Малярыя — экзотыка, даступная кожнаму

Безопасность и здоровье

Штогод 25 красавіка праводзіцца Сусветны дзень барацьбы з малярыяй. Узбуджальнікам хваробы з’яўляецца плазмодый, заражэнне якім адбываецца праз укус камароў роду анофелес. Нягледзячы на дастатковую вывучанасць захворвання і стварэнне прэпаратаў для яго лячэння, малярыя з’яўляецца небяспечнай, даволі цяжкай і шырока распаўсюджанай інфекцыяй у многіх краінах свету, асабліва з трапічным і субтрапічным кліматам.

Існуе некалькі тыпаў развіцця малярыі, але захворванне заўсёды пачынаецца з ліхаманкі – павышэння тэмпературы да 40 градусаў, моцнага галаўнога болю, смагі, ванітаў, боляў у мышцах, аж да з’яўлення галюцынацый і парушэння свядомасці. Паколькі сам узбуджальнік жыве ў клетках крыві, пашкоджваюцца эрытрацыты, печань, селязёнка, галаўны і спінны мозг. Складаней за ўсё малярыя працякае ў цяжарных жанчын і дзяцей. Крыніцай інфекцыі з’яўляецца заражаны чалавек.

Каб пазбегнуць малярыі, патрэбна засцерагчы сябе ад укусаў камароў: абараніць памяшканне ад пранікнення пераносчыкаў узбуджальніка маскітнымі сеткамі, а таксама знішчаць камароў, што заляцелі, інсектыцыднымі сродкамі. Па-за памяшканнем – апрацоўваць адкрытыя ўчасткі цела прэпаратамі-рэпелентамі.

З мэтай прафілактыкі па прызначэнні ўрача пацыент прымае лекавыя супрацьмалярыйныя прэпараты за тыдзень да выезду ў небяспечны рэгіён, увесь перыяд знаходжання там і яшчэ 4-6 тыдняў пасля вяртання дадому. На працягу наступных 3 гадоў пасля вяртання з трапічнай краіны пры звароце па медыцынскую дапамогу з нагоды любога захворвання з павышэннем тэмпературы неабходна паведаміць пра сваё знаходжанне ў патэнцыяльным малярыйным рэгіёне.

Віктар МІХАЛЕВІЧ,

урач агульнай практыкі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *