Жыў такi ветэран

Культура

Жыхар вёскі Узбалаць Іван Дамінікавіч Грыбоўскі пайшоў з жыцця 34 гады таму. Але і сёння сваякі шаноўнага чалавека і нешматлікія жыхары вёскі старанна захоўваюць памяць аб ім. Да гэтага часу на хаце ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, якая сёння належыць яго ўнуку (таксама Івану), ззяе чырвоная зорка.

Напачатку вайны мужчыну споўнілася 38 гадоў. З-за сталага ўзросту яго не прызвалі. Гады акупацыі Іван Дамінікавіч правёў на радзіме. “Як мы жылі пры немцах? Выжывалі! Баяліся, каб не вывезлі каго ў Германію, каб не забралі апошнія прадукты ці няхітрую вопратку, не спалілі хату і не расстралялі за сувязь з партызанамі”, – так расказваў дзед Янка ўнукам.

Пасля вызвалення Беларусі часцямі ў 1944 годзе яго прызвалі на фронт. Ваяваў у Польшчы, Прыбалтыцы. Па палях бітваў на конях цягаў гармату-саракапятку. У адным з баёў дзесьці ва Усходняй Прусіі быў паранены ў нагу. Доўга ляжаў у зямлянцы, сцякаючы крывёй. Пад агнём эвакуацыя была немагчымай. Пазней успамінаў: “У той дзень нашы наступалі і адступалі некалькі разоў. Калі прыходзіў да прытомнасці, чуў то рускае “ўра”, то крыкі немцаў. Дапускаў, што на гэтым полі і застануся, але прасіў Бога дапамагчы…” Родныя І. Д. Грыбоўскага помняць, як дзецьмі былі ўражаны словамі старога салдата: “Вырашыў: у палон не траплю ні за што, таму ў руцэ трымаў зараджаную зброю…”. Малыя вядома ж думалі, што кулі планаваліся для немцаў, а пазней зразумелі: ён пакідаў іх для сябе…

Чырвонаармейцы перамаглі. Калі збіралі параненых і забітых, Іван Дамінікавіч ужо не падаваў прыкмет жыцця. Раптам адзін з санітараў намацаў пульс. Салдату Грыбоўскаму выратавалі жыццё, але ампутавалі нагу. Далей – працяглае лячэнне ў ваенным шпіталі, а ў 1946 годзе ён вярнуўся ў родную вёску.

За праяўленую мужнасць нашага зямляка ўзнагародзілі медалём “За Перамогу над Германіяй”, ордэнам Славы і ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Высокаму, прыгожаму, як кажуць, віднаму мужчыну цяжка было прыняць сваю інваліднасць. Але ж у яго была сям’я – жонка Юзэфа Адамаўна і чацвёра дзяцей. Жыццё працягвалася… З мыліцамі ці на пратэзе ён, як і любы селянін, касіў, малаціў, пілаваў і сек дровы, нарыхтоўваў брыкеты торфу на балоце. Пазней навучыўся кіраваць аўтамабілем, які атрымаў ад дзяржавы. Дарэчы, рабіў гэта даволі заліхвацкі! А нага, якой не было, балела ўсё жыццё. Медыкі тлумачылі: фантомныя болі. Даводзілася прымаць лекі, тыя не дапамагалі. Цярпеў…

Івана Дамінікавіча вяскоўцы лічылі разумным, справядлівым чалавекам, сапраўдным хрысціянінам. Хоць падтрымаў савецкую ўладу і калектывізацыю, ніколі не здраджваў веры. Ва ўтульным доме Дамініковых (так і да сённяшняга часу ў Узбалаці называюць Грыбоўскіх) заўсёды віселі іконы, а на каталіцкія Каляды і Вялікдзень за вялікім сталом збіралася ўся сям’я.

Ён любіў і ўмеў расказваць, таму пастаянна выступаў на мітынгах, якія ладзіліся сельсаветам і школай. Зразумела, сёння ўжо ніхто не апіша далёкія падзеі дакладна, як гэта мог зрабіць сапраўдны сведка – такі, як Іван Дамінікавіч. Але нават перасказаная нашчадкамі гісторыя ўражвае сілай духу, мужнасцю і ўменнем любіць жыццё, родных, радзіму. Вечная памяць дарагому ветэрану!

Іван Дамінікавіч выступае на мітынгу ў Дубіне.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота аўтара і з сямейнага архіва сям’і Грыбоўскіх

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *