Мы ўдзячны нашым папярэднiкам

Общество

Сёлета ў кастрычніку споўніцца 80 гадоў, як пабачыў свет першы нумар адзінага афіцыйнага друкаванага выдання Валожынскай зямлі – у той час «Іскры», а сёння – сяброўкі больш як чатырох тысяч чалавек «Працоўнай славы». За гэты час многае змянілася, аднак нязменнымі засталіся творчыя памкненні калектыву рэдакцыі. Па-ранейшаму мы дзелімся з нашымі чытачамі апошнімі навінамі жыцця раёна, расказваем пра людзей працы, вучым любіць і шанаваць сваю малую і вялікую Радзіму, узнімаем хвалюючыя тэмы і знаходзім адказы на іх…

Няпроста заставацца «на плыву» ў сучасных тэндэнцыях інфармацыйнага свету. Аднак ад нашых старэйшых калег разам з азамі прафесіянальнага майстэрства мы перанялі і ўменне рухацца наперад, не зважаючы на цяжкасці, і галоўную якасць журналіста – паважаць і шанаваць сваіх падпісчыкаў, кожны дзень дзеля іх – тварыць!..

Менавіта яны – плеяда таленавітых майстроў пяра і слова, вёрсткі і дызайна, бухгалтарскага звяна – сустрэлі некалі «зялёных» навічкоў і далі нам дарогу ў свет. Мы з вялікай удзячнасцю ўзгадваем мудрых і вопытных колішніх рэдактараў Сямёна Уладзіміравіча Ломаця (які, на вялікі жаль, пакінуў гэты свет, не дачакаўшыся юбілейнай даты) і Софію Ігнацьеўну Кавяза, Таццяну Аляксееўну Шаблыка, Алену Мікалаеўну Лашук і Ірэну Францаўну Пашкевіч. Мы нізка схіляем галовы перад прафесіяналізмам творчай дынастыі Штэйнераў. Парады Сямёна Ісакавіча, якога ўжо няма побач з намі, актуальныя і сёння, а творчыя нататкі яго дачкі – члена Саюза журналістаў Наталлі Сямёнаўны – вызначаюцца актуальнасцю і аператыўнасцю. Мы з задавальненнем узгадваем майстар-класы па вёрстцы газеты ад Алы Мікалаеўны Бітэль і ўрокі трывалай эканомікі, якую дапамагала ствараць Ніна Іванаўна Садоўская, тысячы кіламетраў скалясіў па раёне вадзіцель Аляксандр Рыгоравіч Зянько…

Паважаныя калегі, сённяшнія і колішнія супрацоўнікі раённай газеты і «Валожынскага радыё»! Дарагія нашы друкары і ўсе, хто дапамагае выйсці ў свет кожнаму новаму нумару і радыёперадачы, хто вядзе інфармацыйную падтрымку нашага выдання ў Інтэрнэце! Шчыра віншую вас з прафесійным святам!

Моцнага вам здароўя, аптымізму, дабрабыту, творчага натхнення і заўсёды выдатнага настрою. Няхай у вашы дамы і сем’і заглядваюць толькі добрыя навіны!

З павагай, рэдактар газеты

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *