Домiкi для птушак

Молодежный курьер

У сакавіку-пачатку красавіка птушкі вяртаюцца з выраю ў родныя мясціны. Каб спакойна вывесці птушанят, ім неабходна наша дапамога. У першую чаргу трэба правесці рэвізію старых шпакоўняў, а таксама змайстраваць новыя.

У рамках абласной экалагічнай акцыі піянерская дружына Сакаўшчынскай сярэдняй школы правяла конкурс “Домік для птушак”. Галоўная яго мэта – прыцягнуць увагу да экалагічнага выхавання падрастаючага пакалення і заахвоціць да творчага саюза дзяцей і іх бацькоў.

Птушкі – важная частка нашай прыроды. Выраб і ўстаноўка шпакоўняў спрыяе азеляненню і падтрыманню экалагічнай абстаноўкі. Калі шпакі паселяцца побач са школай, рабятам будзе зручней назіраць за іх жыццём, а не задавальняцца разгляданнем малюнкаў. Таксама можна атрымліваць асалоду ад прыгожых спеваў і быць спакойнымі за свой сад і агарод.

Акцябраты і піянеры разам з татамі і мамамі актыўна ўключыліся ў працу. У якім захапленні былі рабяты, калі з гонарам прыносілі ў школу “птушыныя домікі”, што зрабілі сваімі рукамі. Удзельнікі конкурсу ўзнагароджаны граматамі ў намінацыях: “Лепшы птушыны домік”, “Класічная шпакоўня”, “Самы крэатыўны птушыны домік”, “Арыгінальны птушыны домік”, “Практычнасць і зручнасць”.

Конкурс завершаны, домікі-шпакоўні размясцілі на прышкольнай тэрыторыі. Яны хутка дачакаліся сваіх навасёлаў, а школьны сад напоўніўся птушыным шчэбетам.

 

Людміла ГАРБАЧЭЎСКАЯ,

педагог-арганізатар Сакаўшчынскага ВПК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *