Сувязь традыцый

Общество

Тры гады ўзначальвала пярвічную прафсаюзную арганізацыю Валожынскага вузла электрасувязі Мінскага філіяла РУП “Белтэлекам” Жанна Барысаўна ЖАМОЗДЗІК. Сёлета эстафету з яе рук пераняў малады калега. І вельмі хацелася б, каб тыя традыцыі, якія сфарміраваліся пры Жанне Барысаўне, не былі страчаны.

Не аднойчы пярвічка сувязістаў па праве заваёўвала званне лепшай у раёне. Ды і на абласным узроўні Валожынскі вузел сувязі займаў прызавыя месцы ў спартыўных спаборніцтвах, на конкурсах мастацкай самадзейнасці. Калі ж скласці карту іх падарожжаў, то атрымаецца маршрут, які злучае самыя знакавыя мясціны Беларусі. Дэлегацыя вузла сувязі адна з першых у раёне пабывала ў новым Усесвяцкім храме, дзе ўстаноўлена памятная дошка ўсім загінуўшым у Беларусі.

Як прызнаецца Жанна Барысаўна, прафсаюзная работа заўсёды патрабуе ўвагі, старання, сіл. Напачатку, калі іх арганізацыя налічвала 150 членаў, лягчэй было прыдумаць канцэртныя нумары ці стварыць спартыўную каманду. Але жыццё імкліва змянілася, і зараз калектыў налічвае ўсяго 49 чалавек, 46 з якіх – пенсіянеры. Безумоўна, востра стаіць пытанне аховы здароўя. І людзі ахвотна карыстаюцца прапановамі прафсаюза. Так, пры набыцці пуцёўкі ў профільныя санаторыі можна разлічваць на матэрыяльную дапамогу ад філіяла і прафсаюзнай арганізацыі, што ў агульнай суме паніжае кошт адпачынку на 50 працэнтаў. Для дзяцей на летні перыяд адкрываецца ведамасны лагер “Раднічок”. Бацькам пуцёўкі абыходзяцца толькі за 10 працэнтаў кошту. Для дарослых працуе база адпачынку “Дружба”, дзе таксама за невялікія грошы (20 працэнтаў ад усіх затрат) можна цудоўна адпачыць. Здаровы лад жыцця папулярызуецца не толькі падчас водпуску. Так, для членаў прафсаюза набыты абанементы ў басейн.

Самымі ж трывалымі традыцыямі застаюцца тыя, што аб’ядноўваюць увесь калектыў: сумесныя святы, ушаноўванне юбіляраў, дапамога шматдзетным сем’ям, добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол офіса.

(Фото Ж. Б. Жамоздзік)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *