Этычныя прынцыпы

Культура

Выхаванасць дзяцей, лічыць народ, адлюстроўваецца ва ўменні выказваць падзяку, павагу. Пра тое, што ў беларускага народа развіта пачуццё ўдзячнасці і павагі да старэйшых, сведчаць шматлікія фальклорныя жанры, напрыклад, песні.

Паважлівыя адносіны да людзей з’яўляюцца зарукай павагі да самога сябе, бо служаць ажыццяўленню пераемнай сувязі пакаленняў: “Хто бацьку шануе, той і дзецям добрую долю рыхтуе”, “Хто бацьку шануе, той сабе неба гатуе”, “Паважай старых, бо сам старым будзеш”, “Пасадзі на печ дзядулю, цябе ўнукі пасадзяць”.

Напэўна, кожны памятае казку, у якой бацькі кармілі дзядулю асобна ад усіх са старой міскі. Унук, засвоіўшы такія адносіны да старэйшых на канкрэтным прыкладзе, пачаў рыхтаваць старую місачку, каб потым карміць з яе сваіх бацькоў. Мы памятаем заканчэнне казкі: бацькі ўсвядомілі сваю віну і пасадзілі дзядулю разам за стол, пачалі яго шанаваць.

Таго, хто не шануе народную традыцыю паважлівых, клапатлівых адносін да старэйшых і да бацькоў, чакае грамадскае асуджэнне: “Хто бацьку і маці зневажае, той дабра не знае”.

Народ асуджае тых, хто не клапоціцца аб матэрыяльным дабрабыце бацькоў: “Як бацькі дзетак кормяць, то дзеткі скачуць, а як бацькі на дзіцячым хлебе, то яны плачуць”; хто можа фізічна пакрыўдзіць бацькоў: “Сохні тая рука, што на бацьку падымаецца”; хто наносіць бацькам маральны ўрон: “Хай таму дзіцятку язык адваліцца, калі на людзях бацьку няславіць”.

На выхаванне павагі да старэйшых значна ўплываюць традыцыі і звычаі, звязаныя з пахаваннем, памінаннем, шанаваннем памяці памерлых. Існаваў звычай у гонар памерлага высаджваць дрэва або даваць яго імя нованароджаным. Народныя галашэнні на памінках, зафіксаваныя ў зборніках фальклору, таксама маюць вялікі выхаваўчы патэнцыял.



Добавить комментарий