Хто не з намi, далучайцеся

ХТО НЕ З НАМІ, ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!

Спрытная постаць, рухавасць, энергічнасць здаля выдаюць яе сувязь са спортам. Жыхарка Валожына, намеснік дырэктара ФАЦ Валожынскага раёна Аксана Аляксандраўна ГЛАДЧАНКА і сапраўды з юных гадоў – актыўны аматар здаровага ладу жыцця.

Усё пачалося ў дзяцінстве. Матуля і тата вельмі паважалі фізічную культуру. Дзяцей – сына і дачку – прывучалі да розных відаў нагрузкі. У сям’і часта ладзіліся спартыўныя дні. Дарослыя і дзеці разам выконвалі практыкаванні, хадзілі на лыжах, бегалі. І сёння жанчына-фізкультурнік упэўнена: ніхто так не натхніць чалавека на якісьці занятак, як яго родныя. “Разумееце, у спорце, як нідзе, на першым месцы ўласны прыклад. Можна колькі заўгодна разважаць пра карысць, напрыклад, аэробікі. Але на заклік таго, хто і блізка не падышоў да спартыўнай установы і выгляд мае далёкі ад ідэальнага, ні адна душа не адгукнецца”, – лічыць Аксана Аляксандраўна.

У яе асабістым лёсе надзвычай станоўчую ролю сыграла Наталля Ціханаўна Корабава – трэнер па мастацкай гімнастыцы. У васьмідзясятыя гады няўрымслівая асоба гэтак жа, як і яе муж, унесла значны ўклад у развіццё фізкультуры і спорту на Валожыншчыне. Маладая жанчына змагла з нуля падняць на высокі ўзровень складаны від спорту. Яна асабіста наведвала заняткі ў школьных спартзалах, адбірала самых перспектыўных дзяўчынак. Аксане пашанцавала – прайшла адбор! Доўгія сем гадоў два разы на дзень, амаль без выхадных дзяўчынкі працавалі ў спартыўнай зале ПТВ-208. Было ўсё: слёзы, скаргі, нават траўмы, але ж, разам з тым, яркія перамогі. Адна з грацый – Марына Кушаль – здолела перагнаць сябровак. Яна стала майстрам спорту, трэніравалася ў сталіцы побач з алімпійскай чэмпіёнкай Марынай Лобач, выступала за зборную БССР.

Аксана ж дайшла да кандыдата ў майстры спорту. Хто ведае, як склаўся б яе спартыўны лёс, каб не пакінула сваіх выхаванак трэнер. Калі не стала магчымасці працягваць заняткі гімнастыкай, дзяўчына захапілася баскетболам. З сярэбраным медалём скончыла школу. Бацькі марылі бачыць дачку медыкам, яе ж цягнула бліжэй да спорту. Кансэнсус быў дасягнуты: паступіла ў інстытут фізкультуры на аздараўленчы факультэт, дзе атрымала спецыяльнасць інструктара-метадыста па аздараўленчай і лячэбнай фізкультуры. Пасля ніколі не здраджвала прызванню. Доўгі час праводзіла заняткі па ЛФК у райбальніцы, затым працавала ў ФАЦ “Надзея”, аддзеле па фізічнай культуры, спорце і турызме. Як ніхто чакала будаўніцтва сучаснага цэнтра, дзе б маглі займацца спортам, атрымліваць аздараўленчыя паслугі малыя і дарослыя. Мара збылася: у горадзе з’явіўся прасторны, прыгожы і ўтульны будынак, у якім створаны ўсе ўмовы для заняткаў. За апошнія гады калектывы ДЮСШ і ФАЦ агульнымі намаганнямі павялічылі колькасць секцый для дзяцей і моладзі, заахвоцілі дарослае насельніцтва наведваць басейн, заняткі па атлетызме, аэробіцы, і інш. Установы-партнёры забяспечваюць жыхарам раёна магчымасць займацца фізкультурай непарыўна – ад садаўскага да самага паважанага ўзросту.

Аксана Аляксандраўна за тое, каб людзі як мага менш прымалі лекаў. “Індывідуальна падабраная рухальная актыўнасць разам з масажам, саўнай, збалансаваным харчаваннем і добрым настроем робяць дзівосы”, – не перастае паўтараць жанчына. Яна супраць лішняй вагі, але і апантанасць празмернай хударлявасцю не хваліць. “Мера ва ўсім – гарант здароўя”, – паўтарае часта. Яшчэ не забывае параіць кожнаму, хто цікавіцца здаровым ладам жыцця, індывідуальны падыход да яго складальнікаў – дыеты, практыкаванняў, сну, аздараўленчых працэдур. Папярэджвае: што карысна аднаму – можа прынесці шкоду іншаму. Менавіта таму не раіць без кансультацыі з рэальнымі спецыялістамі верыць інфармацыі з Інтэрнэту.

З павагай узгадвае А. А. Гладчанка сваіх калег. У першую чаргу – ветэрана спорту Мікалая Рабцава, яго паслядоўнікаў з Івянца Дзмітрыя Булакевіча і Генадзія Жалтка, ракаўчаніна Дзмітрыя Язубца, валожынцаў Аляксандра Кавязу, Арцёма Балабана, Леаніда Хвядчэню, маладых і вельмі перспектыўных інструктараў Ірыну Тур, Любоў Лерантовіч і ўсіх, хто застаецца верным адной вялікай камандзе – жыхарам раёна, якія імкнуцца да перамог, у першую чаргу над сабой.

“Ведаеце, збылася адна з маіх запаветных мар – валожынцы, можна сказаць, масава ўпусцілі ў сваё жыццё спартыўны азарт. Упэўнена: кроку назад ужо не будзе. Гэта значыць, дзень фізкультурніка – наша агульнае свята, – усхвалявана разважае гераіня аповеду. І дадае: – Хто пакуль не з намі, далучайцеся!”

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars