В Воложинском районе больных туберкулёзом становится меньше, но болезнь остаётся опасной и уносит человеческие жизни

Общество

У апошнія гады ў раёне хворых туберкулёзам становіцца меней, аднак сам па сабе туберкулёз застаецца небяспечнай хваробай і кожны год ён забірае чалавечыя жыцці.

Людзі заўважылі, што ў апошні час наогул інфекцыйныя захворванні становяцца больш агрэсіўнымі. Паглядзіце, як бушуе штогод грып, якая небяспечная менінгакокавая інфекцыя, што паражае ў асноўным дзяцей, і калі з моманту захворвання жыццё адлічваецца гадзінамі. Такія ж агрэсіўныя якасці праяўляе і туберкулёз, асабліва яго формы, якія не паддаюцца лячэнню. На жаль, з кожным годам іх удзельная вага павялічваецца. А гэта азначае, што ўзбуджальнік туберкулёзу на працягу апошніх 50 гадоў набыў неўспрымальнасць да дзеяння лекавых сродкаў, і лячэнне такой формы захворвання становіцца вялікай праблемай. Патрэбны новыя лякарствы, аднак іх пакуль няма. Гэта сусветная праблема, вучоныя стараюцца вынайсці новыя эфектыўныя сродкі лячэння, шукаюць новыя метады барацьбы з туберкулёзам.

З даўніх часоў заўважана, што не ўсе асобы, якія знаходзяцца ў цесным кантакце з такімі хворымі, самі захворваюць. У чалавека ёсць фактар, ген, які засцерагае яго ад хваробы. Сёння навука пра гены зрабіла значны крок наперад, ідзе пошук такога гена, і калі ён будзе знойдзены, лячэнне туберкулёзу стане больш эфектыўным. Ну а пакуль варта нагадаць пра тыя меры ў паўсядзённым жыцці чалавека, якія дапамогуць пазбегнуць захворвання. Вялікую небяспеку для людзей навокал уяўляе хворы, які выдзяляе ў навакольнае асяроддзе значную колькасць мікабактэрый туберкулёзу пры кашлі, чыханні. Калі кантактаваць з хворым зусім непрацяглы час, пагроза захварэць невысокая. Скурнае покрыва, слізістая дыхальных шляхоў і кішэчніка непранікальныя для мікраарганізмаў. Таму аднаго пападання ўнутр нават значнай колькасці інфекцыі недастаткова, каб захварэць на туберкулёз. Небяспечна працяглае кантактаванне. Вялікую ролю іграе і стан імуннай сістэмы арганізма, які залежыць ад многіх фактараў: узросту, наяўнасці іншых захворванняў, асабліва такіх складаных, як цукровы дыябет, язвенная хвароба страўніка, псіхічныя недамаганні.

Вельмі важна паўнацэннае харчаванне, выкананне ўмоў бяспечнай працы. На стан імуннай сістэмы адмоўна ўплываюць стрэсавыя сітуацыі і дэпрэсія. Зніжаюць устойлівасць арганізма шкодныя звычкі – курэнне і злоўжыванне алкаголем. Самая ж высокая рызыка ўзнікнення туберкулёзу – у ВІЧ-інфіцыраваных, прыкладна ў 30 разоў больш, чым у астатняга насельніцтва. Адсюль вывад – трывалыя маральныя ўстоі чалавека ўмацоўваюць фізічны стан арганізма. Рэгулярныя прагулкі на свежым паветры, заняткі фізкультурай асабліва актуальныя для прафесій з нізкай фізічнай актыўнасцю і ў памяшканні. Належыць прытрымлівацца правілаў асабістай гігіены, своечасова праводзіць вільготную ўборку і праветрываць жылыя памяшканні. Гэтыя нескладаныя правілы павінен ведаць і выконваць кожны.

Валерый ГАЎРЫЛАЎ, урач-фтызіятр райпаліклінікі.



Добавить комментарий