«Белая Русь» у авангардзе падзей

Общество

На базе гімназіі № 1 г. Валожына адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.

 

Перш чым прыступіць да даклада, А. І. Клачко, якая стаіць на чале райструктуры трэці год, выказала словы падзякі актыву, старшыням пярвічак за выдатную работу па рэалізацыі статутных мэт і задач, актыўны ўдзел у мерапрыемствах, што праходзяць пад сімволікай арганізацыі. Цёплыя словы прагучалі ў адрас мясцовай улады і раённай газеты за падтрымку і фарміраванне станоўчага іміджу аб’яднання.

Гісторыя РГА “Белая Русь” вядзе адлік з 2008 года, калі рашэннем райвыканкама яна была зарэгістравана. Сёння на ўліку – 32 пярвічкі (райвыканкам, сельскія Саветы, установы адукацыі, медыцынскія ўстановы, прадпрыемствы і арганізацыі), якія аб’ядноўваюць 781 члена. Што тычыцца ўзросту, 26% – моладзь да 30 гадоў, 59% – людзі ад 31 да 50 гадоў, 15% – старэйшыя за 50 гадоў.

Алена Іванаўна падкрэсліла, што кожная з пярвічных арганізацый – частка сістэмы ідэалагічнай вертыкалі раёна. “У цесным супрацоўніцтве А структурнымі падраздзяленнямі райвыканкама, у першую чаргу з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, ЦРБ і інш. Мы праводзім сур’ёзную работу ў кірунках патрыятычнага выхавання насельніцтва, умацавання грамадзянскай свядомасці, рэалізацыі сацыяльна значных праектаў”, – сказала яна.

Як адзначалася, райарганізацыяй вядзецца маніторынг меркаванняў насельніцтва па розных пытаннях (палітыка, эканоміка, сацыяльная сфера). Важным звяном між насельніцтвам і ўладай з’яўляецца грамадская прыёмная, асноўная функцыя якой – інфармацыйная. Толькі за справаздачны перыяд з жыхарамі горада з дапамогай прыёмнай сустрэліся старшыня райвыканкама М. А. Астрэйка, старшыня РГА “Белая Русь” Г. Б. Давыдзька, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Г. М. Казак.

Палітычныя кампаніі, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень маці, прафесійныя, спартыўныя святы і памятныя даты – усё гэта поле дзейнасці для актывістаў арганізацыі.

“Белая Русь” – не толькі шматлікія мерапрыемствы, прыгожыя плакаты, сцягі, але і сур’ёзная работа па акумуляванні і расходаванні грашовых сродкаў, статыстычная справаздачнасць, арганізацыйна-кадравая дзейнасць. Таму была заслухана справаздача старшыні кантрольна-рэвізійнай камісіі Тамары Уладзіміраўны Яныш.

Падчас абмеркавання дакладаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. М. Адамовіч, намеснік дырэктара СШ № 2 В. М. Маркоўская, дырэктар Суднікаўскай СШ І. У. Юсцік заўважылі: актывістаў “Белай Русі” чакае напружаная, але цікавая работа па актывізацыі дзейнасці яе структурных падраздзяленняў, мноства падзей. Сёння арганізацыя аб’ядноўвае нераўнадушных людзей, такіх, як дырэктар Ракаўскай СШ Ганна Генадзьеўна Ліхтаровіч, якая нядаўна ўдастоена прыза глядацкіх сімпатый за ўдзел у абласным конкурсе “Малады дырэктар-2019”. З рук А. І. Клачко Ганна Генадзьеўна атрымала грашовы сертыфікат. Прыемны момант узнагароджвання закрануў яшчэ 15 прысутных. Ім уручаны падзякі.

На канферэнцыі выбраны кіруючыя органы. Старшынёй па-ранейшаму застаецца А. І. Клачко, яе намеснікам будзе спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганна Міхайлаўна Канановіч.

Вынік канферэнцыі падвёў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня пярвічнай арганізацыі І. У. Шакун. Ён падзякаваў прысутным за актыўную работу. “Белая Русь” – сапраўдны брэнд, які заўсёды выдатна праяўляе сябе падчас самых значных падзей рэспублікі і сутнасцю работы, і вельмі ўдалай сімволікай”, – адзначыў Ігар Уладзіміравіч.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *