Каб газ быў бяспечным

Общество

Валожынскі раён газазабеспячэння філіяла ВУ “Дзяржынскгаз” УП “Мінскаблгаз” ажыццявіў акцыю “Дзень бяспекі пры карыстанні газам у быце”. Вядома, што недахоп пэўных ведаў і практычных навыкаў прыводзіць да сумных наступстваў, ахвярамі якіх часцей за ўсё аказваюцца дзеці.

У двары гімназіі № 1 райцэнтра для школьнікаў была арганізавана дэманстрацыйная пляцоўка. Спецыялісты РГЗ правялі гутарку, падчас якой расказалі, што пры ўсіх дадатных якасцях газа неабходна помніць пра небяспеку, якая падпільноўвае пры невыкананні мер перасцярогі. Жыццю і здароўю людзей пагражаюць атручванне прадуктамі згарання, магчымасць выбуху, узнікнення пажару. У першую чаргу важна, каб газавыя прыборы заўсёды былі спраўнымі, не дапускаецца найменшая ўцечка. Дзецям паведамілі пра страшныя наступствы, што ўзнікаюць пры ўдыханні чаднага газу. Ён утвараецца пры рабоце няспраўных газавых прыбораў ці калі працяглы час выкарыстоўваецца газавая пліта, а прытоку свежага паветра няма. Вызначыць наяўнасць такога ў памяшканні дапамагаюць спецыяльныя апавяшчальнікі ці сігналізатары.

Хлопчыкам і дзяўчынкам нагадалі, што дзецям да 12 гадоў забараняецца карыстацца газавымі плітамі, а ацяпляльным газавым абсталяваннем – да 14 гадоў. Яшчэ раз растлумачылі правілы паводзін пры карыстанні газавымі прыборамі, узгадалі, як трэба дзейнічаць, калі з’явіўся пах газу, што для неадкладнага выкліку, у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, неабходна тэлефанаваць у спецыялізаванае падраздзяленне газазабеспячальнай арганізацыі па нумары 104.

Работнікі газавай службы правялі для вучняў гімназіі майстар-клас па праверцы якасці падключэння газавага балона, расказалі пра метады выяўлення ўцечак газу, прадэманстравалі розныя інструменты і прыстасаванні, якія выкарыстоўваюць пры рабоце з бытавымі газавымі прыборамі і паведамілі пра іх прызначэнне. Таксама ў прысутных была магчымасць наглядна ўбачыць спецыяльную машыну аварыйнай газавай службы.

Акцыя выклікала ў дзятвы шчыры інтарэс, ім раскрылі нямала сакрэтаў бяспекі. Жадаючыя скарысталіся магчымасцю задаць хвалюючыя пытанні. На заканчэнні меншыя рабяты атрымалі ў падарунак пазлы і журналы-размалёўкі, а старэйшыя – буклеты і памяткі з правіламі бяспечнага карыстання газам у быце і пажарнай бяспекі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *