Юбiлейны месяц май…

Общество

Напярэдадні Першамая ў раённым Цэнтры культуры прайшла ўрачыстасць, прысвечаная 115-гадоваму юбілею прафсаюзаў Беларусі. Акрамя актывістаў руху, былі запрошаны тыя, хто сваёй сумленнай працай на працягу дзесяцігоддзяў ствараў дабрабыт раёна, выхоўваў маладыя пакаленні, клапаціўся пра прыгажосць і ўтульнасць населеных пунктаў, зберагаў культурнае і прыроднае багацце нашай зямлі.

Тэатр пачынаецца з вешалкі, а свята адчуваецца ўжо на парозе. У фае РЦК наведвальнікам дарыў асалоду аркестр народных інструментаў Валожынскай школы мастацтваў, арганізатары мерапрыемства зрабілі падборку лепшых дзіцячых малюнкаў, якія ўслаўляюць чалавека працы, тут жа прадаваліся маляўнічыя сувеніры майстроў са “Скарбніцы”. Госці праходзілі рэгістрацыю і паступова запаўнялі глядзельную залу. На экране мультымедыйнай устаноўкі мяняліся кадры са славутымі мясцінамі Беларусі, а пасля таго, як прагучаў своеасаблівы гімн “Мы – вместе!” у выкананні зорак беларускай эстрады, распачалася афіцыйная частка.

Першым выступіў намеснік старшыні райвыканкама І. У. Шакун. З высокай трыбуны ён павіншаваў людзей і з надыходзячым Першамаем, і з юбілейнай датай, падзякаваў старэйшаму пакаленню за спадчыну, ад якой і сёння залежыць эканамічны рост Валожыншчыны, успомніў часы, калі на галоўнай плошчы ў радасным адзінстве крочылі калоны дэманстрантаў. Так, эпохі мяняюцца, але самае важнае застаецца нязменным. У прыватнасці, праца была, ёсць і будзе крыніцай матэрыяльнага дабрабыту, інструментам развіцця чалавечага патэнцыялу, справай гонару і натхнення.

А яшчэ Ігар Уладзіміравіч даў старт самай прыемнай місіі, якую па традыцыі ўскладаюць на афіцыйных асоб, – узнагароджанню. З яго рук атрымаў Падзяку старшыні райвыканкама В. С. Гідлеўскі. Не адзін год Віктар Станіслававіч узначальвае раённую арганізацыю Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, заўсёды рупіцца пра аўтарытэт сваёй галіны, стойка абараняе законныя правы і інтарэсы работнікаў сельскай гаспадаркі.

Выступленне старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорскай напомніла сабраным важнейшыя моманты станаўлення арганізацыі. Думаю, многіх уразіў той факт, што менавіта працаўнікі Беларусі першымі ў Расійскай імперыі пачалі аб’ядноўвацца ў прафсаюзы. Было гэта ў далёкім 1894 годзе, а ўжо ў 1904-м рух канчаткова вызначыўся з мэтамі, структурай і функцыянаваннем. За больш чым векавую гісторыю існавання прафсаюзы развіваліся, сталелі, мадэрнізаваліся. Але нязменным заставаўся клопат пра працуючага чалавека.

Вераніка Віктараўна ўручыла Падзякі старшыні Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў тым актывістам, якія з’яўляюцца “душой” сваіх калектываў. Яны не абыходзяць увагай вытворчыя працэсы, культмасавую работу, карыснае правядзенне вольнага часу і здаровы лад жыцця. Гэта старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый Аляксандр Бяляўскі (РУП “Валожынскі жылкамунгас”), Жанна Жамоздзік (Валожынскі філіял РУП “Белтэлекам”), Таццяна Рэдзько (філіял КУП “Мінаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”).

Асабліва мнагалюдна стала на сцэне ў той момант, калі даніна павагі аддавалася ветэранам прафсаюзнага руху. Гэтыя людзі – прыклад для моладзі. Яны і жылі па праўдзе, і працавалі не шкадуючы сябе, і грамадскай актыўнасці не згубілі з выхадам на заслужаны адпачынак. Каштоўныя падарункі і віншавальныя паштоўкі атрымалі Г. Б. Бабіч, А. І. Барахоўская, Я. А. Краўчонак, В. М. Крыса, Т. М. Кудраўцава, І. І. Лужынская, Я. У. Мучынская, В. І. Селязнёва, М. В. Ракавец, З. М. Унучак, Л. А. Чэрнік, В. А. Юша, Ф. І. Юша.

З 2005 года нязменным лідарам раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў застаецца Тамара Уладзіміраўна Яныш. Ёй дастаўся далёка не самы просты ўчастак – паспрабуй узяць пад крыло тых, хто прывык кіраваць! Аднак Тамара Уладзіміраўна сваім авангардным “палком” камандуе таленавіта. А на ўрачыстасці адзначыла поспехі ў прафсаюзным руху старшыні пярвічкі Валожынскага сельвыканкама Галіны Казіміраўны Казека.

Шмат шчырых слоў пачулі ў свой адрас прадстаўнікі педагагічнай сферы. Безумоўна, клапаціцца пра хлеб штодзённы – справа першачарговая. Але жыць трэба з думамі пра будучае: годна выхоўваць дзяцей, вучыць моладзь на карысць роднай дзяржаве. Абаронай законных правоў і інтарэсаў настаўнікаў, выхавацеляў аддана займаліся В. А. Біончык (гімназія № 1), Т. М. Скапец (дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка”).

Прафсаюзны рух ахоплівае і іншыя гуманітарныя кірункі. Немагчыма ўявіць сучаснае жыццё без прадстаўнікоў культуры, сродкаў інфармацыі, спорту і турызму. Работнікі гэтай галіны таксама маюць сваё аб’яднанне, і ўзначальвае яго Н. П. Лоўчая. Разам з калегамі яна ў працы і на адпачынку, на суботніках і на сельгасработах, у мастацкай самадзейнасці і на экскурсіях. Сваёй “правай” рукой Наталля Паўлаўна лічыць старшыню пярвічнай арганізацыі ДУК “Валожынскі раённы Цэнтр культуры” Алену Міхайлаўну Санюковіч, якая і была запрошана на сцэну для ўзнагароджання падзякай і падарункам. Такога ж ушанавання заслужыла і загадчыца аддзела камплектавання раённай бібліятэкі Ала Леангінаўна Журкевіч.

Што датычыцца культработнікаў, то яны наогул ніколі не падводзяць. Якое б ні адзначалася свята, канцэртную праграму падбяруць адпаведную! Вось і на прафсаюзнай урачыстасці яны радавалі разнастайнымі нумарамі. А ўдалае ўбранства сцэны не толькі ўносіла мастацкае дапаўненне, але і служыла напамінкам – кланяемся табе, чалавек працы…

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар ГІДЛЕЎСКІ з заслужанай узнагародай – Падзякай старшыні райвыканкама.

Педагогі, якія аддалі свае сэрцы дзецям: Святлана Саламонаўна БУШЛАНАВА, Яўгенія Адамаўна КРАЎЧОНАК, Тамара Іванаўна ВАЙЦЯХОВІЧ, Святлана Георгіеўна КОСІК.

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Тамара ЯНЫШ.

 

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка ЗАГОРСКАЯ толькі што ўручыла падарункі старшыням пярвічак, на якіх варта раўняцца: Жанне ЖАМОЗДЗІК, Аляксандру БЯЛЯЎСКАМУ, Таццяне РЭДЗЬКО.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *