Рэха адгукаецца болем…

Культура

Сумная дата – 26 красавіка 1986 года змяніла жыццё не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце. Такія словы, як радыяцыя, ізатопы, радыенукліды, назаўсёды ўвайшлі ў лексікон простага чалавека: атам перастаў быць мірным…

На ліквідацыю аварыі на Чарнобыльскай АЭС накіроўваліся велізарныя сродкі, а самаахвярныя, мужныя людзі ехалі на месца трагедыі, каб змагацца з нябачным ворагам.

Супрацоўнікі Валожынскага РАУС таксама былі камандзіраваны ў трыццацікіламетровую зону. Іх абавязкі там мала чым адрозніваліся ад тых, што даводзілася выконваць дома – яны забяспечвалі грамадскі правапарадак на тэрыторыі Брагінскага і Хойніцкага раёнаў, дзе заставаліся населеныя пункты, дамы ў якіх пасля эвакуацыі гаспадароў стаялі з нажытым скарбам. Марадзёры, не баючыся радыяцыі, рабавалі чужое дабро і збывалі яго па ўсім Савецкім Саюзе. Такім чынам смяртэльная зараза магла шырока распаўсюдзіцца. Але міліцыя хутка паставіла заслону незаконнай нажыве.

Дзесяць праваахоўнікаў з Валожыншчыны на працягу 1986-1987 гадоў затрымлівалі грамадзян, якія спрабавалі незаконна пранікнуць у забароненую для наведвання зону, лавілі злодзеяў і звычайных авантурыстаў, што гатовы былі рызыкаваць уласным жыццём, абы толькі паглядзець на месца аварыі…

У кожную гадавіну Чарнобыльскай трагедыі ў актавай зале РАУС збіраюцца ветэраны службы, ліквідатары аварыі. Не стаў выключэннем і год сёлетні. У іх адрас гучалі словы падзякі за мужнасць, праяўленую падчас ліхой навалы. З рук начальнік Валожынскага РАУС маёра міліцыі Дзмітрыя Вяроўчыка яны атрымалі памятныя падарункі.

Нельга не адзначыць, што ліквідатары Чарнобыльскай аварыі з ліку міліцыянераў аказаліся яшчэ і выдатнымі супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Свой багаты жыццёвы і прафесіянальны вопыт яны ахвотна перадаюць маладым калегам.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий