Іх цудоўныя сем “Я”

У красавіку ў Вілейцы адбыўся занальны этап конкурсу “Сям’я года Міншчыны”, падчас якога наш раён прадставіла сям’я Ірыны Максімаўны і Цімафея Сяргеевіча ЯСКУ з Валожына. Разам з бацькамі ў мерапрыемстве прынялі ўдзел пяцёра нашчадкаў – Мілана, Веньямін, Ягор, Ілья і Максім.

 Для ўдзелу ў спаборніцтвах сямейная каманда падрыхтавала відэафільм, у якім адлюстравала гісторыю свайго радаводу, сямейныя звычаі і традыцыі. Была прадстаўлена таксама жывая прэзентацыя-візітоўка “Мая сям’я”. Акрамя таго, удзельнікамі конкурсу, у тым ліку і нашымі героямі, была наладжана выстава творчых работ.

 Гісторыя Ірыны і Цімафея незвычайная. Сказаць, што ў момант сустрэчы ўспыхнула каханне, было б няпраўдай. Яны, зусім юныя, пазнаёміліся на вяселлі. Узаемная сімпатыя да адносін не падштурхнула. Наступнае спатканне адбылося толькі праз шэсць гадоў, і зноў на вяселлі. Вось тут усё і пачалося. Неўзабаве малады чалавек зрабіў дзяўчыне прапанову. Іх, так бы мовіць, выспеўшыя ўзаемаадносіны сталі трывалым падмуркам у будаўніцтве сям’і. Ірына – з Палесся, а палешукі заўсёды вызначаюцца дабрынёй і працавітасцю. Валожынец Цімафей, прадстаўнік паважанай сям’і Яску, – надзейны, разумны, сапраўдны мужчына.

 Як высветлілася, маладыя незалежна адзін ад аднаго марылі пра тое, каб мець некалькі дзяцей. Калі чакалі першынца, прынялі рашэнне пераехаць са сталіцы на радзіму мужа. Мілана – іх дачушка, стала найвялікшай радасцю і тым самым падарункам лёсу, які поўнасцю памяняў жыццё.

 Знаходзячыся ў дэкрэце, Ірына вырашыла не марнаваць час, а заняцца творчасцю. У выніку асвоіла дызайнерскія навыкі. Пакуль муж праяўляў сябе ў якасці будаўніка, жонка афармляла банкеты, дзіцячыя святы, затым занялася пашывам бальных сукенак, аксесуараў да іх, рознай вясельнай атрыбутыкі.

 Калі ў сям’і з’явілася другое дзіця, а затым і трэцяе – сыны Веньямін і Ягор, жыць у матэрыяльным сэнсе стала цяжэй. Але ў той час малады мужчына ўжо адкрыў сваю справу па аздабленні кватэр. Яску сталі рыхтавацца да будоўлі ўласнага дома. У самы разгар работ нарадзіліся Ілья і Максім. Пагодкі сталі чацвёртым і пятым дзецьмі.

 Сёння Яску жывуць у бацькоўскім доме, але хутка пераселяцца ва ўласны – прыгожы і ўтульны. Ірына і Цімафей актыўна развіваюць справы, якімі займаюцца. Муж асвоіў новыя тэхналогіі ў будоўлі, жонка адкрыла салон святочных паслуг. Дзеткі радуюць. Кожны мае творчыя здольнасці, але праяўляе іх па-рознаму. Мілана іграе на фартэпіяна і скрыпцы, вывучае замежныя мовы. Веньямін на “ты” з флейтай, любіць спорт, асабліва плаванне, добра спявае і танцуе. Малодшыя Ягор, Ілья і Максім яшчэ наведваюць дзіцячы сад, але па ўсім відаць, што ў хуткім часе і ім давядзецца вызначацца з творчымі гурткамі і секцыямі.

 Яску жывуць дружна, весела. Стараюцца ўсё рабіць разам, каб у кожнага была магчымасць знайсці сябе. Хапае часу ў няўрымслівых людзей і на ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Яны ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях, іншых мерапрыемствах. Дарэчы, Цімафей цудоўна спявае, валодае некалькімі музычнымі інструментамі, гэтыя здольнасці развівае і ў дзяцей. Таксама, як і Ірына. Жанчына стараецца перадаць дачцэ і сынам свае ўменні, мастацкі густ, пачуццё формы і колеру.

 Яны лёгкія на пад’ём. Калі атрымалі прапанову прадставіць Валожыншчыну на конкурсе, адмаўляцца не сталі. Сумесная творчасць, упэўнены старэйшыя Яску, сплочвае родных, дае магчымасць, як кажуць, адчуць плячо тых, хто побач. На будучыню маюць мноства планаў – прафесійных, творчых, сямейных. Глянуўшы на іх прыгожыя, светлыя, энергічныя твары, разумееш: абавязкова свайго даб’юцца.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Новости БелТА

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Свежие записи


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars