Прыйшла субота — ладзiцца работа!

Общество

У рэспубліканскім суботніку, які прайшоў на Валожыншчыне ў мінулыя выхадныя, прынялі ўдзел 6668 чалавек. А на разліковы рахунак BY73AKBB36410605008006000000, адкрыты ў ЦБУ № 605 філіяла № 500 Мінскага ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» (БІК AKBBBY21500, УНП 600013742) райвыканкамам, паступіла 29 тысяч 482 рублі грашовых сродкаў, заробленых сумеснымі намаганнямі жыхароў нашай малой радзімы. Гэтыя фінансы пазней накіруюць на рахунак Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, і ў далейшым яны пойдуць на добрыя справы і рэалізацыю разумных ініцыятыў. Але галоўнае, што ў час суботніка яго ўдзельнікам удалося сапраўды відавочна ўпрыгожыць наш край, зрабіць яго нашмат больш чыстым і зялёным. Гэта тычыцца не толькі тэрыторый арганізацый, дзе працавалі іх работнікі, але і агульнаграмадскіх месцаў, прыдарожных палос, помнікаў ахвярам вайны і г. д.

Кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта на чале з Мікалаем Анатольевічам Астрэйкам з самага ранку выехалі на тэрыторыю Дорскага сельсавета. На цэнтральнай сядзібе і ў яе ваколіцах працы хапіла ўсім. Пакуль старшыня райвыканкама і яго каманда наводзілі парадак каля мемарыяльнага комплексу і фарбавалі дэкаратыўную агароджу, іншым таксама работа знайшлася. Работнікі школы займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі ўстановы адукацыі. Грамадскасць выйшла фарбаваць агароджу ўздоўж уязной дарогі ў аграгарадок. Людна было і на хутары Лапіцы, дзе ўзведзены мемарыял у памяць ахвярам вайны: работнікі раённага Цэнтра культуры і краязнаўчага музея вычышчалі помнае месца ад расліннасці і мінулагодняй лістоты, высаджвалі дрэвы. У Пяршаях таксама кіпела работа – «асвяжаўся» знешні выгляд агароджы ўздоўж цэнтральнай вуліцы, рупіліся работнікі мясцовай установы адукацыі.

У самім райцэнтры таксама віравала маштабная справа. Акрамя таго, што работнікі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў абнавілі афарбоўку платоў па асноўных вуліцах горада, былі ачышчаны ад лісця, ламачча і смецця схілы гарадскога парку. Тэхніка пасля яшчэ некалькі дзён звозіла рэшткі высілкаў працоўнага дэсанту. У мікрараёне Сельгастэхніка ўпарадкавалі помнік і блізляжачую тэрыторыю.

А завяршыўся рэспубліканскі суботнік своеасаблівай акцыяй: старшыня райвыканкама, яго намеснікі, кіраўнікі службаў і ведамстваў паблізу СШ № 2 пасадзілі алею ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 Падчас рэспубліканскага суботніка старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА, яго намеснікі, кіраўнік дэпутацкага корпуса Валожыншчыны Пётр Іосіфавіч БІБІК, прадстаўнікі раённай вертыкалі ўлады і іншыя добраахвотнікі ўдзельнічалі ва ўпарадкаванні мемарыяльнага комплексу ў Дорах, а затым каля СШ № 2 г. Валожына заклалі алею ў гонар 75-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цяпер на нядаўняй зялёнай зоне цягнуцца да сонца сімвалічныя 75 саджанцаў дрэў лісцевых парод.

 

 Дэпутаты ў рамках суботніка таксама працавалі ўдарнымі тэмпамі: дзякуючы іх старанню на вуліцах Гагарына, Беларускай, Чапаева і Набярэжнай райцэнтра высаджана больш за 300 маладых дрэўцаў.

 

Работнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме, аддзелаў райвыканкама, службаў і ведамстваў працавалі над добраўпарадкаваннем гарадскога парку. Шчыравалі яны доўга, але вынікова.

 

Хутар Лапіцы. Парадак на гэтым помным месцы наводзілі работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама яго структурных падраздзяленняў.

 

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *