Бяспека дзяцей — абавязак дарослых

Безопасность и здоровье

Сёлета ў Рэспубліцы Беларусь у вадзе загінулі 62 чалавекі, у тым ліку 6 непаўналетніх. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што пачасціліся выпадкі патаплення дзяцей з-за банальнага недагляду іх бацькоў…

У Хойніках 11 сакавіка гэтага года ў яме для водапаніжэння пры падзенні ў ваду ўтапілася дзяўчынка 12 гадоў. 12 красавіка ў Камянецкім раёне загінуў двухгадовы хлопчык. Меліярацыйны канал, падзенне ў які для дарослага чалавека абярнулася б толькі непрыемнасцю ў выглядзе мокрых ног, для дзіцяці стаў смяротнай пасткай. 14 красавіка ў Віцебску ў штучнай сажалцы каля дома патануў пяцігадовы хлопчык. 23 красавіка ў штучным вадаёме каля Бягомля пры падзенні ў ваду загінула чатырохгадовае дзіця…

Для нашых малышоў у роўнай ступені небяспеку тоіць і самаробны вадаём-копанка для выпойвання жывёлы, і басейн на дачы, і бак з вадой для тэхнічных патрэб, і калодзеж, і надзіманы басейн, і проста любая запоўненая вадой ёмістасць.

А для таго, каб засцерагчы нашых дзяцей і ўнукаў ад бяды, трэба зрабіць зусім няшмат. Студні і разнастайныя ёмістасці з вадой павінны мець вечка з надзейным замком, доступ да натуральных або штучных вадаёмаў павінен быць абмежаваны любым даступным спосабам. Калі ў вас, сваякоў або сяброў у сям’і падрастаюць маленькія дзеці, варта часова адмовіцца ад выкарыстання дэкаратыўнага басейна і проста зліць з яго ваду. Асабліва хочацца звярнуць увагу грамадскасці на надзіманыя басейны. Запаўняючы іх, бацькам неабходна ў першую чаргу паклапаціцца пра бяспеку дзяцей.

Малышы не павінны быць прадастаўлены самі сабе. Яны дапытлівыя, не адчуваюць пагрозы, і таму трэба забяспечыць над імі пастаянны кантроль. Неабходна памятаць, што для бяды досыць імгнення. І мы павінны зрабіць усё магчымае, каб гэта імгненне не наступіла.

Варта дадаць, што з 20 па 26 мая ў раёне праводзіцца Тыдзень бяспекі на вадзе. Падчас яго ва ўсіх арганізацыях і ўстановах пройдуць розныя мерапрыемствы: заняткі па навучанні спосабам выратавання і навыкам аказання першай дапамогі асобам, што церпяць бедства на водах, інструктажы па мерах бяспекі, азнаямленне з адказнасцю бацькоў за дзяцей, сустрэчы з прадстаўнікамі адказных службаў у працоўных калектывах і навучальных установах і інш.

Іван СУХАДОЛЕЦ,

старшыня райарганізацыі ТВВОД



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *