Публiцыст, фiлосаф, майстар слова…

Культура

Сёлета спаўняецца 445 гадоў з той пары, як у цяперашняй вёсцы Лоск пачаў дзейнасць знакаміты на ўвесь свет дзеяч беларускай культуры, гуманіст, асветнік, гісторык Вялікага Княства Літоўскага, актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху Сымон Будны. Лоскі перыяд стаў плённай парой у творчасці майстра. Тут, на Валожыншчыне, ён неадкладна прыступіў да выпраўлення сапсаванага перакладу Новага Запавету. Прыкладна праз год надрукаваў яго ў Лоскай друкарні, напісаўшы «Эпіграму на герб Яна Кішкі» і грунтоўную «Прадмову да Чытача».

На Валожыншчыну Сымона Буднага запрасіў у 1574 годзе ўладальнік тутэйшага маёнтка Ян Кішка – па тым часе адзін з багацейшых і самых уплывовых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. У яго валоданні знаходзілася 70 гарадоў і 400 вёсак.

З гісторыі вядома, што за два гады да прыезду ў Лоск асветніка Кішка выкупіў у братоў Кавячынскіх абсталяванне Нясвіжскай друкарні. Трэба адзначыць, што пан Ян быў прыхільнікам арыянства – радыкальнага рэфармацыйнага руху і выступаў ініцыятарам адкрыцця пры сваіх маёнтках спецыяльных школ, дзе вучні, апроч багаслоўя, вывучалі філасофію, гісторыю, паэтыку, літаратуру і мовы, логіку, этыку, рыторыку, музыку, арыфметыку, фізіку і права. У Лоску дзейнічала такая ж школа. Дакладней, акадэмія – такі быў яе статус. Сам Лоскі палац стаяў на рукатворным пагорку (у народзе яго называюць «Замкавай гарой») і існаваў да 18 стагоддзя. Паводле інвентара 1500-х гадоў, тут было 10 драўляных трохярусных вежаў і двухярусная вежа-брама з магутнымі варотамі. У цэнтры дзядзінца стаялі два палацы (адзін будаваўся ў стылі Рэнесансу і меў на вежы гадзіннік), у другім налічваліся 42 памяшканні. Непадалёк ад брамы месцілася кухня, а недалёка за сценамі працавалі лазня і бровар.

У якім канкрэтна памяшканні Ян Кішка заснаваў друкарню, дакладных звестак няма. Аднак бясспрэчным фактам з’яўляецца тое, што з цягам часу друкарня стала цэнтрам арыянскага кнігадрукавання у ВКЛ. І Сымон Будны стаў менавіта тым чалавекам, які спатрэбіўся пану Яну для разгортвання такой важнай справы. Фактычна, ён быў ідэйным кіраўніком друкарні ў 1570-1580-х гадах і нават меў статус дамашняга прапаведніка ў гаспадара лоскай зямлі.

Творы Буднага, надрукаваныя на Валожыншчыне, сталі, кажучы сённяшнім словам, «брэндамі» Лоска і разышліся па ўсім ВКЛ. Сярод найбольш значных даследчыкі называюць «Новы Запавет», «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Пра свекую ўладу» і інш. Калі абагульніць выказаныя меркаванні, то Буднага можна назваць ідэолагам прагрэсіўна настроенай шляхты ВКЛ. Ён выступаў за абмежаванне феадальнага самавольства і лічыў, што дзяржаве для развіцця неабходны рэформы. Сымон асуджаў захопніцкія войны і быў заўзятым прыхільнікам верацярпімасці, выступаў за раўнапраўе ўсіх саслоўяў і развіццё культуры на мове людзей, якія жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім (старабеларускай). А «Новы Запавет», выдадзены Будным у Лоскай друкарні, даследчыкі потым назавуць першай у сусветнай літаратуры радыкальнай рацыяналістычнай крытыкай евангельскіх кніг…

Для рымска-каталіцкай царквы Сымон Будны быў, бясспрэчна, ворагам. Нездарма іезуіты, з якімі часта палемізаваў філосаф, патрабавалі яго жорсткага пакарання альбо хаця б забароны друкарскай дзейнасці. Ватыкан прыняў самыя рашучыя меры супраць распаўсюджання ерэтычных ідэй. У другой палове XVI стагоддзя пачаўся Контррэфармацыйны рух, якім былі замацаваны набажэнствы на латыні і жорсткая царкоўная цэнзура. Інквізітары выступілі супраць нязгодных. Будны мог паплаціцца за сваё вальнадумства, і не адзін раз. Але, на яго шчасце, за ім стаялі самыя ўплывовыя магнаты-кальвіністы ВКЛ.

Контрэфармацыя набірала моц. Колькасць крывавых ахвяр расла і дасягнула апагею ў Варфаламееўскую ноч, калі ад рук фанатыкаў пайшлі з жыцця 3 тысячы пратэстантаў-гугенотаў. Будны адрэагаваў на страшныя падзеі чарговым выданнем пад назвай «Аб фурыях або Французскім вар’яцтве», у якім пераконваў грамадства задумацца, да чаго можа прывесці рэлігійная нецярпімасць.

У 1569 годзе Контррэфармацыя прыйшла і на абшары ВКЛ. У Вільню прыехалі 13 іезуітаў. Праз год іх стала тры сотні. Іх бурнай дзейнасці і паспрыяла знакамітая людская талерантнасць, якая так пеставалася Будным… Першым здраджваць рэфамацыйным ідэям кальвінізму сталі якраз магнаты ВКЛ. Адным з найбольш актыўных барацьбітаў з «ерэтыкамі» стаў Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка», які траціў уласныя сродкі на скупку пратэстанцкай літаратуры. Кальвіністаў і арыян прымусілі пакінуць гарады. Шматгадовая праца арыян аказалася марнай…

У 1592 годзе, пасля смерці Яна Кішкі, спыніла амаль 20-гадовую дзейнасць і Лоская друкарня. А апошнія гады Сымона Буднага можна смела ахарактарызаваць як «чорную паласу». Адзін з іезуіцкіх аўтараў абвясціў дзеяча-рэфарматара… вар’ятам, які не прызнае Бога. А вар’яцтва гэтае ёсць Божая кара за ерась. Ад Буднага адракліся нават тыя, хто зусім нядаўна быў у першых радах яго прыхільнікаў і спонсараў. Нават пан Ян пры жыцці адмовіў свайму былому духоўнаму настаўніку ў падтрымцы.

Навукоўцы лічаць, што Сымон Будны ў 1583 годзе перабраўся ў Іўе, дзе яшчэ дзейнічала арыянская акадэмія. Ён нават паспеў яшчэ паўдзельнічаць у тэалагічным дыспуце з іезуітамі.

А вось апошнія свае дні Сымон Будны правёў зноў-такі на Валожыншчыне – у вёсцы Вішнева. Памёр філосаф і асветнік 13 студзеня 1593 года ў доме шляхціца Лявона Маклока. Як сведчаць некаторыя тэксты, што дайшлі да нашых дзён, перад гэтым ён моцна крычаў тры дні і адмаўляўся звярнуцца да Усявышняга…

Так закончыў зямны шлях адзін з разумнейшых людзей таго часу. Дзе пакоіцца яго прах, дакладна невядома. Існуе меркаванне, што месцам апошняга спачыну рэфарматара сталі скляпенні вішнеўскага касцёла. Аднак праўда гэта ці не – яшчэ належыць высветліць.

На «Замкавай гары» ж пра тыя далёкія падзеі нагадвае мемарыяльная дошка, на якой занатавана: «У 1574-1589 гадах у вёсцы Лоск дзейнічала друкарня, у якой друкаваў свае творы Сымон Будны»…

Даследаваў гістарычныя крыніцы і прадаставіў

матэрыял для друку Рыгор РУСАКЕВІЧ

 



Добавить комментарий