Адкрыты дыялог з бацькамi

Общество

На Міншчыне прайшоў XII абласны бацькоўскі сход “Бяспека дзяцей – адказнасць дарослых”. У гэты дзень больш за 200 прадстаўнікоў бацькоўскай грамадскасці Валожыншчыны сабраліся ў раённым Цэнтры культуры. У фае для гасцей былі аформлены тэматычныя выставы па пытаннях бяспекі непаўналетніх.

У сустрэчы прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама І. У. Шакун. Для канструктыўнага дыялогу былі запрошаны дасведчаныя эксперты. Вяла сход дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра С. І. Мучынская.

Кожны з выступоўцаў у рамках сваёй кампетэнцыі канкрэтна, даступна і добразычліва расказаў пра хвалюючыя пытанні, што датычацца бяспекі дзяцей. Статыстыка няўмольна сведчыць: непаўналетнія гінуць на дарогах, на пажарах, прычыняюць шкоду сваім здароўю і жыццю, учыняюць злачынствы і самі становяцца іх ахвярамі, забіваюць і траўміруюць іншых, адзначаецца агрэсія, з якой яны не ўмеюць спраўляцца. Спецыялісты разам з бацькамі пастараліся разабрацца ў існуючых праблемах і знайсці іх прычыны.

Тэму бяспекі ў школе падняла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Т. М. Крыкала. Яна расказала, што дзяржавай пастаўлена задача прыняць меры па выпрацоўцы адзіных падыходаў у рабоце ўсіх устаноў адукацыі па забеспячэнні бяспечных умоў знаходжання ў іх дзяцей. З гэтай нагоды прыняты шэраг нарматыўных дакументаў. Таццяна Мікалаеўна распавяла, што ў дадзеным кірунку рэалізавана на Валожыншчыне. 29 устаноў адукацыі раёна абсталяваны сістэмамі відэаназірання, аўтаматычнымі пажарнымі апавяшчальнікамі, усюды ажыццяўляецца прапускны рэжым. У Івянецкай СШ працуе аўтаматычная сістэма пропуску, у гарадскіх установах плануецца ўстаноўка дадатковых відэакамер для назірання па перыметры тэрыторыі. Усюды пакладзены штучныя няроўнасці, устаноўлены дарожныя знакі, турнікеты, што агароджваюць выхад дзятвы на праезную частку, каля васьмі ўстаноў створаны гасцявыя аўтастаянкі. Таксама дзейнічаюць трывожныя кнопкі з вывадам на пульт Дэпартамента аховы. Рабят вучаць навыкам бяспечных паводзін. На базе СШ № 2 працуе інавацыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці.

Педагог-псіхолаг раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Т. І. Доўнар-Слізкая звярнула ўвагу на псіхалагічныя аспекты падлеткавага перыяду, закранула праблему крызісу адносін паміж дзецьмі і бацькамі, дала рэкамендацыі па фарміраванні ў рабят жыццесцвярджальных установак.

Праблему дзіцячага траўматызму падняла ўрач Валожынскай ЦРБ А. У. Гарбачэўская. Яна расказала пра метады і формы прафілактыкі гібелі і траўміравання непаўналетніх.

Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Д. А. Вяроўчык закрануў пытанне падлеткавай злачыннасці на тэрыторыі раёна і паведаміў пра прававыя аспекты адказнасці непаўналетніх і іх бацькоў за ўчыненыя супрацьпраўныя дзеянні. Ён адзначыў, што ў краіне вялікая ўвага надаецца прафілактыцы злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх. За апошнія 5 гадоў колькасць выпадкаў педафіліі ўзрасла ў шмат разоў, а за кожным з іх стаіць лёс дзіцяці ад 3 да 15 гадоў. Не менш хвалюе і становішча з падлеткавай наркаманіяй. Не застаюцца па-за ўвагай работнікаў РАУС пытанні гібелі дзяцей у дарожна-транспартных здарэннях і распіцця спіртных напіткаў непаўналетнімі.

Пра небяспеку, якая падпільноўвае падрастаючае пакаленне ў інтэрнэце, распавяла Святлана Іванаўна Мучынская. Праблемы гібелі і траўміравання непаўналетніх на пажарах і на вадзе паднялі намеснік начальніка Валожынскага РАНС П. Г. Тарасевіч і старшыня раённай арганізацыі ТВВОД І. М. Сухадолец. Яны засяродзілі ўвагу прысутных на пытаннях прафілактыкі і адказнасці дарослых за бяспеку сваіх сыноў і дачок.

Ігар Уладзіміравіч Шакун заўважыў, што райвыканкам трымае на пастаянным кантролі пытанне бяспекі дзяцей ва ўстановах адукацыі. Актуальнай з’яўляецца праблема траўміравання дзяцей на ўроках фізкультуры. Валожынскай ЦРБ даручана выявіць прычыны такога становішча.

На працягу схода працаваў «адкрыты мікрафон», прысутныя мелі магчымасць задаць хвалюючыя іх пытанні экспертам. Мерапрыемства ўяўляла сабой сустрэчу нераўнадушных людзей.

На заканчэнні форуму прагучалі словы падзякі бацькам за адказныя адносіны да выхавання сваіх дзяцей. Чатырнаццаць сем’яў атрымалі Падзякі начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама за садзейнічанне ў стварэнні ўмоў для выхавання, развіцця і навучання дзяцей, актыўную жыццёвую пазіцыю, супрацоўніцтва з установамі адукацыі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *