Маленькія сакрэты вялікага поспеху

Общество

Паслугамі, што прапануе ДУП “Аўтапарк № 14” горада Валожына, карыстаўся кожны жыхар раёна. Дарогі, па якіх курсіруюць валожынскія аўтобусы, звязваюць між сабой каля 430 населеных пунктаў. Сёння мы абслугоўваем 33 маршруты даўжынёй звыш 1600 кіламетраў, актыўна займаемся грузаперавозкамі.
Добрасумленная праца нашага вялікага калектыву прыносіць плады. У 2009 годзе атрымалі 250 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. Прадпрыемства спрацавала з 6,2-працэнтнай рэнтабельнасцю, а па грузаперавозках гэта лічба дасягнула 19 працэнтаў!
Трымацца на плаву падчас крызісу няпроста, але магчыма. Гэтаму паспрыяла і тое, што яшчэ два гады таму вывелі з эксплуатацыі ўсю бензінавую тэхніку. Зараз выкарыстоўваем транспартныя сродкі выключна з дызельнымі рухавікамі: яны на 30 працэнтаў больш эканомныя. Шчыра працавалі нашы работнікі на перавозках грузаў. Мы самі шукалі патэнцыяльных заказчыкаў, працавалі ў Маладзечанскім і Стаўбцоўскім раёнах. Ставала работы і на месцы: па заяўках ДРБУ № 167 вазілі асфальт і шчэбень, падсыпалі дарогі, удзельнічалі ў будаўніцтве і ўпарадкаванні тэрыторый ля фермаў СВК раёна. Дывідэнды прынёс таксама рамонт рухавікоў да трактароў і “МАЗаў”, якімі займаюцца матарысты ДУП “Аўтапарк № 14”. Яны адладзілі ўсю няспраўную тэхніку ў машынна-трактарным парку прадпрыемства і аказвалі платныя паслугі гаспадаркам раёна – хутка і якасна. Сёлета мы плануем набыць абсталяванне і адкрыць аўтастанцыю па рамонту грузавых і легкавых аўтамабіляў.
Не забываем і пра пасажыраў. Сёння значна ўзмацнілі работу па ахопу Ракаўскай і Івянецкай зон маршрутным рухам. Дадаткова ўведзены 2 рэйсы, якія звязваюць гэтыя населеныя пункты з Мінскам. У недалёкім будучым намерваемся набыць два асобныя аўтобусы. Кошт білетаў ужо меншы, чым у прыватнікаў, зараз працуем над тым, каб зменшыць яго яшчэ больш.
Штогод вялікія грошы ўкладваем у добраўпарадкаванне прадпрыемства. Як і летась, працягваем работы па цеплазберажэнню – заказалі ў ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” шклопакеты і ўстанавілі іх у будынках на тэрыторыі. На працягу года кацельныя працавалі выключна на мясцовых відах паліва, што дазволіла дасягнуць істотнай эканоміі энергетычных рэсурсаў.

Валянцін ТРУШКО,
дырэктар ДУП “Аўтапарк № 14” г. Валожына.



Добавить комментарий