КАБ не забыць пра БЫЛОЕ…

У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылося першае мерапрыемства з шэрага запланаваных да святкавання Дня Перамогі.

Супрацоўнікі аддзялення дзённага наведвання пажылых людзей і валанцёры запрасілі ў госці жанчын – шаноўных жыхарак Валожына, чыё дзяцінства апалена Вялікай Айчыннай вайной.

Валянціна Фёдараўна Навіцкая, Марыя Іванаўна Рабчук, Надзея Іванаўна Каваленка, Антаніна Іванаўна Арцёмава – былыя малалетнія вязні. Гэтых зусім яшчэ дзяўчынак фашысцкія акупанты палічылі магчымым задзейнічаць у якасці рабочай сілы. Успаміны іх цяжкія, але стаўленне да жыцця пазітыўнае. У тых, каму давялося сутыкнуцца з сапраўднымі пакутамі, страхам, стратамі, нават жадання не ўзнікае скардзіцца ці праяўляць незадаволенасць. Яны ўпэўнены: пакуль над галавой мірнае неба, побач жывыя і здаровыя родныя, няма падставы для суму і роспачы.

Загадчык аддзялення Ірына Валер’еўна Кавяза расказала, што спецыялісты, якія працуюць з жанчынамі, стараюцца не кранаць іх душэўныя раны. Наадварот, выбіраюцца толькі такія тэмы для гутаркі, што парадуюць суразмоўцаў. На жаль, разам збіраюцца сведкі далёкіх падзей нячаста – узрост і стан здароўя не дазваляюць. Але на гэты раз з дапамогай сваякоў і валанцёраў жанчыны завіталі ва ўстанову. Фармат сустрэчы – круглы стол. За няспешнай гутаркай пад кіраўніцтвам Наталлі Буклыс удзельніцы вайны выраблялі сувеніры. Валянціне Фёдараўне дапамагала ўнучка Алена, Марыі Іванаўне – дачка Людміла, Надзеі Іванаўне – псіхолаг цэнтра Алена Жданюк, Антаніне Іванаўне – валанцёр Аляксандра Іода.

Шаноўных гасцей пачаставалі чаем, а падчас развітання ўручылі падарункі. Сумесна вырабленыя скарбонкі таксама дасталіся ўдзельніцам мерапрыемства – на добрую памяць аб сустрэчы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars