Перамога — у нашых сэрцах

Дата 9 мая і праз прызму 74-х гадоў не губляе для нас сваёй значнасці. У беларусаў стаўленне да Дня Перамогі асабліва трапяткое – у той вайне мы страцілі кожнага трэцяга суайчынніка. Страшная статыстыка… Але свята “са слязамі на вачах” кожны раз будзіць не толькі цяжкія ўспаміны аб ваенным ліхалецці. Яно дорыць сапраўдную радасць ад сённяшняга мірнага жыцця і надзею на такую ж спакойную будучыню.

Вялікая Перамога прыйшла ў наша жыццё 74 гады таму, калі ў маі 1945 года ў прыгарадзе Берліна быў падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі фашысцкай Германіі. З той пары ўражанне ад гэтага дня ніколі не псуюць ні спёка, ні холад, ні дождж. Святочны ж ранак 2019 года выдаўся надзвычай камфортным. Яшчэ да пачатку ўрачыстасцей у цэнтры Валожына было людна. З усіх бакоў на месца правядзення памятнага мітынгу збіраліся людзі – кіраўнікі і працаўнікі арганізацый, моладзь, пажылыя грамадзяне. На плошчу Свабоды прыйшло шмат гасцей, у тым ліку і з-за мяжы. Вось толькі галоўных герояў свята было да крыўднага мала. Асабіста падзяліць з валожынцамі радасць падзеі знайшлі сілы толькі два ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны – жыхар Сакаўшчыны Мікалай Рыгоравіч Гарнастай і Генадзій Якаўлевіч Канцавы з Пугачоў. Мікалай Рыгоравіч юнаком быў прызваны ў Чырвоную Армію пасля вызвалення Беларусі. Служыў за Масквой у мінамётным палку, выконваў абавязкі санінструктара. Генадзій Якаўлевіч родам з Оршы. У гады акупацыі быў сувязным у партызанскім атрадзе Заслонава.

Па традыцыі з вітальным словам да ветэранаў і жыхароў Валожыншчыны звярнуўся старшыня райвыканкама М. А. Астрэйка. Мікалай Анатольевіч узгадаў асноўныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, яе наступствы для нашай краіны. “У год, калі Беларусь адзначыць 75-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – адзначыў кіраўнік раёна, – мы абавязаны ў чарговы раз пераасэнсаваць даўнія падзеі і зрабіць усё, што залежыць ад кожнага з нас, каб захаваць мір і стабільнасць на шматпакутнай беларускай зямлі. Стваральная праца, пашана да пакалення пераможцаў, годнае выхаванне моладзі, догляд за помнікамі і абеліскамі… Усё гэта – наш святы абавязак”.

Камандзір воінскай часці Андрэй Віктаравіч Калач у сваёй прамове падкрэсліў: сучасныя ваеннаслужачыя з павагай захоўваюць баявыя традыцыі старэйшага пакалення і, як некалі дзяды і прадзеды, гатовы годна абараняць незалежнасць сваёй Айчыны.

Шкада, але тыя, хто здабываў для нас перамогу, не могуць пахваліцца здароўем. Сіл, каб асабіста падзяліцца ўспамінамі, ужо няма. І не дзіва, яны вельмі пажылыя людзі. Аднак іх прысутнасць на мітынгу – сама па сабе падзея. Галасы многіх з іх можна было пачуць у запісе яшчэ да пачатку мітынгу, а слова ад старэйшага пакалення трымаў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі, удзельнік вайны ў Афганістане Мікалай Рыгоравіч Русакевіч.

Урачыстасці ў гонар Дня Перамогі ніколі не абыходзяцца без удзелу юных грамадзян. На гэты раз выступіць даверылі адзінаццацікласніку СШ № 1 г. Валожына Даніле Жданюку. Юнак выдатна справіўся з даручэннем. Ён ад імя сваіх равеснікаў запэўніў прысутных: “Моладзь Беларусі не абыякавая як да мінулага роднай зямлі, так і да яе будучыні. Юнакі і дзяўчаты ганарацца продкамі і абавязкова зробяць усё магчымае, каб жыццё суайчыннікаў было мірным і шчаслівым”. На плошчы сабралася шмат дзяцей. Некатарыя разам з ваеннымі неслі ганаровы каравул ля вечнага агню і помніка загінуўшым героям-вызваліцелям нашага горада. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі сталі ўдзельнікамі акцыі “Беларусь памятае” – прыйшлі на свята з партрэтамі сваіх продкаў-удзельнікаў вайны. Напрыклад, вучні СШ № 2 Марат Шаўлюк, Іван Бацян і Дзіяна Карабан прынеслі фотаздымкі прадзедаў. Школьнікі добра знаёмыя з біяграфіямі родных людзей, якіх, на жаль, ніколі не бачылі. А вось мужу і жонцы Турпаковым пашанцавала застаць баявых сваякоў жывымі, праўда, не ўсіх. Бацька Уладзіміра Віктаравіча быў франтавіком, меў мноства ўзнагарод, пражыў доўгае, шчаслівае жыццё, а вось дзядзьку расстралялі паліцаі. Адзін дзед Таццяны Генадзьеўны загінуў пры вызваленні Польшчы, а другі быў паранены пад Сталінградам, але сям’я дачакалася свайго франтавіка.

У гонар тых, хто навечна застаўся ў памяці ўдзячных патомкаў маладым, адбылася цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да брацкай магілы. Нетаропка, у суправаджэнні пранізлівай мелодыі, рухаўся людскі паток у траурным шэсці. Галовы перад памяццю аб збавіцелях планеты ад самай кровапралітнай вайны ў гісторыі чалавецтва схілілі старшыня райвыканкама М. А. Астрэйка і старшыня раённага Савета дэпутатаў П. І. Бібік, ветэраны, вайскоўцы, прадстаўнікі працоўных калектываў… Гук метранома падкрэсліў трагізм ваенных падзей падчас хвіліны маўчання. Але свята Дня Перамогі заўсёды напаўняецца не толькі шчымлівымі момантамі, але і яркімі, пазітыўнымі эпізодамі. Прахаджэнне парадным маршам афіцэраў і салдат выклікала ў прысутных шчырыя, радасныя ўсмешкі і гонар за сучасных людзей у пагонах. Да вайскоўцаў далучыліся прыгажуні-мажарэткі і музыканты ўзорнага духавога аркестра ДШМ, а таксама ўдзельнікі акцыі “Беларусь памятае”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars