А жыццё працягваецца…

Нарыс аб 76-й гадавіне з дня трагічнай гібелі ад рук карнікаў жыхароў вёскі Вуглы і аб вясковай сям’і Іосіфа Лямбовіча.

Сёлета споўніцца 76 гадоў з дня трагічнай гібелі ад рук нямецка-фашысцкіх карнікаў жыхароў вёскі Вуглы. Адной з вясковых сем’яў – сям’і Іосіфа Лямбовіча – гэты расказ. Гісторыя заснавана на ўспамінах былой партызанкі Яніны Іосіфаўны Галубцовай і нататках яе дачкі Рамуальды Яцковай.

…Палявая дарога пралягла сярод густой збажыны. Нізка схіляецца калоссе пад цяжарам налітых сокам зямлі зярнятак… Яніне Іосіфаўне была знаёма тут кожная звіліна, кожны камень на шляху. Бо гэта дарога вяла да дому, да родных. Міжволі пры гэтай думцы на вачах жанчыны з’яўляліся слёзы, а ў горле пачынаў душыць ком. Не, зусім не такой уяўляла яна сабе сустрэчу з роднымі тады, шмат гадоў таму, калі была яшчэ зусім юнай. Не думала, што замест хаты ўбачыць тут ледзь прыкметны пагорак…

У той крывавы дзень 1943 года колькі чалавек забілі фашысты? Тады ніхто не мог адказаць на гэта пытанне. Даведаліся пазней, пры пахаванні. 44 вяскоўцаў расстралялі нямецкія карнікі раніцай. І сярод іх было 11 дзяцей.

…А дарога ўсё вілася. Вось ужо і першыя дамы роднай вёскі. Побач з Янінай Іосіфаўнай яе дзеці. Неслі кветкі, шклянкі з вадой. Тыя, хто сустракаў іх на вуліцы, пазіралі спачатку здзіўлена. «А, гэта ж Янька да сваіх ідзе», – неўзабаве здагадваліся яны. Старэйшыя жанчыны гаротна выціралі хусцінкамі вочы. Сёння ж якраз той самы дзень…

Так паўтаралася кожны год. Дзеці раслі, адзін за адным пакідалі родны кут. Але 7 жніўня збіраліся ў матулі. У гэты час прыходзілі і ўспаміны.

…Сям’я ў Яніны Іосіфаўны была вялікая: аж 9 чалавек. Жылі яны ў адной хаце, абедалі за адным сталом – бацька, маці, бабуля, два браты, сястрычка, дзядзька і цётка. Яня была старэйшая сярод дзятвы, таму больш за іншых ёй давялося паспытаць пастушынага хлеба. Памятала яна і ласкавыя матуліны рукі, якія так пяшчотна падымалі на досвітку. Бедна жылі. Сала лічылася за найвялікшы ласунак. Нават мужчынам-касцам яго даставалася па маленькім кавалачку на абед. А ў школу Яня хадзіла толькі позняй восенню і зімой. Праз дзень. Боты з братам на дваіх адны дзялілі. Школа, да таго ж, польская была, на беларускай мове размаўляць забаранялі.

Вераснёўскім днём 1939 года пачуўся ў небе гул матораў. Самалёты з чырвонымі зоркамі ўсё ляцелі і ляцелі на захад. Увечары, як вярнулася дадому, убачыла салдат з маленькімі чырвонымі зорачкамі на шапках…

Палепшала жыццё вяскоўцаў. Зямлі прыбавілася. Далі яе і бацьку Яні Іосіфу Адамавічу. А яшчэ адкрыўся ў вёсцы магазін, і працаваў у ім таксама Іосіф Адамавіч – як адзіны ў Вуглах пісьменны чалавек. Яго ж абралі і дэпутатам. А калі грымнула Вялікая Айчынная вайна і ў лясах арганізаваліся партызанскія брыгады, Янін бацька яшчэ ў верасні 41-га стаў у брыгады народных мсціўцаў імя Чкалава сувязным… Акуратна збіраў звесткі аб размяшчэнні ворагаў. З гутарак, уласных назіранняў стваралася прадстаўленне аб фашысцкіх сілах і тэхніцы, якую немцы сцягвалі ў Івянец. Калі Эмілія Сцяпанаўна выпраўляла мужа ў чарговы паход, вельмі перажывала. І за яго, і за сям’ю. Вельмі добра ведала, як паступаюць немцы з тымі, хто дапамагае партызанам. Але ні Яня, ні хто іншы ніколі не чулі, каб матуля спрабавала ўстрымаць бацьку ад гэтых вандровак.

Зімой 1943 года пайшоў у партызаны і брат Яні Альфонс. У той час яму было толькі 15 гадоў. Усе Лямбовічы, ад трохгадовага Зянонкі да старэнькай бабулі, трымалі ў вялікай тайне іх сувязь з партызанамі і тое, што Альфонс знаходзіўся там, даволі далёка ад дому, у атрадзе «Бальшавік» брыгады імя Сталіна. Яня з мамай і цёткай Ганнай пяклі хлеб для народных мсціўцаў, мылі ім бялізну, шылі маскіровачныя халаты. Пры рабоце матуля прыгаворвала: «Можа, і майму сыночку добрыя людзі дапамогуць».

Так і жыла сям’я Лямбовічаў. Зрэшты, так жылі і многія іншыя сем’і з Вуглоў. Немцы ж то з’яўляліся часта, то пакідалі вёску ў спакоі. А ў хату Лямбовічаў рэгулярна наведваліся разведчыкі. Тут яны маглі і добра адпачыць, і падсілкавацца. Усё, што падавалася на стол, ішло ад чыстага сэрца. Не раз дняваў у гэтым доме і малады хлопец па імені Мікалай. Размаўляў ён неяк дзіўна, па-асабліваму: на чыстай рускай мове і вельмі хутка. Яня, якой тады ўжо споўнілася 18, адчула на сабе ўважлівы позірк яго шэрых вачэй. І сэрца заслала, застукала хутка-хутка… У размову не ўступала, але чырванела ўсё больш, калі іх вочы сустракаліся.

Нават Эмілія Сцяпанаўна прыкмеціла перагляды дачкі з партызанам. «Ты, Янечка, ні пра што такое не думай, – казала яна. – Не час цяпер! Ды і не гэткім прадстаўляўся мне твой суджаны. Іншая справа хлопцы, што з малых гадоў знаёмыя, на вачах раслі. А за прышлага я цябе не аддам! Хоць і за добрую справу змагаецца, але хто ведае, якія ў яго думкі наконт цябе…»

Ішло лета 1943-га. Фашысты вар’яцелі ад кожнай партызанскай аперацыі. Выконваючы загад фюрэра, гітлераўцы правялі адну з самых жорсткіх спроб пазбавіцца ад караючай далоні народа. Яны старанна прачэсвалі лясы, палілі вёскі, знішчалі насельніцтва. Аб тым, што расправа пачалася, вуглянцы даведаліся адразу ж. Палалі суседнія вёскі Пагарэлка і Сівіца. Яшчэ да з’яўлення карных атрадаў многія сем’і пакінулі родныя сцены і падаліся ў лес. Лямбовічы не змаглі пайсці: цяжкая хвароба бабулі не дазволіла зрабіць гэта хутка. Сам Іосіф Адамавіч рушыў у нетры, каб вывесці партызан у бяспечныя мясціны… А ў самы разгар блакады бабулі не стала. 21 ліпеня яна памерла, 22-га яе пахавалі, а 23-га фашысты спалілі іх дом. Выбеглі яны з агню ды ў лес падаліся. Даводзілася цяжка. Жыць на адным месцы доўга было нельга: карнікі без упынку прачэсвалі масіў. Але прайшлі два тыдні, і сярод бежанцаў сталі хадзіць чуткі, што блакада скончылася. 6 жніўня Лямбовічы выйшлі з лесу… Вёскі не было, адно папялішча. Толькі побач застаўся адзін хутар. Іосіф Адамавіч папрасіў гаспадара, і той дазволіў ім пераначаваць у лазні. Усяго ноч правялі яны там. Вось гэту апошнюю ноч з роднымі і памятае Яніна Іосіфаўна да самых малых дробязяў. Тады яны не закрылі вачэй. Вакол чулася страляніна, а на світанні, калі сцішэла, маці з бацькам сказалі Яні ісці ў лес: там было больш бяспечна. І дзяўчына пайшла. А раніцай…

«Шнэль! Шнэль!» – крычалі немцы, штурхаючы Лямбовічаў. Хутка небаракі ўбачылі аднавяскоўцаў. Іх было шмат: амаль усе выйшлі з лесу. Іосіф Адамавіч агледзеўся, заўважыў Івана Тамашэвіча з жонкай і сынам, маўклівага 80-гадовага Мацвея Антонавіча Бібіка і яшчэ, яшчэ… Усіх падвялі да ямы. Прымусілі скінуць лепшае адзенне. Усё добра разумелі, што адбудзецца за гэтым. Пра што яны думалі? Пра родных. Маці – пра дзяцей. Эмілія Сцяпанаўна, напэўна, разважала: «Як добра, што няма тут Яні і Альфонса»…

– Усіх не заб’еце, не перавешаеце, гады! – раздаўся нейчы голас. А ўслед яму – доўгая аўтаматная чарга…

Ціха цяпер на тым месцы. Шэпчуцца пра нешта белыя галоўкі рамонкаў, ды шапаціць лісцем бярозка, што вырасла ўжо пад новым, мірным небам. 52 гады стаіць на месцы гібелі жыхароў Вуглоў помнік, пабудаваны на сродкі калгаса «Рассвет». На ім высечаны імёны загінуўшых. І не зарастае сюды сцяжынка. Сюды прыходзяць вучні, прыносяць кветкі і шчыры, сардэчны паклон. Асабліва шмат людзей тут бывае два разы на год: у Дзень Перамогі і ў дзень гібелі вяскоўцаў. Урачыстасці заканчваліся, усе разыходзіліся па дамах, а Яніна Іосіфаўна затрымлівалася. Яна проста хацела пабыць з роднымі. А непадалёк стаяў каля яе той, у каго яна закахалася яшчэ ў бацькоўскай хаце, – Мікалай Іванавіч Галубцоў. Так і прайшлі яны па жыцці з гэтым рускім хлопцам. Пасля смерці блізкіх Яня трапіла ў партызанскі атрад і помсціла фашыстам як магла. Тут з’ядналі свае лёсы маладыя людзі. Пазней чатырох дзяцей выгадавалі, дачакаліся ўнукаў.

Праз усю вайну прайшоў і брат Яніны Іосіфаўны. Падлетак-партызан, затым баец Чырвонай арміі, ён адчайна змагаўся на франтах вайны, помнячы пра гібель сям’і. Пакуль мог, Альфонс Іосіфавіч Лямбовіч у Івянцы ахвотна сустракаўся з землякамі, расказваў пра цяжкія ваенныя дні…

Час адлічвае хвіліны, дзесяцігоддзі, але памяць людзей, памяць удзячная за дзень мірны, будзе жыць вечна. І па знаёмай сцяжынцы крочаць цяпер дзеці, унукі, праўнукі Яніны Іосіфаўны. Жыццё працягваецца…

Гэты матэрыял быў адшуканы, дапоўнены і падрыхтаваны

былой настаўніцай Сівіцкай школы Тарэсай КЕЛЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars