Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Абласны конкурс “Малады дырэктар” праводзіцца раз у тры гады. Сёлета ў ім прымалі ўдзел 23 дырэктары ўстаноў адукацыі Міншчыны. Наш раён прадстаўляла дырэктар Ракаўскай сярэдняй школы Ганна Генадзьеўна Віктаровіч, якая ўзначальвае педагагічны калектыў з 2014 года.

Па ўмовах конкурсу ўдзельнікі павінны былі прадставіць праграму развіцця ўстановы адукацыі і відэакейс “Я – дырэктар!”. Далей відэакейсы былі выстаўлены на адкрытае дыстанцыйнае галасаванне ў сацыяльных сетках. З усіх удзельнікаў у фінал прайшлі толькі пяць маладых кіраўнікоў. Наша Ганна Генадзьеўна па рэйтынгу заняла дзявятае месца. Трапіць у дзясятку мацнейшых сярод сваіх калег – таксама ўдача і высокая адзнака журы. А вось за відэакейс, прадстаўлены Г. Г. Віктаровіч, прагаласавала большая колькасць удзельнікаў прагляду, і ён атрымаў прыз глядацкіх сімпатый. А сама дырэктар узнагароджана грашовым сертыфікатам Мінскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 райцэнтра Н. С. Панкратава запрасіла на літаратурна-пазнавальную сустрэчу з вучнямі “Па сцяжынках роднага краю” членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” М. Шакун і А. Кулака на чале з кіраўніком В. Гіруць-Русакевіч.

Вучні сярэдняга звяна з цікавасцю “падарожнічалі” па літаратурных мясцінах Валожыншчыны, слухалі аповед пра майстроў слова, чые імёны звязаны з нашым раёнам. Потым госці пазнаёмілі школьнікаў са сваімі вершамі, мноства з якіх прысвечаны менавіта роднаму краю, дзе нарадзіліся, выраслі, працавалі і працуюць.

Адным радком у нашай газеце прайшло паведамленне, што відэаролік “Твой шанц”, зняты вучням Мінскага абласнога ліцэя Антонам Філіповічам пад кіраўніцтвам настаўніцы Вольгі Койра пра гадаванцаў прытулку для бяздомных сабак, што ў вёсцы Алешчаняты, прыняў удзел у Х фестывалі экраннай культуры “Чалавечае кіно-2019” у Навасібірску. За 2 хвіліны яны здолелі прадэманстраваць дабро, любоў людзей і іх клопат. Расказ вёўся ад імя сляпога сабакі Сэфа.

Днямі стала вядома, што сацыяльны ролік “Твой шанц” выйграў прыз глядацкіх сімпатый і атрымаў дыплом. У яго на той момант было больш за тысячу праглядаў, у той час як у роліка-пераможцы па рашэні журы – 294. Усяго на спецконкурс “Пра чалавека за тры дні” было даслана 7 ролікаў. Дарэчы, Антон Філіповіч вучыцца ў 10 “А” класе фізіка-матэматычнай накіраванасці абласнога ліцэя. Намінантам дадзенага фестывалю быў яшчэ і дакументальны фільм юнака пад назвай “Адраджэнне”. Ён расказваў пра моцную духам дзяўчыну, якая здолела справіцца са сваімі праблемамі. Таленавітага вучня заўважыла настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Койра, і ў іх атрымўся выдатны тандэм. Вольга пачынала свой працоўны шлях у роднай Івянецкай СШ, адкуль перайшла працаваць у ліцэй.

У Валожыне прайшлі занальныя спаборніцтвы па настольным тэнісе ў рамках абласной спартакіяды сярод дзяцей і падлеткаў, якія займаюцца ў групах і секцыях фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай накіраванасці па месцы жыхарства. Гэта былі камандныя спаборніцтвы сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 2005-2007 гадоў нараджэння.

Нашу зону прадстаўлялі каманды Валожынскага, Маладзечанскага, Вілейскага і Мядзельскага раёнаў. У хлопчыкаў прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – каманда Вілейскага раёна, другое і трэцяе – Маладзечанскага і Валожынскага. Сярод дзяўчат лепшы вынік быў на рахунку каманды Маладзечанскага раёна. Другі і трэці вынікі паказалі каманды Валожына і Вілейкі. У фінал выйшлі толькі каманды-пераможцы.

4 мая ў другі раз у Мінску пройдзе конкурс “Самы прыгожы твар Беларусі”. Заяўкі даслалі больш за 2000 дзяўчат з усіх куткоў краіны. У фінал былі адабраны 19 з іх.

Сярод фіналістак наша зямлячка – Рыма Шут. Ураджэнка Валожына скончыла БДТУ па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, атрымала ступень магістра. Зараз дзяўчына працуе ў Мінску намеснікам галоўнага бухгалтара адной з кампаній. У гэтыя дні ў сацыяльных сетках праходзіць галасаванне за кандыдатак. Давайце падтрымаем нашу прыгажуню. Дарэчы, на момант напісання інфармацыі Рыма займала чацвёртае месца.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *