«Стаiць на пагорках наш горад Валожын!» Да 90-годдзя прысваення мястэчку Валожын статусу горада

Культура

Паміж гнуткіх ялін і асілкаў дубоў,

Паміж купаў балот і квяцістых лугоў,

Дзе думкам прывольна, душы так прыгожа,

Стаіць на пагорках наш горад Валожын.

Наталля ЖЫЛЕВІЧ

На працягу многіх стагоддзяў стаіць наш горад на пагорках і нізінах і прыгажэе з кожным годам. Спачатку гэта было маленькае паселішча, пасля – мястэчка, якое з цягам часу набыло сусветную вядомасць.

У XVI-XVIII стагоддзях Валожын знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай. З 1795 года стаў належаць Расійскай імперыі. У XIX-пачатку XX стагоддзя – мястэчка Ашмянскага павета Віленскай губерні. Пасля Першай сусветнай вайны Валожын увайшоў у склад Польшчы. Габрэі тады складалі значную частку насельніцтва: так, у 1921 годзе іх колькасць адпавядала 46 працэнтам.

12 снежня 1920 года Валожын стаў цэнтрам павета. Мясцовай адміністрацыяй кіраваў стараста, які назначаўся міністрам унутраных спраў і падпарадкоўваўся ваяводзе. У гэты перыяд граф Міхаіл Тышкевіч прадае свой палаца-паркавы комплекс. Польскі ўрад размяшчае тут корпус аховы пагранічча. Кажуць, што побач у класічным стылі быў узведзены адміністрацыйны будынак павятовага кіравання. Але супрацоўнікі музея адшукалі адлюстраванне былой графскай аранжарэі 1914 года. Гэта даказвае, што пры польскай уладзе будынак быў дабудаваны і набыў больш сучасны выгляд.

Valozyn, Tyskevic. Валожын, Тышкевіч (1914).

У 1924 годзе ўрад Польшчы прыняў рашэнне аб будаўніцтве адміністрацыйных будынкаў і дамоў катэджнага тыпу. Жыхары больш сталага ўзросту памятаюць такія дамы па вуліцы Горкага. Вось які выгляд мела гэта забудова ў той час.

Вуліца Дамкі, або Калонія (1920-1939). Цяпер вуліца Горкага.

У 1926 годзе ў Валожыне была адкрыта польская сямігадовая школа, бальнічны гарадок. У будынку былой сямігодкі цяпер знаходзіцца дзіцячы сад № 2 “Вясёлка”.

26 красавіка 1929 года Савет Міністраў Польшчы прыняў Пастанову № 309 аб утварэнні горада Валожына, куды ўвайшло само мястэчка і бліжэйшыя вёскі: Келевічы, Паніззе, Еўлашы, Вялікія і Малыя Бандары.

309 Пастанова Савета Міністраў Польшчы аб утварэнні горада Валожына

Супрацоўнікам Валожынскага краязнаўчага музея ўдалося папрацаваць з арыгіналам гэтага дакумента ў Занальным дзяржаўным архіве г. Маладзечна. Сёлета 26 красавіка спаўняецца 90 гадоў, як наш Валожын атрымаў статус горада.

Жыхарам Валожына будзе цікава ведаць, што вуліцу, якая пачынаецца з паўночна-заходняга боку плошчы і ідзе на поўнач, называлі Бандароўскай (цяпер вуліца Кірава). За мастом яе працяг называлі Бандары. А вось вуліцу, што ў гэтым месцы пайшла ў левы бок, раней называлі Бандароўскай вулачкай, або Малыя Бандары. Цяпер яна носіць імя беларускага класіка Янкі Купалы.

З паўднёва-заходняга боку плошчы пачынаецца вуліца, якая ідзе на поўдзень. Яшчэ да Першай сусветнай вайны яна не была вуліцай, а ўяўляла сабой дарогу, што вяла ў вёску Келевічы. У польскі час гэта дарога сумесна з вёскай стала насіць назву Садовая. Сёння жыхарам горада яна вядома як вуліца Беларуская.

Паралельна вуліцы Беларускай размешчана другая, якая пры паляках афіцыйна насіла назву Навагрудская. Вуліца, што цягнецца ад вакзала і па гару Міхала, была Зарэцкая (бо знаходзілася за ракой Валожынкай). Далей ішла вёска Паніззе, а вуліца па ёй называлася Паніжонскай. Пасля вайны яна стала насіць імя Леніна.

Згодна з Пастановай № 309, да Валожына былі далучаны Еўлашы. Вуліца Еўлашоўская (Дубінская) перасякала рэчку без назвы, якая з’яўляецца правым прытокам Валожынкі. Па гэтай вуліцы бліжэй да цэнтра жылі габрэі. Далей размяшчаліся будынкі простых сялян. Сялянскія хаты належалі вёсцы Еўлашы. Сёння гэта вуліца Кастрычніцкая.

6 ліпеня 1929 года прайшлі першыя выбары ў гарадскую раду, у якую ўвайшлі 3 палякі, 6 беларусаў і 3 габрэі. Выбары ў магістрат адбыліся 28 ліпеня гэтага ж года. У гарадскую ўправу былі выбраны 2 палякі і 2 беларусы. Бургамістрам абраны Станіслаў Швед (капітан рэзерву польскай арміі), які да ўтварэння горада быў часовым урадавым камісарам мястэчка.

У будынку, дзе цяпер знаходзіцца краязнаўчы музей, і жыла сям’я бургамістра да 1939 года. Дом пабудаваны па праекце архітэктара Ежы Бэйла. Будынак, які захаваўся ў аўтэнтычным стылі, і сёння прываблівае позірк.

 

Якім жа быў наш Валожын у 20-30-я гады XX стагоддзя?

Мнагалюдна і шумна было ў цэнтры Валожына ў нядзелю і чацвер. Тут праходзілі таргі. Пяць разоў у год ладзіліся кірмашы па продажы свойскай жывёлы і прадуктаў сельскай гаспадаркі.

Цэнтр мястэчка Валожын. Рыначная плошча.

Паўднёва-заходняя частка Базарнай плошчы ў Валожыне, 30-я гады XX ст.

Вельмі цікавую інфармацыю ўдалося адшукаць у Занальным дзяржаўным архіве пра наяўнасць гандлёвых, прамысловых і іншых аб’ектаў Валожына, а таксама іх уладальнікаў у гэты перыяд. Дадзеныя звесткі змешчаны ў дакуменце, які называецца “Spis Miejscowosci” (Спіс мясцовасці, 1927 г.):

Валожын – гэта месца цуднае.

Ёсць два гатэлі, але абодва Брудныя.

Адзін бурмістр, і той Швед.

Адзін Поляк, і той жыд.

Гэта прыпеўка мае ёмкае значэнне. Месца – горад, Брудныя – прозвішчы гаспадароў гатэляў, Швед – прозвішча бургамістра, а Поляк – уладальнік электрастанцыі, млына, тартака, кінатэатра, сукнавальні ў Валожыне. Цікавыя людзі, цікавыя і трагічныя іх лёсы.

У наступных артыкулах чытачы раённай газет юдзей, якія тут жылі ў той перыяд. Як яны ладзілі свой быт, вялі гаспадарку, уносілі пасільны ўклад у эканамічнае развіццё даваеннага Валожына.

Ніна БОБРЫК,

навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *