Дыялог у канструктыўным ключы

Общество

Падчас суботняй «прамой лініі» да старшыні раённага выканаўчага камітэта Мікалая Анатольевіча Астрэйкі патэлефанавалі 10 чалавек. Тэмы дыялогу з заяўнікамі былі самыя розныя, аднак кампрамісу дасягнулі па кожнай праблеме, узнятай жыхарамі раёна.

Першай да кіраўніка Валожыншчыны дазванілася жыхарка вёскі Вялікая Дайнава. Яна паведаміла, што вуліца Садовая размываецца ў час дажджоў, дрэнажныя каналы занесены пяском, і вада падтаплівае падвалы сядзіб. Пасля завяршэння размовы Мікалай Анатольевіч звязаўся з адказнымі службамі і паставіў перад імі задачу выехаць на месца, разабрацца ў сітуацыі і наладзіць функцыянальны водаадвод.

У жанчыны са Слайкоўшчыны праблема іншая: закончыўся газ у балоне, а чакаць прывозу новага трэба некалькі дзён. Па даручэнні краўніка раёна з заяўніцай звязаліся спецыялісты газавай службы, растлумачылі нюансы дастаўкі звадкаванага газу насельніцтву і дапамаглі знайсці выйсце з сітуацыі.

Яшчэ адзін званок з Гародзькаў тычыўся некаторых аспектаў у рабоце РУП «Валожынскі жылкамунгас». Пісьмовы адказ на свой запыт чалавек атрымае ў дзесяцідзённы тэрмін.

А вось жыхар Багданава ў размове з уладай узняў тэму значную і актуальную. «На дварах у многіх вяскоўцаў стаіць тэхніка – мотаблокі, трактары, практычна ў кожнага ёсць розны бытавы інструмент, для работы якога неабходна паліва. Але бліжэйшае месца, дзе можна яго набыць, знаходзіцца за 30 кіламетраў ад нас – у райцэнтры. Ці можна пабудаваць заправачную станцыю дзесь бліжэй?» – спытаў мужчына. Мікалай Анатольевіч адзначыў, што нядаўна райвыканкам ужо накіроўваў на разгляд у канцэрн «Белнафтахім» заяўку на будаўніцтва новай аўтазапраўкі па трасе Валожын-Багданава, аднак рашэнне па ёй так і не было прынята. Кіраўнік Валожыншчыны адзначыў, што будзе падрыхтавана і адпраўлена новая заяўка аналагічнага характару.

Жыхарка аграгарадка Ракаў паскардзілася на незавершаныя работы па рамонце дарогі пасля правядзення газавых камунікацый: з-за гэтага пачаў «пакутаваць» фасад дома, у якім яна жыве. Старшыня райвыканкама даў даручэнне дырэктару РУП «Валожынскі жылкамунгас» разабрацца, хто павінен быў выканаць неабходны фронт работ і выправіць сітуацыю. Тэрмін – тыдзень.

У заяўніцы з Валожына дастаткова даўно ўзніклі непаразуменні з суседзямі па бытавой прычыне. Дапамагчы ў вырашэнні канфлікту даручана некалькім службам і ведамствам. Гэтым яны будуць займацца на бягучым тыдні.

Паступіў да М. А. Астрэйкі і званок з Каштаноўкі: вяскоўцы папрасілі аказаць садзейнічанне ў бягучым рамонце дарогі. Іх просьба будзе задаволена ў бліжэйшы час: шмат сіл і сродкаў на гэта не патрабуецца.

З размовы з жыхаром Бабровічаў стала вядома, што ў раёне індывідуальнай забудовы не праводзяцца запраектаваныя работы па пракладцы вода- і газаправодаў. Кіраўнік Валожыншчыны адрасаваў разабрацца ў праблеме заказчыку – упраўленню капітальнага будаўніцтва. Пісьмовы адказ чалавеку будзе выдадзены ў рэгламентаваны законам час.

Яшчэ адзін зварот з райцэнтра ахапіў адразу дзве тэмы: неабходнасць умацавання берагоў ракі Валожынкі і абрэзкі голля старых дрэў. Даручэнне выдадзена адпаведным службам, якія выедуць на месца і вызначаць неабходны аб’ём і віды работ.

У апошнім звароце ініцыятыўны жыхар Валожына папрасіў кіраўніка раёна дапамагчы ў пытанні будаўніцтва новага ціра. У бліжэйшы час мужчыну прадаставяць інфармацыю па магчымасці выкупіць нейкі канкрэтны ўчастак зямлі пад гэтыя мэты праз аўкцыён.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *