Квiтнее май пад мiрным небам!

Дзень Перамогі – свята са слязамі на вачах… Аддаўшы пашану загінуўшым у вайне, людзі стараюцца правесці выхадны са сваімі сем’ямі, у коле сяброў і добразычліўцаў, так, каб не сумаваў ні стары, ні малы.

У нашым райцэнтры кожны наведвальнік урачыстасці мог цікава і з карысцю бавіць час з самага рання. Гандлёвыя палаткі прапаноўвалі разнастайныя харчовыя тавары, сувенірную прадукцыю. На плошчы Свабоды рэалізоўваліся нязменныя спадарожнікі масавых свят: смажаны шашлык і купаты, цукровая вата і пап-корн. Праўда, такія прысмакі нават агулам не змаглі канкурыраваць з галоўным пачастункам – салдацкай кашай. Палявая кухня ледзь толькі была дастаўлена, тут жа трапіла “ў палон” рознаўзроставага натоўпу. Кожнаму хацелася паспытаць гарачай, духмянай пярлоўкі, згатаванай з дабаўленнем морквы, цыбулі, мяса. Да асноўнай стравы выдавалася яшчэ і шчодрая луста свежага хлеба. Смаката! Асабліва на свежым паветры.

Пра тых, хто імкнуўся насыціцца духоўна, арганізатары таксама паклапаціліся. Работнікі бібліятэчнай сістэмы падрыхтавалі выставу кніг, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх – дакументальныя выданні, даведнікі, зборнікі ўспамінаў, мастацкая літаратура.

Сапраўдным упрыгажэннем свята смела можна назваць стэнд з дзіцячымі малюнкамі. Выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў раёна адлюстравалі ў жывапісе сваё ўяўленне аб героях-ветэранах, аб перамозе дабра над злом. Як расказала настаўніца Валожынскай ДШМ Вольга Прыёмка, дзеці амаль два месяцы рыхтавалі работы, праявіўшы нямала фантазіі і старання.

Для тых малышоў, якія толькі пачынаюць знаёмства з рэчаіснасцю, працавалі шматлікія забаўляльныя атракцыёны. Колькі весялосці падарылі самым маленькім батуты, коўзанкі, надзіманыя замкі! Хлапчукі сярэдняга ўзросту і старэйшыя гулялі “ў вайну” з лазернымі аўтаматамі, спаборнічалі ў меткасці ў цірах.

Але ўсё пералічанае вышэй стала толькі прыемным дапаўненнем да галоўнага відовішча – канцэрта, прысвечанага Вялікай Перамозе. Ваенныя песні, голас Левітана, дзявочыя строі і ваенная форма пачатку 40-х мінулага стагоддзя акунулі гледачоў у тую гераічную эпоху. Сёлета акрамя нумароў у выкананні артыстаў з ліку культработнікаў, значную частку праграмы ўзялі на сябе ваеннаслужачыя мясцовай часці. Рыхтавала іх Лілія Бітэль, якая адказвае за культмасавую работу з асабовым саставам. Парадаваў кожны салдацкі нумар. Сярод салдат была і адна прыгажуня – Лізавета Самахвастоўская. Калі юнакі ў Валожыне аказаліся па загадзе камандавання, то яна – наша, валожынская. Ветэран вайны Генадзь Канцавы, расчулены ўбачаным, выйшаў на сцэну і шчыра падзякаваў за дастаўленую святам радасць, а яшчэ прачытаў некалькі вершаваных твораў, якія выйшлі з-пад яго пяра.

Напрыканцы канцэрта ганаровыя госці і ветэраны перажылі яшчэ адзін хвалюючы момант – моладзь уручыла ім букеты. Было бачна, што цёплыя пачуцці ахапілі і тых, хто дарыў, і тых, хто атрымаў майскія кветкі – сімвал Вялікай Перамогі нашага народа…

 Выступае ветэран вайны Генадзь Канцавы.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Новости БелТА

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Свежие записи


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars