Заставацца чалавекам

Культура

Гады Вялікай Айчыннай вайны сталі для людзей не толкі праверкай на фізічную вытрымку, але і на маральную стойкасць. Колькі павучальных гісторый дайшло да нас ад продкаў! А ў кожнай – адказы на вечныя пытанні: як годна выжыць у цяжкі час, каб не запляміць уласнае сумленне? Як накарміць родных і не адабраць апошняе ў чужых дзяцей? Як у любой сітуацыі застацца чалавекам?

Пра гэты выпадак мне расказала знаёмая. Па этычных прычынах прасіла не называць нічыіх прозвішчаў. Герой яе аповеду – назавём яго Сцяпанам – у гады акупацыі жыў з бацькамі бліз Івянца. У 1944 годзе юнак адзначыў шаснаццацігоддзе. Іх сям’ю у наваколлі паважалі, часам нават зайздросцілі. А як жа – добрыя людзі. Бацька – ляснік, адмысловы гаспадар, маці – працаўніца, якіх пашукаць. Дзеці ўсе добрыя, а Сцёпа – малодшы – увогуле выдатнік. Тата Іван часта называў сябе шчасліўчыкам. Ён верыў, што ў добрага чалавека ўдача заўсёды побач. Але шанцаваць не можа бясконца. Немцы адабралі карову, затым было спалена дрэва, якое нарыхтавалі для новай хаты, урэшце партызаны, каб адвезці параненых, забралі каня. Праўда, старая жывёліна хутка расчаравала іх. Конь кульгаў. Таму дзесьці з паўдарогі атрымаў лейцамі па спіне і аказаўся на волі. Якім прыемным сюрпрызам для гаспадароў стала яго з’яўленне на двары!

Гэтымі ж днямі забралі каня і ў аднаго з суседзяў. Калі бяда была агульнай, людзі рэагавалі адэкватна, а як стала вядома, што суседскі конь дома, эмоцыі зашкалілі, і нарадзілася ідэя помсты.

Літаральна праз дзень пасля таго, як каштоўная частка гаспадаркі вярнулася да дому, Сцяпан накіраваўся да цёткі ў адну з вёсак на другі бок ад Івянца. На ўездзе ў пасёлак яму сустрэлася знаёмая бабуля. Яна наўмысна спяшалася, каб папярэдзіць: “Сусед ужо з раніцы прыходзіў у камендатуру і далажыў немцам, што ляснік мае зносіны з партызанамі”. Жанчына працавала ва ўстанове прыбіральшчыцай і выпадкова стала сведкай размовы. “Едзь, сынок, дадому, бо ў Івянцы цябе чакаюць. Скажы сваім, хай ратуюцца ад бяды!”

Малады хлопец так разгубіўся, што пазней расказваў: «Я здранцвеў ад яе слоў. Што рабіць, не ведаў. Думкі круціліся з неверагоднай хуткасцю, здавалася вось-вось страчу прытомнасць. У гэтым стане праехаў праз населены пункт, але нікога не сустрэў. Відавочна, што немцам было не да яго – Чырвоная Армія наступала, фашысты рыхтаваліся адступаць».

Сцяпан паведаміў бацьку пра пачутае. Мужчыны дамовіліся нікому пра выпадак не расказваць, нават маці. З болем успрынялі здрадніцтва аднавяскоўца, які выдаў сябе здзіўленым выглядам, калі сустрэў Івана з сынам. Па іх рэакцыі ён зразумеў: ведаюць. Прабачэння прасіць не стаў. Яны ж выкраслілі яго з ліку знаёмцаў.

Шмат пазней, калі Сцяпан пасталеў і сам стаў бацькам, расказаў гэту гісторыю дачцэ. Выпадковую сустрэчу з тым чалавекам дзяўчына запомніла на ўсё жыццё. Яе, падлетка, усхвалявала пытанне, як змог ён жыць далей, як не баяўся глядзець людзям у вочы. І сёння дарослая жанчына не-не ды і ўспомніць позірк з-пад ілба пажылога мужчыны. Ёй моцна хочацца верыць, што чалавек раскаяўся, і Бог даруе яму тую мінутную слабасць, калі дазволіў зайздрасці і злосці авалодаць душой.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *