Роднаму гораду прысвячаецца

Традыцыйна напярэдадні Міжнароднага дня музеяў у Валожынскім краязнаўчым музеі прайшла акцыя “Ноч музеяў”. Сёлета яна мела назву “Стаіць на пагорках наш горад Валожын” і была прысвечана 90-годдзю надання населенаму пункту статусу горада.

Да святочнага мерапрыемства супрацоўнікі музея правялі вялізную работу. Выставачны пакой на першым паверсе на час ператварыўся ў частку некалішняга Валожына. Наведвальнікі нібы трапілі на вуліцу Віленскую (цяпер Савецкая), якая была галоўнай вуліцай горада, дзе размясціліся оптыка Бярковіча, цырульня Перскага, аптэка Глухоўскага, фотаатэлье Ківялевіча, лаўка Панасюка. Усё было прыгожа аформлена і прыцягвала позіркі. Тут жа працавала фотавыстава з фондаў музея “Імгненні гісторыі горада”.

Дырэктар установы Н. П. Лоўчая правяла для прысутных відэапрызентацыю “Валожын праз стагоддзі”. Яна распавяла пра тое, як утварылася паселішча, адкуль пайшла яго назва, як паступова мяняўся статус і як з цягам часу яно набыло сусветную вядомасць. 26 красавіка 1929 года Савет Міністраў Польшчы прыняў пастанову аб утварэнні горада Валожына, куды ўвайшлі само мястэчка Валожын і бліжэйшыя вёскі Келевічы, Паніззе, Еўлашы, Вялікія і Малыя Бандары. Тэкст пастановы, якая была падпісана старшынёй рады міністраў і міністрам унутраных спраў Рэчы Паспалітай, на польскай мове прысутным зачытала А. А. Макарэвіч.

Для падрыхтоўкі такога дэталёвага гістарычнага экскурсу былі выкарыстаны матэрыялы Дзяржаўнага занальнага архіва г. Маладзечна, дакументальныя ўспаміны нашых землякоў-краязнаўцаў М. Ф. Новака і В. Р. Гарбачэўскага, а таксама фотаздымкі і інфармацыйны матэрыял з кнігі “Валожын; кніга горада і ешывы” пад рэдакцыяй Леоні і зямляцтва Валожына ў Ізраілі і ЗША, якая была выдадзена ў 1970 годзе. Дакументальныя звесткі з яе значна дапоўнілі папярэднія.

І вось ужо за некалькі хвілін у гэтым выставачным пакоі ўстаноўлена імправізаваная сцэна, і тэатральны гурток “Жаронцы” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, якім кіруе Х. С. Лямбовіч, вынес на суд гледачоў тэатралізаваную лялечную пастаноўку Максіма Багдановіча “Мушка-зелянушка”. Не толькі дзеці, але і дарослыя не адводзілі вачэй ад казачных герояў і, калі дзея закончылася, дружна апладзіравалі юным артыстам.

На другім паверсе наведвальнікам музея гасцінна расчыніла дзверы выстава да 75-годдзя вызвалення Валожына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў “Не згасне памяці свечка”. Тут можна было ўбачыць імправізаванае валожынскае гета, дзе размясціліся рэчы, што сапраўды належалі ахвярам той страшнай вайны. На асобным стэндзе занялі месца такія дакументы, як картачкі па здачы сельскагаспадарчай прадукцыі, асабістыя пасведчанні, выдадзеныя новай нямецкай уладай. Нельга было не звярнуць увагу на куток, прысвечаны партызанскаму руху на тэрыторыі раёна. Навуковы супрацоўнік музея Н. У. Бобрык расказала пра людзей, што ўнеслі неацэнны ўклад у справу вызвалення Валожыншчыны ад фашысцкіх захопнікаў, звярнула ўвагу на папкі, дзе сабраны звесткі пра ўсіх нашых землякоў, якія змагаліся на палях вайны. Прыцягвалі позіркі наведвальнікаў шматлікія плакаты таго часу, яны паэтапна адлюстроўваюць падзеі, што адбываліся на фронце ад пачатку вайны аж да самай Перамогі.

Далейшыя святочныя гулянні прайшлі на тэрыторыі каля будынка краязнаўчага музея. Увазе прысутных была прапанавана музычна-літаратурная гасцёўня “Далучыцца да роднага слова”. Члены народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Галіна Гражынская, Марыя Шакун і Валянціна Гіруць-Русакевіч прачыталі ўласныя вершы, прысвечаныя роднаму гораду. Таксама была магчымасць паслухаць вершы Галіны Радына-Марцінкевіч, Аляксея Пінчука, Сяргея Маляўскага. Народны ансамбль народнай песні “Сваякі” і вакальны квартэт настаўнікаў Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў выканалі песні нашых землякоў, якія гучалі, як прызнанне ў любові сваёй малой радзіме.

Яскравым акордам усяго мерапрыемства стала выступленне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, фальклорнага гурта “Гасцінец”. Артысты прапанавалі ўвазе прысутных некалькі народных песень і правялі майстар-клас старадаўніх беларускіх танцаў і гульняў. Госці з задавальненнем вадзілі карагоды і прымалі ўдзел у даўнішніх забавах. Між іншым, на свята “Ноч музеяў”, акрамя шматлікіх жыхароў Валожына, завіталі дэлегацыі з Літвы і Польшчы, якія прыбылі на IХ рэгіянальны конкурс-пленэр юных мастакоў “Зямля і неба Фердынанда”, прысвечаны памяці Ф. Рушчыца.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars