Здароўе дарослага насельніцтва ў значнай ступені вызначаецца яшчэ ў дзяцінстве, бо многія формы паталогій фарміруюцца з малентва. За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі адбыліся значныя неспрыяльныя зрухі: рост расстройстваў і хранічных хвароб, пагаршэнне паказчыкаў фізічнага развіцця. Вядзецца актыўны пошук новых сродкаў прафілактыкі захворванняў.
Школа – гэта тая прастора, дзе адбываецца не толькі прафесійнае, сацыяльнае і грамадзянскае самавызначэнне вучняў, але і фарміраванне іх здароўя. З улікам сучасных тэхналогій ствараюцца спрыяльныя ўмовы для забеспячэння аптымальнага росту і развіцця вучняў. У рамках Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гг.» рэалізуецца інфармацыйны праект «Школа – тэрыторыя здароўя».
У Валожынскім раёне праект дзейнічае ў СШ № 2, гімназіі, Дорскім, Пяршайскім, Сівіцкім ВПК, Валожынскім прафесійным сельскагаспадарчым ліцэі. Да ўдзелу ў мерапрыемствах прыцягнуты 1227 навучэнцаў.
Мэта праекта – фарміраванне здаровага ладу жыцця ў падрастаючага пакалення, барацьба са шкоднымі звычкамі. Асноўнымі відамі дзейнасці з’яўляюцца дыягностыка, прафілактыка, карэкцыя і кансультаванне. Работа ў гэтых кірунках ажыццяўляецца з улікам вынікаў маніторынгу здароўя, меркаванняў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, што садзейнічае развіццю ў вучняў і іх бацькоў патрэбы да здаровага ладу жыцця, фарміруе карысныя навыкі і актыўную пазіцыю ў захаванні і ўмацаванні свайго здароўя.
Ірына ГРЫКА,
урач-гігіеніст Валожынскага РЦГіЭ