачных этапаў. Валожыншчыну прадставіла тройка лідараў сярэдняй школы № 1 райцэнтра пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Яны Сяргееўны Ярота.

Кампетэнтнае журы прадставілі метадыст Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ю. С. Мароз, намеснік начальніка Цэнтра выхаваўчай работы Мінскага абласнога інстытура развіцця адукацыі А. І. Салодкіна і старшыні саветаў ГА “БРПА” трох раёнаў. Старт спаборніцтвам дала ганаровы госць мерапрыемства – старшыня цэнтральнага савета ГА “БРПА” А. У. Ганчарова.

Конкурсная праграма складалася з прэзентацый партфоліа “Інтэрнэт-кейс важатага”, “Партфель лідара” і “Рукзачок акцябронка”, а таксама відэа-самапрэзентацыі “Наш шлях да поспеху”. Лепшыя старшыя піянерважатыя вобласці разам з самымі ініцыятыўнымі піянерамі і акцябратамі дэманстравалі са сцэны эрудыцыю ў веданні гісторыі БРПА, а таксама кемлівасць і логіку. Многія вынеслі на суд журы і гледачоў музычныя і песенныя таленты. На сцэне кожная тройка лідараў па-свойму старалася раскрыць асобы сваіх удзельнікаў, паказаць іх грамадскую дзейнасць, светапогляды, захапленні, інтарэсы і дасягненні. Ва ўсіх нумарах выразна прасочвалася ўзаемасувязь важаты-піянер-акцябронак. Прысутныя з цікаўнасцю сачылі за тым, што адбывалася на сцэне, і падтрымлівалі апладысментамі.

Пасля выступлення каманд журы падвяло вынікі конкурсу. 1-е месца заняла каманда гімназіі № 1 г. Слуцка, 2-е – у гімназіі г. Дзяржынска, 3-е – дасталося СШ № 24 г. Барысава. Лепшая супертройка прадставіць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў. Лідары СШ № 1 г. Валожына паказалі дастойную праграму, але, на жаль, не ўвайшлі ў лік пераможцаў.

Пакуль журы раілася, прысутныя змаглі паглядзець цудоўны канцэрт, які прапанавалі гледачам і ўдзельнікам конкурсу танцавальны калектыў “Непаседы” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі раёна і юныя артысты з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Валожына. Ролю вядучых выканалі гімназісты Марына Більдзюк і Уладзіслаў Адашкевіч.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars