Засцерагчыся ад шаленства

Безопасность и здоровье

Шаленства з’яўляецца смяротным заразным захворваннем. Узбуджальнік яго – вірус, што выдзяляецца са слінай хворай жывёлы – па нервовых шляхах трапляе ў мозг і паражае яго. Заразіцца можна ад укусу, пры трапленні сліны на драпіну, ранку ці нават непашкоджаную скуру, слізістыя абалонкі вачэй, поласці рота, носа, судакрананні з якім-небудзь прадметам ці адзеннем, забруджанымі слінай шалёнай жывёлы.

На шаленства хварэюць усе цеплакроўныя жывёлы, часцей за ўсё сабакі, кошкі, лісы, ваўкі, шакалы, барсукі, яноты, янотападобныя сабакі, куніцы. Ад чалавека чалавеку шаленства не перадаецца. Асаблівую небяспеку ўяўляюць бадзячыя сабакі, безнаглядныя кошкі, лісы, ваўкі, якія ў перыяд хваробы губляюць страх перад чалавекам і заходзяць у населеныя пункты.

Характэрныя прыкметы хваробы – слінацячэнне, ваніты, вадабоязь, агрэсіўнасць, параліч, але часам яны могуць і адсутнічаць. У сабак і катоў часцей бывае буйная форма шаленства: неспакойныя і палахлівыя, жывёлы хаваюцца па кутах, дрэнна ядуць, уцякаюць з дому. Найбольш небяспечна ціхая (паралітычная) форма. Часцей паралізуюцца заднія канечнасці. Пры паралічы мышцаў ніжняй сківіцы і глоткі становіцца цяжкім глытанне. Прыкметы могуць быць выяўлены слаба, таму хваробу позна распазнаюць.

Калі ў жывёлы незвычайныя паводзіны, і тым больш калі яна кагосьці пакусала, яе трэба неадкладна ізаляваць і паведаміць у ветэрынарную лячэбніцу. Хатнім і службовым сабакам штогод робяць спецыяльныя прышчэпкі, пажадана зрабіць іх і катам.

Укусы і драпіны трэба добра прамываць пад струменем вады, лепш з мылам. Пацярпелы павінен неадкладна звярнуцца ў медыцынскую ўстанову. Уратуе своечасова і цалкам праведзены курс антырабічных прышчэпак.

Валерый ГРЫКА,

урач-хірург Валожынскай ЦРБ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *