Улюбёныя ў Хрысце браты і сёстры, віншую вас з вялікай сусветнай радасцю Светлага Хрыстова Уваскрэсення!

З году ў год у квецені вясновых фарбаў прыходзіць на зямлю гэта светлае свята з усепераможным воклічам “Хрыстос Уваскрэс!”. Яно – яскравы напамінак пра вялікую любоў Бога да чалавека, што падарыў нам Гасподзь. Ён аддаў Сваё жыццё і праліў Сваю кроў на Крыж Перамогі – перамогі над смерцю і грахом. Крыж Хрыстовы будзе ўсім нам адвечным напамінам Яго вялікай і бясконцай Любові, якая можа і з бездані ўзняць, і з агню вынесці, каб кожны змог адчуць, што якой бы ні была вялікай Вера і благаславеннай Надзея, але Любоў – вышэй за ўсё. Трэба памятаць, што Бог – ёсць сама Любоў. Ён даў нам жыццё, прыняў за нас страшэнныя пакуты і не можа пакінуць, нават калі б і захацеў. Яму часта балюча за людзей, але пакуль у нас ёсць хоць крышачку добрапрыстойнасці і набожнасці, мы не застанёмся па-за раем, Стваральнік не пакіне Сваіх дзяцей. Станем і мы любіць не толькі сябе, а найперш усяго – Бога, нашага Творцу і Збавіцеля. І няхай яго Запаведзь Любві стане для кожнага тым паветрам, без якога немагчыма зрабіць ні адзінага ўздыху. І не будзе тады ў нашым жыцці тых падзей, што адбываюцца ў некаторых краінах, калі, іншы раз, ворагамі становяцца нават родныя па веры і крыві. Мы забываемся, што “ўсе мы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса” (Гал 3.26). Праваслаўная царква штодня напамінае нам аб тым, што толькі ў добрых і канкрэтных справах можна спасцігнуць таямніцу ахвярнай Хрыстовай Любві “таму што Хрыстос пакутаваў за нас і з’яўляецца для нас прыкладам, каб мы ішлі па слядах Яго” (I Пётр 2.21). Ён уваскрэс для таго, каб Велікоднае лікаванне было бясконцым не толькі ў нашым зямным, але і ў будучым жыцці. Уваскрэсенне ў любові Божай – вось мэта, вось найвышэйшы сэнс чалавечага жыцця.

У жыцці Рускай Царквы гэты год асаблівы, таму што 430 гадоў назад (1589 г.) яе духоўная магутнасць узрасла настолькі, што яна змагла ўвасобіць ідэю патрыяршага ўзначальвання, і першым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі стаў Мітрапаліт Маскоўскі Іоў. Так Царква паднялася на новую, вышэйшую прыступку ў служэнні свайму народу. Таксама спаўняецца 30 гадоў новым адносінам Царквы і дзяржавы. У Беларусі ў кастрычніку 1989 года былі адроджаны Полацкая, Магілёўская і Пінская епархіі, аднавіла сваю дзейнасць Мінская Духоўная семінарыя, каб сеяць разумнае, добрае, вечнае.

Не бойцеся адкрыць Уваскрэсламу Хрысту свае сэрцы. Упусцім Яго туды ахвотна і радасна. Няхай застанецца ў іх назаўсёды, каб мы былі вартымі называцца дзецьмі Божымі і жыць так, як наказаў нам Айцец Нябесны. Толькі з ім мы будзем сапраўды шчаслівымі. Ён — наша дарога і праўда, вера і надзея, у Ім — крыніца радасці і сэнс жыцця.

Захаваем жа сваю ўпэўненасць у тым, што якія б складанасці не сустракаліся на жыццёвым шляху ці шляху дзяржавы, Выратавальнік не пакіне і будзе заўжды з намі, як і абяцаў. Неабходна чуць Бога ў Запаведзях Яго, і Ён пачуе нас у нашых малітвах.

У светлы дзень Пасхі Гасподняй малітоўна жадаю ўсім вам найвялікшай радасці — узаемнай любові і яднання ў Хрысце, Які перамог смерць і ўваскрэс. Няхай у вашых сем’ях заўсёды пануюць любоў, разуменне і ўзаемапавага, а ў душах – неўміручая пасхальная радасць. І няхай гэта радасць умацоўвае ў вашых сэрцах веру, надзею і любоў як да Бога, так і да ўсіх людзей, якія вакол нас. Няхай у кожным доме, у кожнай сям’і галоўным гаспадаром і дарадчыкам будзе Бог. Няхай будуць атулены цеплынёй і пяшчотай дзеці, старыя бацькі, няхай ніколі не будзе канфліктаў паміж братамі, суседзямі, калегамі. Няхай заўсёды з усімі намі будзе Уваскрэслы Хрыстос і Яго Святое благаславенне.

Са Святам вас, мае дарагія, са Светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем!

Хрыстос Уваскрэс!

Сапраўды Уваскрэс!

З Божым благаславеннем –

Благачынны Валожынскай акругі,

настаяцель прыхода Святых Роўнаапостальных цара Канстанціна і царыцы Алены ў Валожыне протаіерэй Дзмітрый АГІЕВІЧ

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars