Гучалi музыка i дзiцячы смех

Молодежный курьер

1 мая на пляцоўцы каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу прайшоў раённы маладзёжны фестываль “Адкрый сваё лета”. Арганізатарамі свята выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённы камітэт БРСМ. Свята атрымалася сапраўды змястоўным і цікавым. Не толькі дзеці, але і дарослыя цудоўна правялі тут час.

Адкрыў фестываль намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун, які павітаў усіх, хто прыйшоў на свята, і пажадаў прыемнага адпачынку.

Старт мерапрыемству даў спартыўны забег. Узначалілі калону валожынскія спартсмены. У кросе прынялі ўдзел вучні ўстаноў адукацыі раёна, гімназісты прадставілі грамадскую арганізацыю “Белая русь”. Кожны з рабят адолеў дыстанцыю каля двух кіламетраў і вярнуўся на пляцоўку, дзе працягвалася святочная праграма.

Дружнымі апладысментамі прысутныя сустракалі калону прадстаўнікоў мотатаварыства “Brotherhood Double X 424”, якому, дарэчы, сёлета спаўняецца 5 гадоў, і рэтра-аўтамабіль Lincoln. Не толькі дзеці, але і дарослыя з задавальненнем разглядалі магутную тэхніку і ахвотна фатаграфаваліся на спортбайках, квадрацыклах, а таксама каля і ўнутры эксклюзіўнага аўтамабіля. У такой шыкоўнай машыне кожная дзяўчынка адчувала сябе прынцэсай, а хлопчыкі – прынцамі.

А на вялікай сцэне, што размясцілася перад фізкультурна-аздараўленчым комплексам, намеснік старшыні райвыканкама І. У. Шакун вітаў камандзіраў студэнцкіх атрадаў Суднікаўскай СШ, СШ № 1 і № 2 г. Валожына, Гародзькаўскага ВПК і сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. З рук Ігара Уладзіміравіча кожны з іх атрымаў пуцёўку для работы атрада ў трэцім працоўным семестры. Падчас фестывалю БРСМ ладзіў акцыю “Выбіраем студатрад”, куды мог звярнуцца любы малады чалавек, які мае жаданне папрацаваць летам на карысць Радзімы і зарабіць грошы.

Прадоўжыў мерапрыемства паказ модных дзіцячых калекцый адзення. Іх прадэманстраваў дзіцячы тэатр моды “Вяршыня”, юныя ўдзельнікі якога навучаюцца акцёрскаму майстэрству, дэфіле і ствараюць аўтарскія калекцыі адзення. Рабяты з Жодзіна, Смалявічаў, Слуцка вынеслі на суд гледачоў тры калекцыі, што былі зроблены з такіх забытых рэчаў, як мужчынскія кашулі, гальштукі, і джынсавых убораў. Між іншым, калекцыя “Пэчворк” заваявала першае месца на прэстыжным міжнародным конкурсе ў Італіі.

Сёлета філіял дзіцячага тэатра моды адкрыўся і ў Валожыне. Самыя маленькія яго ўдзельнікі 1 мая зрабілі свае першыя крокі на сцэне. Цудоўныя сукенкі для дэфіле прадаставіў салон вясельнай моды “Міланія”. Юныя валожынскія модніцы шырока адкрытымі вачамі назіралі за ўсім, што адбывалася на сцэне. Напэўна, пасля такога трыумфальнага выступлення значна павялічыцца колькасць жадаючых займацца ў “Вяршыні”.

Шмат забаў было арганізавана для дзяцей. Ля будынка ФАКа размясціліся надзіманая горка і батуты, жадаючыя маглі пагуляць у лазертаг і памаляваць рознакаляровым пяском. Тут жа заняла месца выстава дзіцячых малюнкаў “Я б у рабочыя пайшоў…”. Цэнтральная дзіцячая бібліятэка ладзіла акцыю “Лета з добрай кнігай”, дзе малыя маглі пазнаёміцца з дзіцячымі кнігамі і перыядычнымі выданнямі. Прадстаўнікі Валожынскага РАНС запрашалі хлопчыкаў і дзяўчынак на тэматычныя пазнавальныя гульні і ў фотазону. Не было адбою ад жадаючых зрабіць прыгожы аквагрым у педагогаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Танцавальны флэшмоб для прысутных правялі работнікі раённага Цэнтра культуры, а таксама спявачка Вікторыя Пятровіч, рэпер Ілья Капылоў, ансамбль ваеннаслужачых воінскай часці 30695 і інш.

На пляцоўцы каля ФАКа пад кіраўніцтвам супрацоўніцы ўстановы Любові Лерантовіч прайшоў майстар-клас па дзіцячым фітнесе – дынамічная трэніроўка з элементамі аэробікі, дзе паўдзельнічалі ўсе жадаючыя. Актыўнасць прыцягнула ўвагу дзяцей розных узростаў, нават самых маленькіх. Дарослыя назіралі, аде заставацца ўбаку было цяжка: яны падтрымлівалі малых, рухаліся і займаліся спортам.

Канцэртную маладзёжную праграму падрыхтаваў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Выхаванцы выступілі з запальнымі песнямі і вясёлымі танцамі. Таксама музычныя нумары паказалі і маленькія артысты раённага Цэнтра культуры.

Самай чаканай падзеяй вечара стала выступленне Wordsmith – рэп і хіп-хоп музыкі з амерыканскага Балтымора. Яго тур у Беларусі пачаўся напрыканцы красавіка. Перад наведваннем Валожына рэпер са сваім гуртом, які складаецца з бэк-вакалісткі, клавішніка і барабаншчыка, паспеў пабываць у Мінску і павандраваць па “Валожынскім гасцінцам” разам з грамадскім аб’яднаннем “Адпачынак у вёсцы”. Канцэрт выканаўцы доўжыўся паўтары гадзіны і сабраў вялікую колькасць гледачоў. Песні Вордсміта – прыемныя для вуха, рытмічныя і меладычныя, з добрымі тэкстамі. Абыякавым не застаўся ніхто: нават людзі пажылога ўзросту танцавалі. Больш за ўсё рэпера ўпадабалі дзеці, што скакалі разам з ім на сцэне, шмат фатаграфаваліся, прасілі аўтографы, дзякавалі і абдымаліся з госцем. Пасля выступлення ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад Валожыншчыны і канцэрта. Расказаў, што вельмі захапіўся прыродай і архітэктурай мясцовасці, а шчырасць і адкрытасць мясцовых жыхароў заваявала яго сэрца. Гэта не апошняе выступленне артыста ў нашай краіне, і ён вельмі спадзяецца наведваць Беларусь часцей.

Святочны дзень завяршыўся пазітыўнай дыскатэкай “Холі-дэнс”. Хлопцы і дзяўчаты патанцавалі пад папулярную музыку і ўстроілі рознакаляровае шоу з дапамогай вядомых усім фарбаў Холі. Арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму з конкурсамі, розыгрышамі і падарункамі.

 

Старонку падрыхтавалі

Анжэла РАДЫНА, Настасся ЛЯВІНСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *