Май

Рэдакцыя прапануе чытачам, аматарам і прыхільнікам прыроды новую і адначасова добра забытую старую рубрыку “Акно ў прыроду”. За аснову ўзяты каляндарны год: кожны месяц у матэрыяле пастараемся падрабязна апісаць прыродныя з’явы, феналагічныя назіранні, якія будуць перамяжоўвацца вытрымкамі з вершаў беларускіх паэтаў, паданнямі, міфамі, прыказкамі, прымаўкамі, характэрнымі для гэтага месяца.

Звяртаемся да чытачоў: далучайцеся да справы і дасылайце ў рэдакцыю свае лісты з назіраннямі і ўражаннямі пра цікавыя, незвычайныя і рэдкія праяўленні ў прыродзе. Вы дапаможаце нам разам стварыць своеасаблівы банк даных аб прыродных з’явах, якія ўласцівы менавіта Валожыншчыне.

МАЙ                      

У травень будзе мужык управен.

Прыйшоў май – скаціну ў поле пхай.

Май зямлю грэе, сіверам вее.

Май халодны – не будзеш галодны.

Мокра ў маі – будуць пышныя караваі.

Як у маі суха, то падцягвай бруха.

Майская трава галоднага корміць.

Грымоты ў маю спрыяюць ураджаю.

Май – і пад кустом рай.

Май халодны, год хлебародны.

СЫМОН-МУЗЫКА

(урывак з паэмы)

Быў якраз пачатак мая.

Ну й была тады вясна!

Ось такая, што бывае

Можа ў сотні лет адна!

Было ў меру ўсё і ў пору:

Дожджык пройдзе, зноў цяпло,

Травы, краскі гнала ўгору

На прасторы, на святло…

А дзянёчак як настане,

Тая ранічка вясны!

Кропля роскі на каптане

Блеск запальвае дзіўны:

У ёй зорчын смех блукае,

І вясёлкі ў ёй дрыжаць,

А лес радасцю гукае,

Шчасцем вее сенажаць.

А вакол так ціха-гожа,

А паслухаеш – чутно,

Як расце трава і збожжа –

Нівак свежае руно.

І з зямлі празрыстым парам

К небу ўзносіцца туман,

Як малітва сонцу, хмарам,

І дрыжыць, гарыць пажарам

Скат узгоркаў і курган.

Ну, вясна была на дзіва.

Якуб КОЛАС

 

У сучаснай беларускай літаратурнай мове назве месяца май адпавядае старажытнабеларуская травень, якая паходзіць ад слова “трава”, бо ў гэтым, пятым, месяцы года зямля пакрываецца зеленню – травой. Такое найменне захавалася не толькі ў старажытных пісьмовых крыніцах, але і ў вуснай народнай творчасці. Май – адзіная ў нас назва, узятая з лацінскай мовы. Па паданні, май сваю назву атрымаў ад Майі, дачкі Атланта, маці Бога гандлю Меркурыя.

ПРЫРОДНЫЯ З’ЯВЫ

На май прыпадае трэці падсезон – разгар вясны: цягнецца ўвесь месяц і першыя дні чэрвеня. Сярэднямесячная тэмпература паветра – вышэй за 10 градусаў цяпла. Колькасць сонечных дзён – 15-18. Раздаецца першы гром. Пасля цёплага дажджу на небе з’яўляецца першая рознакаляровая вясёлка. Але бывае, што вяртаюцца і халады, начныя замаразкі ў маі – звычайная з’ява. У некаторых раёнах на нізкіх глебах паверхня пры паніжэнні тэмпературы астывае ніжэй за нуль. У маі, часцей чым у іншым месяцы года, выпадае град, можа нават выпасці на некалькі дзён снег. Пра такія майскія з’явы людзі гаварылі: “У май каню сена дай, а сам на печ уцякай”.

Май – апошні месяц вясны, месяц песень, гняздоўя і бурнай зеляніны. Вясна ў гэты час раскрываецца ва ўсёй сваёй непаўторнай прыгажосці, напаўняючы наваколле разнастайнасцю фарбаў, гукаў, пахаў. Маляўнічая палітра мая, як загадкавы чараўнік, раскладае ўсё навокал на колеры: рэзкія, свежыя, без паўтаноў – зялёны і блакітны, жоўты і аранжавы, сіні і пунсовы – усіх не пералічыць. Нават у пахмурны дзень майская зеляніна шматтраўя не згасае.

Май у час цвіцення многіх дрэў і кустоў дорыць сапраўдныя цуды – прыгажосць ад цвіцення садоў непаўторная! Амаль што адначасова ў нізінах каля рэчак і азёр зацвітае чаромха – яе цвіценне звычайна супадае з надыходам апошняй хвалі халадоў. У народзе яны так і называюцца – “чаромхавыя халады”. Праз 7-10 дзён пачынае цвісці бэз, за ім расцвітаюць рабіна і каліна, настае “рабінавае цяпло”. Яно ўсталёўваецца надоўга. Адметная рыса гэтага часу – з’яўленне цэлых клубоў машкары, якая ўецца ў паветры амаль што бесперапынна. Вечарам з’яўляюцца начныя матылькі, майскія жукі (хрушчы). Пасля першых цёплых начэй не вельмі высока над зямлёй узнімаюцца “хмаркі” яшчэ сонных камароў, але неўзабаве іх пісклявыя і надакучлівыя галасы стануць назаляць жывёле і чалавеку.

Заканчваецца вяртанне з цёплых краёў пералётных птушак. У ліку апошніх завяршаюць падарожжа ластаўкі, стрыжы, казадоі. Спеў птушак напаўняе наваколле – яны раздаюцца з усіх бакоў і не змаўкаюць ні на хвіліну. Бяспечна трашчаць дразды, пералівіста заліваецца шпак, адрывіста пасвістваюць івалгі. А ўначы на лугах пачынаюць аднатонна дзерці горла славутыя пешыя хадакі-драчы.

Лес у гэты час стаіць у суцэльнай зеляніне: ап’яняючы, пахне маладая клейкая лістота бяроз і таполі, наліліся свежай смалой і пайшлі ў рост іголкі елкі і сасны, а ў нізе – незлічонае мноства разнатраўя і кветак. Далікатнымі белымі зорачкамі цвіце кураслеп дуброўны, ружова-фіялетавымі суквеццямі – чубатка, залаціста-жоўтым колерам – чысцяк вясенні, буйнымі ліловымі званочкамі – сон-трава. Асаблівая даніна павагі прыгожай і любімай кветцы мая – ландышу, назва якога ў перакладзе з лацінскага азначае “лілея далін, што цвіце ў маі”. У другой палове мая адрастае на лугах шчаўе – лугавы лімон, а на зыходзе месяца амаль усе ўзлескі і паляны пакрывае шчыльным дываном мар’яннік – Іван ды Мар’я.

СВЯТЫ І АБРАДЫ

На май прыпадае цэлы цыкл вясенніх свят і прысвяткаў, якія ў народным календары нашых продкаў звязаны з земляробствам і жывёлагадоўляй, з прыроднымі з’явамі. Самыя значныя: Ляльнік – 5 мая (22 красавіка ў католікаў), Юрый (Ягорый) – 6 мая (28 красавіка), Мікола вясенні – 22 мая (9 мая).

Карані Юр’еўскага свята паходзяць яшчэ з язычніцкай рэлігіі, яму адпавядаў Бог Вялес – ахоўнік дамашняй жывёлы і дабрадзей хатняй гаспадаркі, а таксама Ярыла – сын Лады і Даждзьбога, апекуноў урадлівасці і закаханых. Па сутнасці гэта даўняе земляробчае свята першага выгану кароў на пашу. У хрысціянскі перыяд Святы Юрый (Ягорый) замяніў Ярылу, стаў апекуном жывёлы і земляробства. У сённяшняй народнай міфалогіі Святы Юрый з’яўляецца стаўленікам Бога сярод людзей: ён быццам бы адмыкае прабуджаную пасля зімовага сну зямлю і пускае на яе расу, ад якой усё жывое набірае рост і моц. У народных уяўленнях Святы Юрый “замыкаў раты” звярам, ахоўваў статак, штодзень аглядаў каласістыя палі і засцерагаў іх ад розных прыродных стыхій. У гэты дзень сяляне наведвалі сваю ніўку, засеяную жытам і пшаніцай, маліліся багам на шчодры ўраджай. Карысна было чалавеку ў гэты дзень акрапіцца юр’еўскай расой, каб набрацца моцы і здароўя на ўвесь працоўны сялянскі год.

Свята Міколы веснавога штогод прыпадае на 22 мая (у католікаў – на 9 мая). Свяціцель Мікалай Цудатворац, як і Юрый, вельмі шануемы ў хрысціян святы. Некаторыя даследчыкі беларускай і славянскай міфалогіі лічаць прататыпам у язычніцкай рэлігіі хрысціянскаму Міколе Стрыбога – Бога вады і вятроў. У сялянскім жыцці гэта было апошняе веснавое свята – рубеж, які вызначаў, што можна было сеяць і садзіць да гэтага дня і пасля. Так, да Міколы стараліся пасеяць яравыя, пасадзіць бульбу. Казалі: “Сей авёс у гразь, будзеш князь”. Затым, пры ўмове ранняй і цёплай вясны, сеялі ячмень, лён, проса, каноплі. Ячмень – калі масава зацвіталі дзьмухаўцы. Пасля Міколы сеялі і садзілі больш цеплалюбівыя культуры – гарох, агуркі, памідоры, перац, пазней – грэчку. У некаторых беларускіх прыказках адлюстраваны такі парадак земляробчых работ: “Прыйшоў Мікола – сей, не пытай ні ў кога”, “Да Міколы не сей грэчкі, ды не стрыжы авечкі”. Сяляне лічылі, што Мікола прыносіць на зямлю сапраўднае цяпло і з гэтага часу можна стрыгчы авечак і выганяць іх на пашу. Людзі гаварылі, што менавіта ад Міколы з устанаўленнем цяпла ажываюць камары і мошкі.

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ

Згодна са старажытнымі ўяўленнямі, кожная пара года мела свайго міфічнага апекуна: вясна – Лялю, лета – Цёцю, восень – Жытня, зіма – Зюзю.

Па традыцыі напярэдадні Юр’я нашы продкі праводзілі Ляльнік – свята вясны ў гонар багіні Лады (Лялі). Некаторыя даследчыкі лічаць, што, калі Лада – багіня веснавога дабрабыту і апякунка закаханых, то Ляля выступала як памочніца ці як паўнапраўнае бажаство, якое зноў-такі ў нечым дапаўняла Ладу ці брала на сябе частку яе непасрэдных функцый. Калі гаварыць пра закаханых, тут з’яўляецца яшчэ адзін цікавы персанаж мужчынскага полу – Лель, які ўяўляе сабой закаханага ў Лялю.

Даследчык Б. Рыбакоў па-свойму паспрабаваў растлумачыць сувязь і існасць Лады і Лялі. Лада – вялікая багіня вясенне-летняй урадлівасці, апякунка вяселляў і сямейнага жыцця. Яе дачка Ляля (Леля, Лёля) увасабляе вясну, вясеннюю зеляніну, росквіт абноўленай прыроды.

Падрыхтаваў Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Новости БелТА

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Свежие записи


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars