Меркаванне пра пасланне

Общество

19 красавіка Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка звярнуўся са штогадовым пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У ім кіраўнік дзяржавы падвёў не толькі вынікі работы за мінулы год, але і расставіў акцэнты і асноўныя прыярытэты развіцця дзяржавы і грамадства на перспектыву. У гэтыя дні ідзе шырокае абмеркаванне грамадскасцю выступлення Прэзідэнта. Сваімі ўражаннямі падзяліўся кіраўніцкі корпус Валожыншчыны.

Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА,

старшыня раённага выканаўчага камітэта:

– Сёлетняе Пасланне Прэзідэнта краіны да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – адна з самых важных палітычных падзей бягучага года. У тэзісах лідара нашай дзяржавы, якія закранулі ўсе сферы жыцця, кожны змог вылучыць для сябе галоўныя моманты. А для ўсяго грамадства ў цэлым гэта алгарытм дзеянняў для вырашэння сённяшніх і будучых задач.

Прэзідэнт закцэнтаваў увагу на шматлікіх важкіх дасягненнях мінулых пакаленняў беларусаў – у знешняй і ўнутранай палітыцы, эканоміцы, навуцы, галіне сельскай гаспадаркі і харчавання, прамысловасці, спорце… Значнасць маюць выказванні па пытаннях міжнароднай дзейнасці і знешняй палітыкі, выбудоўвання адносін з вядучымі дзяржавамі і іншымі краінамі. Вялікую ўвагу кіраўнік дзяржавы надаў сацыяльным пытанням, звязаным з фарміраваннем асобы, развіццём новых тэхналогій, асаблівым клопатам пра пенсіянераў і шматдзетныя сем’і. Як і раней, галоўны прыярытэт канцэпцыі нацыянальнага развіцця – устойлівы эканамічны рост і, як след, павышэнне дабрабыту народа.

Наша задача – не толькі захаваць, але і шматразова прымножыць здабыткі, пакінутыя бацькамі і дзядамі. Зроблена ўжо нямала. Толькі ў рамках Года малой радзімы мы праводзім суботнікі, азеляняем зямлю, упарадкоўваем яе. І вынікі ўжо відавочныя, бачная аддача ад укладзеных у развіццё роднага кутка часцінак душы! Госці Валожыншчыны прыкмячаюць яе дагледжанасць, добраўпарадкаванасць населеных пунктаў. Але і наперадзе яшчэ многа працы, асабліва напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў. Упэўнены, мы здолеем “прымусіць” іншаземцаў улюбіцца ў наш гасцінны край, прабудзіць жаданне прыязджаць сюды зноў і зноў.

 Віктар Зянонавіч ПАДГАЙСКІ,

начальнік ЦБП № 514 у г. Валожыне ААТ “Белаграпрамбанк”,

дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў па Валожынскай акрузе № 10:

– У сваім звароце Прэзідэнт закрануў розныя сферы жыццядзейнасці і вызначыў стратэгію развіцця на перспектыву. Былі акрэслены важныя прыярытэты: такія, як даходы насельніцтва, заработная плата, пытанні цэнаўтварэння. Закраналася тэматыка маладога пакалення, з якім асацыюецца ўсё самае прагрэсіўнае – тое, што можа зрабіць Беларусь моцнай і багатай. Знайшлося месца здароваму ладу жыцця, фізкультуры і спорту, прагучала ініцыятыва пра здаровыя гарады і пасёлкі, а таксама новы кірунак – стварэнне экарынкаў. Гэта цікавы праект, дзе прадугледжаны спартыўныя пляцоўкі, бяспечныя ўмовы жыцця, чыстае паветра, чыстая вада і нават ежа. Пагаджуся, здароўе – адзін з самых галоўных фактараў, ад якога залежыць якасць жыцця чалавека і магчымасць стваральна працаваць. Таму ў досыць напружаным рытме работы трэба абавязкова знаходзіць час для заняткаў спортам.

У пасланні была нададзена ўвага стварэнню новых высокапрадукцыйных рабочых месцаў, імпартазамяшчэнню. Сёння ў краіне існуюць дастойныя ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу: кожны смелы, ініцыятыўны і энергічны чалавек мае магчымасць адкрыць уласную справу і атрымаць падтрымку з боку дзяржавы. Так, у Белаграпрамбанка ёсць ільготныя рэсурсы за кошт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, дзякуючы чаму мы можам аказваць крэдытную падтрымку будучым і дзеючым прадпрымальнікам. За 2018 год была выдаткавана агульная сума 520 тысяч рублёў.

Прэзідэнт пастаянна падкрэсліваў, што самымі галоўнымі прыярытэтамі па-ранейшаму з’яўляюцца дабрабыт народа, міралюбівая знешняя палітыка і нацыянальная бяспека.

 Алена Іванаўна КЛАЧКО,

дырэктар ДУА “Гімназія № 1 г. Валожына”,

старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”:

– Сёлета мне пашчасціла ў ліку прадстаўнікоў “Белай Русі” асабіста прысутнічаць у Доме ўрада падчас выступлення Прэзідэнта. Утульная атмасфера Авальнай залы, барэльефы на калонах, якія нагадваюць пра гісторыю незалежнасці нашай дзяржавы, настройвалі на ўсвядомленае ўспрыманне і асэнсаванне пачутага. Эмацыянальнае выступленне Аляксандра Рыгоравіча рабіла ўражанне на прысутных, надавала ўпэўненасці ў шчырай і вялікай любові да Радзімы.

Адзін з напрамкаў работы нашага грамадскага аб’яднання – сацыяльная і дабрачынная дзейнасць. Але для яе патрэбны актыўныя члены – лідары. І, як правільна заўважыў кіраўнік краіны, нам неабходна сканцэнтраваць намаганні для прыцягнення маладых людзей у свае рады для рэалізацыі сацыяльных праектаў, забеспячэння стваральнай працы ў імя асабістага і грамадскага дабрабыту, захавання гісторыка-культурнай спадчыны. У далейшым гэта прывядзе да фарміравання нацыянальнай сацыяльна арыентаванай кіраўніцкай эліты. У краіне ёсць усе магчымасці для развіцця таленавітай моладзі. Важна, каб маладыя людзі не выязджалі, а развівалі свае магчымасці дома, у сябе на радзіме.

Спектр хвалюючых Прэзідэнта пытанняў шырокі і актуальны: стварэнне камфортнага жыцця ў кожным куточку краіны, цэнавая палітыка, даходы насельніцтва, дабрабыт грамадзян старэйшага ўзросту, падтрымка людзей з абмежаванымі магчымасцямі, вырашэнне канкрэтных праблем канкрэтнага чалавека.

 Наталля Паўлаўна НЯМКЕВІЧ,

першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”:

– Для інтэнсіўнага росту і развіцця ў чалавека павінна быць мэта: на пяць гадоў, на год, на месяц і нават на тыдзень. Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў, што ў беларускага народа таксама ёсць мэта. А штогадовае пасланне вызначае курс, як мы ідзём да гэтай мэты: дасягаем яе ці не, звяраемся з ёй ці не. І толькі такім чынам грамадства эфектыўна можа развівацца і яго чакае поспех.

Гісторыя краіны пачалася тысячагоддзі таму, але магла скончыцца ў саракавыя, калі б не гераізм нашага народа. Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму спадчыны, што ўдалося захаваць і прымножыць: гэта БеЛАЗ, МАЗ, МТЗ і іншыя.

Вельмі парадавала, што А. Р. Лукашэнка робіць стаўку на моладзь і хоча бачыць яе ў сістэме дзяржкіравання – асабліва з лідарскімі якасцямі, тых, хто жадае працаваць, у каго гараць вочы. І ў гэтым пытанні галоўная апора – грамадскія аб’яднанні, да якіх адносіцца і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Варта абапірацца на веды, інтэлект і смеласць маладых людзей – яны павінны адчуваць, што патрэбны сваёй краіне. Справядлівай была заўвага Аляксандра Рыгоравіча, што БРСМ – гэта аснова грамадства. Наша арганізацыя павінна быць на паўкрока наперадзе і ствараць якасны кантэнт, у тым ліку і ў СМІ, для таго, каб моладзь магла фарміраваць уласную грамадзянскую пазіцыю.

Пабудова ІТ-краіны: Прэзідэнт падкрэсліў, што у нас існуюць усе магчымасці для самага высокага развіцця. Але штучны інтэлект ніколі не заменіць чалавека. Чалавек і яго праца заўсёды будуць запатрабаваны!

 Наталля Паўлаўна ЛОЎЧАЯ,

першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі:

– Кожны тэзіс паслання знайшоў свайго адрасата: усе тэмы канкрэтызаваны праз адпаведныя даручэнні ўраду або дзяржаўным службовым асобам. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт надаў сацыяльным пытанням. Што сёння хвалюе беларусаў? Забеспячэнне працоўнымі месцамі, заработная плата, даступныя цэны на ўсе віды тавараў і паслуг. Важна, што былі закрануты пытанні, якія тычацца стану пенсіянераў і шматдзетных сем’яў.

2019 год праходзіць пад знакам клопату аб малой радзіме і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Абавязак кожнага грамадзяніна – зберагчы ўсё, што стварылі і захавалі продкі, якія змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А. Р. Лукашэнка падкрэсліў, што толькі самаадданай працай, вырашэннем эканамічных пытанняў, павышэннем дабрабыту людзей, забеспячэннем суверэнітэту Беларусі мы зможам гарантаваць бяспеку нашай дзяржавы. Усе разам, усведамляючы сваё нацыянальнае адзінства, павінны захаваць мір, спакойнае жыццё і падарыць гэта дзецям, унукам – пакаленням, якія прыйдуць пасля нас.

Гаворачы аб перспектывах развіцця краіны, кіраўнік дзяржавы не абышоў і тэму карэкціроўкі асноўнага закона – праца па падрыхтоўцы прапаноў аб магчымых змяненнях ідзе: Аляксандр Лукашэнка жадае чуць грамадскасць. Нашым Прэзідэнтам было прапанавана правесці выбары ў беларускі парламент у лістападзе бягучага года. Я, як першы сакратар райкама КПБ, хачу запэўніць, што члены нашай арганізацыі прымуць самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні гэтай важнай палітычнай падзеі.

 Вераніка Віктараўна ЗАГОРСКАЯ,

старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:

– У Пасланні кіраўніка краіны беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу агучаны значныя для кожнага чалавека пытанні. Кожны тэзіс знайшоў свайго адрасата. Прэзідэнт сказаў: “Адзін з галоўных прыярытэтаў – дабрабыт народа. Таму для нас важныя акцэнты – годная зарплата, рабочыя месцы. І калі ёсць новыя тэхналогіі і годныя ўмовы працы, то будзе добрая зарплата. Але пры гэтым трэба разумець, што зарплата павінна быць зароблена. Так што ўсё залежыць ад калектыву, кіраўніка арганізацыі ці прадпрыемства, ад самога чалавека, у якога павінна быць мэта – атрымаць ад жыцця больш сваёй працай”.

Таксама А. Р. Лукашэнка зрабіў акцэнт і на неабгрунтаваны рост цэн. У сувязі з гэтым Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Нацыянальны статыстычны камітэт да 15 мая створаць рабочую групу для маніторынгу цэн. Пры неабгрунтаваным росце цэн на прадукты група будзе інфармаваць пра выяўленыя факты зацікаўленыя органы. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі з 2017 года вядзе пастаянны маніторынг цэн на сацыяльна значныя катэгорыі тавараў і паслуг у 137 раённых цэнтрах і буйных гарадах. Аналізуецца ўвесь ланцужок фарміравання цаны ад вытворцы да спажыўца. Акрамя таго, федэрацыя накіравала ва ўрад прапанову з мэтай стварэння індывідуальнай дарожнай карты па развіцці праблемных раёнаў. Такіх у прафсаюзным спісе 22.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *