Важны год для прафсаюзаў

Общество

У нашай краіне законныя інтарэсы работніка любой сферы дзейнасці абараняе прафсаюз. Быць членам прафсаюза – значыць быць пад аховай.

Для прафсаюзнага руху гэты год асаблівы. Сёлета арганізацыі спаўняецца 115 гадоў. Але не толькі прыгожай датай адзначана гісторыя прафсаюзаў Беларусі. Пройдзены каласальны шлях развіцця і станаўлення. Сёння Федэрацыя прафсаюзаў – адна з самых уплывовых грамадскіх арганізацый у краіне, у склад якой уваходзяць амаль 96 працэнтаў эканамічна здольнага насельніцтва.

На працягу 2019-2020 гадоў у прафсаюзных арганізацыях усіх узроўняў пройдуць справаздачы і выбары. У многім выніковасць і эфектыўнасць далейшай работы будзе залежаць ад таго, як пройдзе справаздачна-выбарная кампанія, хто зойме кіруючыя прафсаюзныя пасады. На некаторыя пытанні мы папрасілі адказаць старшыню раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніку ЗАГОРСКУЮ.

– Вераніка Віктараўна, найперш раскажыце, што неабходна рабіць для падняцця аўтарытэту арганізацыі?

– Шмат чаго залежыць ад асобы. Калектыву важна не памыліцца і выбраць такога прафсаюзнага актывіста, які будзе не паперамі займацца, а канкрэтнымі справамі. Для гэтага трэба пастарацца прааналізаваць работу прафактыву і даць ёй узважаную ацэнку. Потым выбраць новую каманду ці пацвердзіць паўнамоцтвы тых, хто папрацаваў годна. Самае галоўнае: намеціць вектар далейшага развіцця, таму што з часам, на жаль, праблем менш не становіцца.

– Канкрэтызуйце, калі ласка, што Вы маеце на ўвазе?

– Задача ў прафсаюзаў Беларусі застаецца ранейшай – абараняць правы працуючых. Наша Федэрацыя вядзе работу па многіх кірунках. Гэта напісанне законаў, маніторынг цэн, ахова працы, юрыдычная дапамога і іншае. Колькасць разнастайных парушэнняў правоў работнікаў не змяншаецца. Прававая і тэхнічная інспекцыі сумесна з пракуратурай арганізуюць праверкі, вядуць прыёмы грамадзян, удзельнічаюць у расследаванні няшчасных выпадкаў, займаюцца прафілактыкай траўматызму.

Сёння даволі лёгка распачаць уласны бізнес. Але да арганізацыі рабочых месцаў, стварэння бяспечных умоў працы ў новых гаспадароў рукі часам не даходзяць. І вельмі прыемна, калі ў “малы” бізнес прыходзяць прыватнікі, у якіх можна павучыцца сучасным тэхналогіям, клопату пра ўмовы для персаналу.

– Якія з апошніх дакументаў, што датычацца прафсаюзнага руху, Вы лічыце найбольш важнымі?

– Нядаўна прыняты некалькі праграмных дакументаў ФПБ, у тым ліку падпісана Генеральнае пагадненне паміж урадам і рэспубліканскім аб’яднаннем наймальнікаў і прафсаюзаў на 2019-2020 гады, а таксама Канцэпцыя кадравай палітыкі прафсаюзаў Беларусі.

Найбліжэйшымі да людзей з’яўляюцца Генеральнае пагадненне і калектыўныя дагаворы. Гэта своеасаблівая канстытуцыя для прафсаюза і наймальніка. У аснове Канцэпцыі кадравай палітыкі ляжыць разуменне, што прафсаюзы павінны быць дастаткова моцнымі і гібкімі, спалучаць вопытных лідараў і маладыя кадры. Толькі так ёсць шанс ажыццявіць рэальную абарону правоў і інтарэсаў работнікаў, дабівацца сацыяльнай накіраванасці эканамічных рэформ.

– Дайце характарыстыку прафсаюзнаму лідару.

– У першую чаргу ён не можа быць раўнадушным! Павінен карыстацца аўтарытэтам у калектыве, не губляць самавалодання ў стрэсавых сітуацыях. Мець у характары гатоўнасць вучыцца, прымаць самастойныя рашэнні, змагацца за інтарэсы калектыву. Сядаючы за стол перагавораў, прапаноўваць разумныя патрабаванні, умець весці дыялогі з рознымі субяседнікамі.

– Якія змены ў заканадаўства ўнесены па ініцыятыве прафсаюза?

– Па ініцыятыве ФПБ Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь дапоўнены больш чым сарака пунктамі. Так, ёсць прапанова на заканадаўчым узроўні замацаваць абавязак наймальніка падоўжваць кантракт з добрасумленнымі працаўнікамі на максімальны тэрмін ці пераводзіць іх на бестэрміновыя дагаворы з захаваннем усіх дадатковых сацыяльных гарантый.

Калі ўступіў у сілу Дэкрэт № 29, вельмі важным было прыняць меры па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны. Не сакрэт, што 100-працэнтнае заключэнне кантрактаў у калектывах негатыўна ўплывае на паводзіны і свядомасць кіраўнікоў і работнікаў. Гадавыя кантракты спрыяюць з’яўленню прыстасаванцаў, якія не імкнуцца змагацца за праўду, апаніраваць з кіраўніцвам. Ды і кіраўнік траціць стымул заваёўваць аўтарытэт, давер у калектыве, бо з няўгодным чалавекам можна проста не прадоўжыць кантракт.

Заўсёды трэба памятаць, што чалавек – найбольшая каштоўнасць. Кадры ўсіх узроўняў неабходна выхоўваць у калектывах, цаніць іх і матываваць на развіццё. Безумоўна, кожнага з нас можна замяніць. Але ці здолее пабочны навічок гэтак сама перажываць за справу, не ведаючы гісторыі, традыцый, унутраных сувязей і сітуацыі?

– Сёлета прафсаюзнаму руху Беларусі спаўняецца 115 гадоў. Ці існуе пераемнасць задач з тых часоў і да сённяшняга дня?

– Задачы не мяняюцца. Мы павінны гарантаваць чалавеку рабочае месца, клапаціцца пра яго здароўе і жыццё, забяспечваць рост заработнай платы.

– Што можна назваць поспехам нашага раённага прафактыву?

– Я ўдзячна прафсаюзным лідарам за правядзенне акцыі “Прафсаюзы – дзецям” і ўдзел у іншых дабрачынных праектах, за арганізацыю культурна-масавых і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Але галоўнае – гэта абарона правоў і свабод членаў прафсаюза, забеспячэнне ўмоў нармальнага жыцця і работы. Яны ўмеюць расстаўляць акцэнты! Прафсаюзы даказалі: калі мы разам – нам па сіле любыя задачы і выпрабаванні. У самыя складаныя часы былі захаваны працоўныя калектывы, пераемнасць пакаленняў і традыцый.

– Напярэдадні 1 Мая хацелася б пачуць ад Вас некалькі слоў у адрас людзей працы.

– Працаўнікоў у нас заўсёды паважалі і цанілі. Работа – важная частка жыцця кожнага чалавека. Яна дапамагае нам рэалізаваць сябе, прыносіць карысць грамадству і дзяржаве. Уся дзейнасць прафсаюзаў накіравана на тое, каб услаўляць працоўнага чалавека, клапаціцца пра яго. Усіх жыхароў раёна віншую з надыходзячым святам. Жадаю атрымліваць асалоду ад самаадданай працы, калектыўнага яднання. Няхай вынікі работы радуюць і кожную асобу натхняюць да ўдасканалення.

 

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *