Неўмiручая традыцыя

Добрай традыцыі – праводзіць напрыканцы красавіка суботнік – сёлета споўнілася роўна 100 гадоў. Жыхары раёна ніколі не ўхіляліся ад гэтага мерапрыемства. Вось і ў мінулую суботу людзі актыўна папрацавалі, каб наш родны край стаў яшчэ больш прыгожым і ўтульным. Аб тым, які след пакінуў у памяці рэспубліканскі суботнік, падзяліліся некаторыя яго ўдзельнікі.

 Анатоль АЛІЕЎ, юрысконсульт РУП “Валожынскі жылкамунгас”:

– Не памылюся, калі скажу, што суботнік для камунальнікаў – асаблівая адказнасць. Мы не толькі самі ўдзельнічаем, але і арганізоўваем “фронт” работ прадстаўнікам бюджэтных арганізацый: забяспечваем інвентаром, фарбай, падганяем тэхніку. Суботнік быў спланаваны загадзя, і ўсё прайшло гладка.

Хрысціна КОСІК,

галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў

і аховы навакольнага асяроддзя:

– Наша інспекцыя працавала ў поўным складзе: фарбавалі агароджу па вуліцы Савецкай, высаджвалі дрэвы каля СШ № 2. Рэспубліканскі суботнік сёлета прайшоў у рамках месячніка па навядзенні парадку на зямлі і стаў своеасаблівым фінальным акордам. Прыемна, што папрыгажэлі не толькі гарады і вёскі, але і пазбавіліся ад смецця лясы, берагі вадаёмаў.

 Ганна КАНАНОВІЧ,

спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі:

– Сёлета наш аддзел узяў на сябе клопат пра многія аб’екты горада і раёна. Прыемна, што ўдзел у суботніку прынялі ўсе 36 членаў пярвічкі ГА “Белая Русь”. Мы прыводзілі ў парадак сквер каля гасцініцы “Карона”, месцы масавага адпачынку. Асабліва пастараліся на хутары Лапіцы, дзе на магіле ахвярам фашызму ўстаноўлены помнік.

Генадзь КАСПЯРОВІЧ,

кіраўнік ААТ “Агра-Дубінское”:

– Канчатковыя вынікі суботніка ў нашай гаспадарцы яшчэ не падведзены, але магу з упэўненасцю сказаць, што прайшло мерапрыемства на ўра. Заробленыя сродкі будуць пералічаны на дзяржаўны рахунак. Працоўныя дэсанты займаліся зборам камянёў на палях, навядзеннем парадку на мехдвары, аб’ектах жывёлагадоўлі. Не пакінуты без догляду і вуліцы нашых вёсак.

Святлана РАКАВЕЦ,

галоўны спецыяліст аддзела занятасці УПЗіСАН:

– Пасля суботніка райцэнтр відавочна папрыгажэў. Разам з калегамі мы таксама ўнеслі сваю лепту – прывялі ў парадак зялёную зону насупраць гімназіі. Работа на свежым паветры прынесла шмат станоўчых эмоцый. Найперш ад таго, што мы любім наш горад, клапоцімся пра яго і не ўхіляемся ад працы на яго карысць.

 Дзмітрый ГАСПАРЭВІЧ,

заўгас райвыканкама:

– Нават тое цудоўнае надвор’е, якое выпала на суботу, натхняла людзей на стваральную працу. Частку выкананай работы можна было ацаніць ужо адразу: вуліцы пазбавіліся ад пяску, газоны і зялёныя зоны чыста прыбраны, новымі фарбамі зазіхацелі агароджы. А пройдзе некалькі гадоў – і зашумяць густымі кронамі высаджаныя дрэвы…

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars