Пра наша адвечнае…

Культура

Вокны беларускай хаты  найчасцей выходзілі ў двор і на вуліцу, а вось адна сцяна абавязкова была глухая, каб захоўваць цяпло ў доме і не заглядваць гаспадарам у суседні двор, а потым не пляткарыць.

У сялянскай хаце пад іконамі звычайна стаяў стол, уздоўж сцен – лаўкі. Ніколі ў вясковых хатах не было замкоў. Калі гаспадароў не было дома, дзверы звычайна прычынялі. Стомлены падарожнік мог зайсці ў дом і пачаставацца хлебам, квасам, малаком, калі ў яго не было часу пачакаць гаспадароў. Толькі з другой паловы XVIII стагоддзя ў Беларусі пачынаюць з’яўляцца замкі, таму што пачасціліся выпадкі крадзяжоў.

Важнае месца ў хаце займала печ, яна карміла, сагравала, лячыла. Па народнаму павер’ю, на Дзяды праз трубу ў дом спускаюцца душы памёршых продкаў.

Каля печы звычайна стаялі качарга, лапата, на якой садзілі хлеб у печ. У час навальніцы хлебную лапату выстаўлялі на вуліцу – яна засцерагала дом ад пажару. Каля печы стаяла яшчэ і чапяла. Бліны тады пяклі ў кожнай хаце. З пячных прыстасаванняў можна было сустрэць драўляную доўгую лыжку, ручка метра паўтара, каб з яе дапамогай апускаць прама ў кіпень у чыгунок «камы з душамі» – гэта такія вялікія клёцкі з цеста як для дранікаў з рознай начынкай.

Пад печкай у халодныя зімы трымалі курэй. Каля печы стаяла дзежка – сімвал дабрабыту. У ёй замешвалі цеста, а старую дзежку ніколі не выкідалі. Перад замужжам нявеста садзілася на дзяжу, і ёй распляталі касу.

Адным з асноўных рамёстваў беларускіх жанчын было ткацтва. З ім звязаны многія звычаі і абрады. Нашы продкі ніколі не сеялі лён у панядзелак – цяжкі дзень. У аўторак пасееш – доўга будзе ўзыходзіць. Серада таксама неспрыяльны дзень для пасеву. Чацвер – для чарвей, а не для раслін. У нядзелю людзі адпачывалі. А таму заставаліся для пасеву толькі пятніца і субота. Калі на небе шмат воблакаў – гэта да добрага ўраджаю.

У 6-7-гадовым узросце дзяўчынка ўжо ткала. Яе першае сукно было грубым і не вельмі акуратным, але яго не выкідалі, а складалі ў пасаг. Да замужжа навыкаў у дзяўчыны прыбаўлялася, і палатно станавілася ўсё больш тонкім і роўным, а куфар цяжэў. Па куфру вызначалі, заможная сям’я ці не. Добрым пасагам лічыўся куфар, які дзесяць мужчын з цяжкасцю адрывалі ад зямлі.

Сукно выраблялі з шарсцяных нітак, палатно – з ільняных. Пасаг камплектаваўся з палатна рознай якасці. Скрыня заўсёды была на замку, у ёй захоўвалі адзенне і палатно.

У кожным рэгіёне, а то і ў вёсцы, былі свае арнаменты. Ромбы сімвалізавалі дабрабыт, сонца, чырвоны колер – агонь, жыццё, чорны – зямлю, васільковы – неба. Пакланяліся беларусы і беламу колеру – колеру здароўя, свабоды і незалежнасці.



Добавить комментарий