Наступствы катастрофы

Культура

26 красавіка 1986 года на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі прагрымеў выбух. У навакольнае асяроддзе была выкінута велізарная колькасць вельмі небяспечных радыеактыўных рэчываў – ізатопы ўрану, плутонію, цэзію і стронцыю. Вялікая колькасць хімічных ападкаў выпала на землях Беларускай ССР. На забруджанай тэрыторыі Беларусі ў 1986 годзе пражывала 2,2 млн чалавек. У выніку аварыі 18 сельсаветаў Валожынскага раёна – 163 населеныя пункты – аказаліся забруджанымі радыяцыяй, больш за ўсіх пацярпелі Пяршаі і Івянец. Зараз у зоне радыеактыўнага забруджвання раёна знаходзяцца 32 населеныя пункты ў 4 сельсаветах.

У выніку натуральнага распаду радыенуклідаў колькасць забруджаных населеных пунктаў на Валожыншчыне зменшылася з 163 да 32. Дзякуючы ўнясенню мінеральных угнаенняў, пастаяннаму кантролю за радыяцыйным фонам і за колькасцю радыенуклідаў у прадуктах харчавання, сталі зніжацца ўзроўні забруджвання малака. Колькасць радыенуклідаў у лясных грыбах, ягадах і дзічыне да гэтага часу застаецца недапушчальнай. Узровень забруджвання рэк і большасці азёр у цяперашні час нізкі, аднак у некаторых замкнутых азёрах канцэнтрацыя цэзію ў вадзе і рыбе яшчэ на працягу дзесяцігоддзяў можа прадстаўляць небяспеку. Людзі падвяргаюцца знешняму і ўнутранаму апрамяненню ад доўгажывучых радыенуклідаў, перыяд паўраспаду якіх складае 30 гадоў. Стронцый і цэзій хімічна вельмі актыўныя. Пасля таго, як з дажджамі яны трапляюць на паверхню, адбываецца іх уключэнне ў біялагічны цыкл: назапашванне ў зямлі і траве.

Так, колькасць цэзію-137 у лясных ягадах з Івянецкага лясніцтва (пас. Першамайскі) сустракалася да 1000 БК/кг (дапушчальны ўзровень – 185 БК/кг), у Вішнеўскім лясніцтве (в. Буні і в. Шуловічы) – да 200 БК/кг. Найбольш забруджаныя грыбы – у Івянецкім лясніцтве (ад 300 да 14154 БК/кг пры дапушчальным узроўні 370 БК/кг), у Вішнеўскім, Румскім і Багданаўскім лясніцтвах – 1000-1500 БК/кг у свежых грыбах. Перавышэння дапушчальных узроўняў у мясе з прыватнага і вытворчага сектара не было, чаго нельга сказаць пра мяса дзікіх жывёл. Перавышэнні дасягалі 10 разоў.

Насельніцтва з кожным годам стала ўсё радзей правяраць сабраныя лясныя дары на ўтрыманне радыенуклідаў. А між тым, ад 7 да 16% дзікарослай прадукцыі бывае з перавышэннем дапушчальных узроўняў утрымання радыенуклідаў. Ад 13 да 40% проб мяса дзікіх жывёл таксама не адпавядае гігіенічным нарматывам.

Знізіць радыеактыўнасць раслінных прадуктаў можна іх тэхналагічнай і кулінарнай перапрацоўкай. Напрыклад, пры чыстцы бульбы і буракоў з лупінамі выдаляецца да 40% радыенуклідаў. Пры варэнні ў ваду пераходзіць ад 50 да 85% цэзію. Адзін са спосабаў перашкодзіць пераходу радыенуклідаў з глебы ў расліны – вапнаванне кіслых глеб, прымяненне арганічных, фосфарных, калійных угнаенняў. Станоўчы эфект аказваюць павольна дзейсныя ўгнаенні карбаміду і сульфату амонію з дадаткамі гуматаў.

Спецыялістамі «Валожынскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі» праводзіцца ацэнка радыяцыйна-гігіенічнай сітуацыі на тэрыторыі раёна: адбор проб малака, агародніны з населеных пунктаў з перыядычным радыяцыйным кантролем, прадукцыі вытворчага сектара і даследаванне іх на ўтрыманне цэзію-137. У 2018 годзе даследаванне выявіла перавышэнне ГН 10-117-99 у чарніц і грыбоў з Налібоцкай пушчы. Пробы малака і гародніны з прыватнага сектара ў Пяршаях не паказалі перавышэнняў.

Каб абмежаваць апраменьванне насельніцтва з прыродных крыніц, праводзіцца кантроль магутнасці дозы гама-выпраменьвання на зямлі, дзе ўводзяцца ў эксплуатацыю жылыя і грамадскія будынкі, правяраюцца зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва. Ажыццяўляецца кантроль выканання санітарных норм і правіл будаўнічымі арганізацыямі. Усяго ў 2018 годзе замеры зроблены на 22 аб’ектах. Кантроль эквівалентнай раўнаважнай аб’ёмнай актыўнасці ізатопаў радону праведзены на 3 аб’ектах пры прыёмцы іх у эксплуатацыю і на 4 аб’ектах у эксплуатацыі (установы адукацыі раёна). Перавышэнняў не ўстаноўлена.

Радыялагічная лабараторыя цэнтра гігіены і эпідэміялогіі працуе штодня (акрамя выхадных). Даследаванні харчовых прадуктаў для ўласных патрэб праводзяцца бясплатна.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *