Веласiпед — знаходка для зладзеяў

Официально

З надыходам лета ў міліцэйскіх зводках часцей пачынаюць з’яўляцца паведамленні пра крадзяжы веласіпедаў. Таму хочацца напомніць яшчэ раз аб тым, што бесклапотнасць і няўважлівасць прыводзяць да страты матэрыяльных каштоўнасцей, якія зарабляюцца не проста.

Веласіпед – даволі каштоўная маёмасць, але часта ён захоўваецца не надзейна. Немагчыма ўявіць, каб хтосьці пакінуў у пад’ездзе ці на вуліцы рэч коштам 2000 рублёў. Веласіпед нярэдка каштуе і даражэй, але гаспадары пакідаюць яго з лёгкасцю, нават не паклапаціўшыся, каб прышпіліць хоць танюсенькім ланцужком на замку. Па статыстыцы, амаль 70 працэнтаў крадзяжоў веласіпедаў адбываюцца, гаворачы мовай міліцэйскага пратаколу, па прычыне іх свабоднага доступу. Нярэдка двухколавага сябра людзі пакідаюць на працяглы час без замка на двары, на вуліцы.

Існуе катэгорыя грамадзян, якім сумленне дазваляе набываць заведама крадзеныя рэчы, у тым ліку і веласіпеды. Хачу папярэдзіць, што яны рызыкуюць быць прыцягнутымі да крымінальнай адказнасці па артыкуле 236 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Набыццё або збыт матэрыяльных каштоўнасцей, заведама здабытых злачынным шляхам).

Каб засцерагчыся ад непрыемнасцей, захоўвайце дакументы на набыты вамі веласіпед або іх копіі, сфатаграфуйце серыйны нумар рамы, запомніце асобыя прыкметы ці аксесуары веласіпеда. Гэта дапаможа супрацоўнікам міліцыі ў пошуках на выпадак яго крадзяжу.

Пакідаючы веласіпед без нагляду нават на хвіліну, абавязкова яго надзейна замацоўвайце тросам за кола і раму, а калі ёсць магчымасць, то за абодва колы і раму. Трос выбірайце таўшчынёй у палец, інакш яго лёгка будзе “перакусіць” пласкагубцамі. Раім таксама забіраць з сабой усе здымныя дэталі (велакамп’ютар, помпу, ліхтар і г. д.). Вельмі дзейсны сродак аховы – знятае сядло. Такі разукамплектаваны веласіпед для злодзеяў і хуліганаў, якія захочуць пакатацца, акажацца нецікавым. Нядрэнным дадаткам да тросу будзе і веласігналізацыя.

Памятайце, што лесвічная пляцоўка – не лепшы спосаб захоўваць веласіпед. Калі ж ёсць магчымасць, пакідайце свае рэчы ў полі зроку камер відэаназірання.

Выявіўшы, што веласіпед знік, неадкладна тэлефануйце ў міліцыю. Пастарайцеся адшукаць сведкаў, запішыце іх тэлефоны. Размясціце інфармацыю аб прапажы ў Інтэрнэце, вывучайце форумы з аб’явамі аб продажы веласіпедаў. Здараецца, што пацярпеламу ўдаецца самаму знайсці прапажу. І калі рашылі забраць веласіпед самастойна, то раім не біць злодзея. Нанясенне траўм – таксма злачынства.

Цалкам перамагчы крадзяжы веласіпедаў немагчыма. Але можна максімальна супрацьстаяць гэтаму, прытрымліваючыся элементарных мер па захаванні маёмасці. Ніколі не купляйце былыя ва ўжыванні веласіпеды без дакументаў, каб не стаць гаспадаром крадзенага.

Сяргей ЛАТЫШАЎ,

начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Валожынскага РАУС



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *