Відовішчны джып-трыал упершыню прайшоў у валожынскіх ваколіцах

Спорт

І ў большай ступені гэта заслуга нашага маладога земляка!

У мінулыя выхадныя на полі ў гарадской мяжы насупраць сярэдняй школы № 2 адбыўся I этап Рэспубліканскага спаборніцтва “Беларускі трыал” на Кубак Беларускай Аўтамабільнай Федэрацыі. 46 экіпажаў спецыяльна падрыхтаваных магутных машын з розных гарадоў Беларусі (і нават адзін – з Масквы!) на працягу двух дзён спрачаліся, чый аўтамабіль стане лепшым ва ўмовах бездарожжа, а таксама самым хуткім у дысцыпліне “Спрынт”. Падзея сабрала шмат гледачоў з усёй Валожыншчыны. І гэта зразумела: рокат рухавікоў, крутыя пагоркі, глыбокія каляіны і майстэрства пілотаў не маглі пакінуць раўнадушных ні сярод дарослых, ні сярод дзятвы.

Трыальныя секцыі ўсімі ўдзельнікамі валожынскіх гонак былі ацэнены на “выдатна”: арганізатары па максімуму выкарысталі асаблівасці рэльефу, прапанаваўшы і стромкія “горы”, і гразевыя “ванны”. Першы дзень абышоўся без здарэнняў, а вось на другі ўжо пачаліся “кулянні” і “прыціркі”: адзін аўтамабіль цалкам лёг на бок у вузкім месцы, а другі забуксаваў, і пакуль вадзіцель стараўся выехаць, практычна ўсе іншыя ўдзельнікі спаборніцтваў праверылі на моц яго барты. Праўда, прыйсці на дапамогу напагатове быў любімец публікі «Гаўруша». Хто гэта? А ўсе, хто быў у Валожыне за тыдзень да трыалу, мелі магчымасць пазнаёміцца з ім на плошчы Свабоды. Вялізны бігфут з коламі ў большую палову росту чалавека і мае такое арыгінальнае імя.

Па выніках трыалу 1 месца заваяваў вопытны экіпаж “Сузукі Самурай” з Расіі ў складзе Аляксея Зюбанава і Рамана Шаткова. 2 і 3 месцы заваявалі каманды мінчан – Яўген Рошчанкаў і Аляксандр Зарэцкі, а таксама Аляксандр і Сяргей Лялеі. У дысцыпліне “Джып-спрынт” перамогу святкавалі пілот і штурман бескаркаснага “Nissan Patrol” Валерый Урбан і Аляксандр Нядзелька (група “Рэйд”) і Алег Нікалаеў з Андрэем Мацкевічам на “ВАЗ 2121” (група “Спорт”, аўто з каркасам). З падрабязнымі вынікамі прыхільнікі могуць азнаёміцца па спасылцы http://4x4forum.by/page/online.

Вядома ж, газета скарысталася магчымасцю пагутарыць з галоўным арганізатарам аўтаспартыўнага фэсту Дзмітрыем Рубацкім (на здымку зверху). Для маладога ўраджэнца нашага горада гэта быў своеасаблівы “іспыт на прафпрыдатнасць” ад Беларускай Аўтамабільнай Федэрацыі, з якой цяпер яго будуць звязваць куды больш цесныя і сур’ёзныя стасункі.

Дзмітрый ішоў да гэтай мары з дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы Белакорац. Яго заўсёды “цягнула” да тэхнікі. Адвучыўшыся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, малады чалавек здзейсніў даўнюю задумку і набыў “Ніву”. Год самастойна будаваў яе для ўдзелу ў спаборніцтвах, абкатваў – прычым у гэтым самым месцы, дзе прайшоў першы этап “Беларускага трыалу”. Таму мясцовасць тут добра знаёма Дзмітрыю. Дык вось, калі ўзровень першага аўто выйшаў на прымальны ўзровень, юнак пачаў ездзіць на афіцыйныя спаборніцтвы і займаць прызавыя месцы. Там жа займеў знаёмствы з многімі спартсменамі-аднадумцамі, а ў канцы мінулага сезона лёс звёў яго са старшынёй Камітэта пазадарожных спаборніцтваў і кіраўніцтвам БАФ. Ацаніўшы патэнцыял і энтузіязм валожынца, тыя прапанавалі яму самастойна арганізаваць і правесці такі фэст у родным горадзе…

Падрыхтоўчая работа заняла 4 месяцы: патрэбна было заключыць дамовы на розных узроўнях і з рознымі інстанцыямі, узгадніць шматлікія спецыфічныя моманты, сабраць судзейскую каманду (сёлета 25 чалавек), паклапаціцца пра ўзнагароды і размяшчэнне ўдзельнікаў, арганізаваць атракцыёны для самых маленькіх гледачоў і пункты грамадскага харчавання… Вось толькі малая частка тых выпрабаванняў на трываласць, з якімі сустрэўся Дзмітрый. Малады чалавек шчыра ўдзячны ўсім, хто ішоў яму насустрач. Усё ўрэшце ўдалося, і сёння мы – і журналісты, і нашы чытачы – можам падзякаваць земляку за сапраўднае падоранае шоу. І выказаць надзею, што і наступны этап спаборнітцваў пройдзе на нашай зямлі!

Арганізаваць спаборніцтвы ў Дзмітрыя РУБАЦКАГА ўдалося пры падтрымцы жонкі Наталлі і сына Данілы.

Сяргей САДОЎСКІ

Фота Віталя МЫШЛЁНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *