Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

“Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця: у будучыню – з надзеяй” – сацыяльна-творчая праграма з такой назвай у 33-і раз прайшла напярэдадні чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС па раёнах Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Наш Івянец традыцыйна стаў заключным этапам гэтага творчага марафону.

15 красавіка шматлюдна было ў гарпасялковым Доме культуры. Уваход на канцэрт зрабілі бясплатным. Перад івянчанамі выступалі лаўрэаты і дыпламанты міжнародных і нацыянальных конкурсаў, спевакі і музыканты, а таксама вядомы фальклорны гурт “Гуляй, Бульбаш!”. Мастацкім кіраўніком праграмы быў артыст беларускай эстрады Дзмітрый Шуканаў. Як роднага чалавека віталі жыхары пасёлка нязменнага каардынатара праекта Кацярыну Копелеву. А перад канцэртам госці далі майстар-клас па вакальна-інструментальным майстэрстве для выхаванцаў мясцовай дзіцячай школы мастацтваў. Удзельнікамі яго сталі баяніст Антон Цяльцоў, дамрыстка Наталля Змітровіч і кларнетыст Андрэй Дзяргай.

Тыдзень лесу ў нашым раёне 13 красавіка адкрылі кіраўнікі нацыянальных дыяспар, якія пражываюць на тэрыторыі Міншчыны. Усяго сабралася каля 15 прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў пад эгідай Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

На тэрыторыі Івянецкага лясніцтва, непадалёк ад вёскі Падневічы, госці разам з прадстаўнікамі Івянецкага аддзела “Саюз палякаў на Беларусі” высадзілі маладыя сасонкі. Пасля працы быў абед на свежым паветры. На імправізаваны стол выставілі стравы нацыянальных кухняў многіх народаў, што ў ладзе і згодзе жывуць у нашай вобласці, пра разнасолы госці паклапаціліся загадзя.

Пасля раённага і рэгіянальнага этапаў Рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Кроч за марай!”, прысвечанага II Еўрапейскім гульням, на абласным этапе наш раён прадстаўлялі 22 работы юных творцаў. У пераважнай большасці гэта была разнастайная сувенірная прадукцыя.

На абласной выставе можна было ўбачыць работы вучняў Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната, гімназіі № 1 і СШ № 1 райцэнтра, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Яршэвіцкай, Гародзькаўскай сярэдніх школ. Адразу 13 работ прадстаўлялі Івянецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Як стала вядома, тры работы івянчан адабраны на рэспубліканскі этап конкурсу.

Напярэдадні гадавіны Чарнобыльскай аварыі ў мінскай гасцініцы “Арбіта” па ініцыятыве абласной ветэранскай арганізацыі адбылася сустрэча ліквідатараў з Паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі.

Сярод ста чалавек былі і прадстаўнікі нашага раёна разам са старшынёй Савета ветэранаў Рыгорам Русакевічам. Уладзімір Сцерахаў, Рыгор Рубацкі і Уладзімір Мачульскі ў розны час прымалі ўдзел у ліквідацыі паследкаў аварыі на АЭС. Спадар пасол падзякаваў гэтым мужным людзям за тое, што яны годна выконвалі свой абавязак, рызыкавалі здароўем і нават жыццём. Перад героямі Чарнобылю з канцэртнай праграмай выступілі калектывы мастацкай самадзейнасці Міншчыны. Кожны з прысутных атрымаў чэк на 100 рублёў, які павінен атаварыць на працягу трох месяцаў у сталічным магазіне ЦУМ.

З 24 красавіка па 2 мая ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” праходзіць 47-ы абласны злёт атрадаў юных інспектараў дарожнага руху. Профільная змена называецца “Маршрутамі бяспекі”.

Наш раён прадставіць зводны атрад, у склад якога ўвайшлі юідаўцы гімназіі № 1, СШ № 1 і СШ № 2 райцэнтра. Суправаджаць іх будзе педагог дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі І. Г. Міхеткін. Наперадзе ў рабят не толькі адпачынак, але і розныя выпрабаванні. Яны падрыхтавалі выступленне агітбрыгады “Святлафор”, прадэманструюць веды Правіл дарожнага руху, паспрачаюцца ў фігурным ваджэнні веласіпеда, пакажуць навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі.

З нагоды святкавання 25-годдзя кампаніі Цэптар у Беларусі ў Валожын прыехалі яе прадстаўнікі з Мінска.

На сустрэчу, арганізаваную прадстаўніком кампаніі ў нашым горадзе Н. Пракопчык, прыйшлі каля 50 жыхароў не толькі з Валожына. Большасць з іх на працягу многіх гадоў маюць у сваіх дамах і кватэрах тавары, якія прапануе Цэптар. Але былі і навічкі. Прысутных пазнаёмілі з навінкамі, распрацаванымі кампаніяй, прыгатавалі новыя стравы. Найбольшая цікавасць была да святлотэрапіі – апарату біяптрон. Карыстальнікі станоўча ацанілі беспрацэнтную растэрміноўку плацяжоў, якая з’явілася параўнальна нядаўна. Кіраўніцтва адзначыла добрую арганізацыю мерапрыемства і добразычлівасць кліентаў.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars