Агляд падзей у раённай газеце за сакавік 1966 года

Культура

КЛОПАТЫ АБ МАЦІ

У нашым раёне дзяржаўную дапамогу атрымліваюць 867 мнагадзетных і адзінокіх маці. Штомесячна дзяржава выплачвае ім 6220 рублёў. Ёсць у нас і маці-гераіні. Такога высокага звання ўдастоены за выхаванне дзесяці і болей дзяцей Надзея Іванаўна Сухадольская з вёскі Слабада Дорскага сельсавета, Марыя Якаўлеўна Сокал з Пялікштаў і інш.

Сямёра дзяцей нарадзіла і выгадавала калгасніца сельгасарцелі “Чырвоная гвардыя” Надзея Янкоўская. У канцы мінулага года яна ўзнагароджана ордэнам “Мацярынскай славы” трэцяй ступені. А такія працаўніцы, як Ядвіга Якаўлеўна Доўнар з Ракава, Валянціна Іванаўна Тышкевіч з Адамова, Яніна Уладзіміраўна Сурынт з Гіравічаў і многія іншыя носяць на сваіх грудзях “Медалі мацярынства” першай ступені.

***

ЛЮБЯЦЬ ДЗЕЦІ ПРАЦУ

Падчас летніх канікул вучні Высокаўскай васьмігадовай школы заўсёды дапамагаюць хлебаробам роднага калгаса “Краіна Саветаў” на палявых работах.

Напрыклад, дзяўчынкі ў мінулым годзе даглядалі пасевы сельскагаспадарчых культур. А Валодзя Буракоўскі ўзяўся гадаваць калгасных трусоў. Некаторыя хлопчыкі прымалі ўдзел ва ўборцы ўраджаю. За старанную працу праўленне калгаса заплаціла дзецям грошы, за якія Коля Гнілазуб, Валодзя Буракоўскі і Віця Гнілазуб купілі сабе школьныя касцюмы. А Ваня Лявіцкі набыў гармонік. У гонар Міжнароднага жаночага дня вучні купілі сваім маці падарункі.

***

НА СПАРТЫЎНЫМ П’ЕДЭСТАЛЕ – ЛЕПШЫЯ

У гарадскім ціры ДТСААФ адбыліся стралковыя спаборніцтвы. У іх прынялі ўдзел 14 пярвічных арганізацый абаронна-масавага таварыства.

Першае месца ў агульнакамандным заліку занялі стралкі сярэдняй школы № 2 горада Валожына, наступныя два – Івянецкай СШ і Валожынскай школы-інтэрната. Выкладчык фізвыхавання школы-інтэрната Мікалай Шакун выбіў 95 ачкоў са 100 магчымых. Ён і заняў першае месца. 94 ачкі на рахунку М. Ермака з Івянецкай СШ, 93 – у І. Галваноўскага з Валожына.

Ганаровы прыз імя Героя Савецкага Саюза В. В. Шчарбіны сярод сельскіх спартсменаў раёна разыгрываўся сёлета ўпершыню. У папярэдніх спаборніцтвах, што праходзілі да фіналу, прынялі ўдзел 485 лыжнікаў. Лепшых вынікаў па суме ачкоў дабілася каманда лыжнікаў Зарачанскага сельсавета: Д. Банцарэвіч і Б. Чупрыс былі першымі на дыстанцыі 10 кіламетраў у асабістым заліку.

***

НА ВАХЦЕ – ЧЫГУНАЧНІКІ

Працоўную вахту ў гонар партыйнага з’езда нясе калектыў чыгуначнай станцыі Багданаў.

Многа цёплых слоў сказана пасажырамі ў адрас білетнага касіра Уладзіміра Данілавіча. Ён ветліва абслугоўвае пасажыраў, чула адносіцца да людзей.

Першынство ў спаборніцтве стрэлачнікаў займаюць Рыгор Бандарэнка, Часлаў Ляжневіч, Браніслаў Цузаноўскі і Іван Масцібродскі. Яны ўтрымліваюць стрэлачную гаспадарку ў выдатным стане, на працягу некалькіх гадоў працуюць безаварыйна.

***

УПЭЎНЕНЫМ ПОСТУПАМ

“Значна павысілася аплата працы хлебаробаў. На кожны працадзень выдалі па 2 кілаграмы зерня і 66 капеек грашамі. Той, хто старанна працаваў, больш і атрымаў.

Калгасніца Яўгенія Адамовіч адна атрымала за год 1061 рубель і 120 пудоў хлеба. Высокія заробкі ў перадавых механізатараў Яўгенія Сакалоўскага, Часлава Чарняўскага. У мінулым годзе яны зрабілі добрыя абновы, набылі прыгожую мэблю, а таксама тэлевізары і матацыклы.

Цяпер цяжка нават падлічыць колькі ў калгасе матацыклаў. У вёсцы Люцінка, напрыклад, яны ёсць амаль у кожным доме”, – піша К. Захарэвіч, старшыня калгаса імя К. Маркса.

***

ВЕТЭРАН НЕ ГУБЛЯЕ АПТЫМІЗМУ

У калгасах шмат слаўных працаўнікоў, рукамі якіх ствараюцца багацці гаспадаркі. Аляксандр Канстанцінавіч Амбражэй – пенсіянер, адзін са старэйшых хлебаробаў, які жыве на ўскраіне Налібоцкай пушчы, у аддаленай вёсцы Явідаўшчына.

Нягледзячы на свае 75 гадоў, ён адчувае сябе бадзёра і працягвае працаваць. Праўленне даверыла яму даглядаць цялят. А як працуе! За мінулы год ён выпрацаваў 693 працадні.

За сваё доўгае жыццё Аляксандр Канстанцінавіч многае бачыў і перажыў. Ён добра памятае час, калі на ўсю вёску быў толькі адзін гадзіннік.

Папрыгажэлі дамы, прыемна зайсці ў іх. У кожным па 2-3 веласіпеды, дабротная мэбля.

– Такога раней не бачыў, – расказвае старэйшы хлебароб. – Драўляны тапчан ды палок замянялі мэблю. Хто ў нашай вёсцы п’е чай без цукру? Не знойдзеш такой сям’і. А пры панах яго ўжывалі толькі хворыя людзі. Каб вырваць хворы зуб, раней трэба было плаціць урачу 5-7 злотых. Каб зарабіць гэтыя грошы, неабходна было працаваць некалькі дзён.

Калі сустракаешся з гэтым працавітым, любячым родную зямлю чалавекам, кожны раз бачыш, як ён радуецца жыццю.

***

СЕМІНАР ЮНЫХ ЖУРНАЛІСТАЎ

У Валожынскім Доме піянераў адбыўся семінар рэдактараў школьных насценных газет.

У ім прынялі ўдзел юныя газетчыкі са многіх школ раёна. Намеснік рэдактара раённай газеты П. Бародка раскрыў рабятам сакрэты выпуску цікавага і змястоўнага выдання. Школьнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з заметкамі юных карэспандэнтаў, у якіх расказваецца аб шматгранным школьным жыцці. Лепшымі па зместу і афармленню прызнаны насценгазеты “Юбілейная” Валожынскай школы-інтэрната, “Насустрач выбарам” Валожынскай СШ № 2, “Камсамольскі пражэктар” Вішнеўскай СШ. Адзначана таксама, што самая баявая сатырычная газета выпускаецца ў Шчалканаўскай васьмігадовай школе. Рэдкалегіі названых насценгазет узнагароджаны Ганаровымі граматамі райкама камсамола.

***

СПРАВА РУК МАЛАДЫХ

Ініцыятыўная і працавітая моладзь у калгасе “Рассвет”. Камсамолкі Фаня Ждановіч і Марыя Лялей – лепшыя даяркі, Часлаў Кулак, Іосіф Маляўскі, Станіслаў Мінкевіч – ініцыятары сацыялістычнага спаборніцтва сярод механізатараў. А хіба што скажаш кепскае ў адрас шафёра Станіслава Новіка, цялятніцы Алы Бібік! Наўрад ці пералічыш адразу ўсіх нашых перадавікоў, майстроў сваёй справы.

У калгасе створаны калектыў самадзейнасці. Камбайнер Дзмітрый Бібік любіць удзельнічаць у п’есах, трактарыст Іосіф Маляўскі – лепшы дэкламатар. Палявод Часлаў Бібік і заатэхнік Казімір Лаўрыновіч – таксама не з апошніх сярод самадзейных артыстаў. А кіруе імі загадчыца сельскага клуба Іра Голуб.

Рашылі наладзіць і спартыўнае жыццё. Многія трактарысты гуляюць у футбол і валейбол, а Уладзімір Лялей – нядрэнны шашыст. На камсамольскім сходзе вырашылі сваімі сіламі пабудаваць калгасны стадыён з бегавымі дарожкамі, футбольным полем, баскетбольнымі і валейбольнымі пляцоўкамі. Рыхтуе каманды спартсменаў выкладчык фізкультуры Сівіцкай васьмігадовай школы Адам Васілеўскі.

***

ДОБРЫ ПАДАРУНАК

Падарунак у гонар Міжнароднага жаночага дня зрабіў жанчынам калектыў Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі.

Жанчынам, без сумнення, спадабаюцца падарункі і сувеніры з маёлікі, якія вырабіў да свята калектыў цэха мастацкай керамікі. Парадуюцца жанчыны і вырабам вышывальшчыц. Іх прадукцыя вядома далёка за межамі рэспублікі: у Казахстане, Латвіі. Заказы на вырабы атрыманы з Камчаткі і Сахаліна. Выдатных поспехаў у працы дасягнулі ткачыха Часлава Новік, краўчыхі Леанарда Валкановіч, Ванда Ждановіч. Толькі высакаякасную прадукцыю выпускае вышывальшчыца, дэпутат раённага Савета дэпутатаў працоўных Ванда Дзядзейка.

***

РАПАРТУЮЦЬ РАБОЧЫЯ

Выдатны падарунак форуму камуністаў падрыхтавалі рабочыя Валожынскага масласырзавода. Звыш плана выпушчана на 75 тысяч рублёў масла і сыру.

Ударнікамі працы з’яўляюцца майстар Іван Салавей, старэйшая рабочая завода Вікторыя Бобрык і зменны майстар Ганна Акудовіч. За высокія вытворчыя паказчыкі яны ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства мяса-малочнай прамысловасці БССР.

***

З ЗАПАЛАМ…

Студэнт-завочнік Вацлаў Пратасевіч, нядаўні выпускнік сярэдняй школы  Яўгеній Урбан, вучні вячэрняй школы сельскай моладзі Іван Шабуня і Іосіф Урбан працуюць у збожжасховішчы калгаса імя К. Маркса.

Хлопцам даручылі адказную справу – падрыхтоўку насеннага матэрыялу да вясны. Камсамольцы горача ўзяліся за працу. Каля 100 тон насення збожжавых, зернебабовых і іншых культур ачысцілі ад прымесей чацвёра маладых калгаснікаў. Яно даведзена да высокіх кандыцый. А цяпер хлопцы вядуць пратручванне насення. Апрацаваны ядахімікатамі першыя тоны насення лёну. А ўсяго яго будзе пратручана 21 тона.

***

ВЯЛІКІ ЎКЛАД

Ёсць чым ганарыцца калектыву рабочых Івянецкага прамкамбіната. Да дня адкрыцця XXIII з’езда КПСС яны атрымалі важную працоўную перамогу – рабочыя прадпрыемства рапартавалі аб датэрміновым выкананні вытворчага плана першага квартала.

Вялікі ўклад у гэту справу ўнеслі мэблевы і кафляны цэхі, якімі кіруюць камуністы Сцяпан Цішкевіч і Іван Сапожнікаў. З перавыкананнем зменных заданняў працуюць рабочыя Іван Янушкевіч, Зігмунд Сакалоўскі, Часлаў Ламака і інш. Усе яны носяць імя ўдарнікаў камуністычнай працы.

***

ДАЎГАЛЕЦЦЕ

Жыве ў калгасе “Рассвет” Альжбета Станіславаўна Сержан – самы старэйшы чалавек у арцелі. Нядаўна ёй споўнілася 100 гадоў.

Амаль цэлае стагоддзе за плячыма ў Казіміры Антонаўны Сцяпко з той жа сельгасарцелі. Але, нягледзячы на такі ўзрост, жанчына адчувае сябе надзвычай добра. Яна ўсё бачыць, чуе, у памяці захаваліся падзеі далёкага часу, аб якіх яна расказвае сваім унукам і праўнукам. У Казіміры Антонаўны чацвёра дзяцей, 21 унук і 20 праўнукаў.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий