Знайшлi свой шлях

На першым паверсе раённай паліклінікі часта можна ўбачыць чаргу. Па шчасцю, людзі стаяць не на прыём да доктара, ды і рухаецца яна хутка. Гэта чарга ў буфет… І сведчыць яна пра тое, што тут ёсць, што набыць, а значыць, можна некалькі хвілін і пастаяць. Паўтаруся, рухаецца чарга даволі хутка, за гэты час можна азнаёміцца з таварам у халадзільных вітрынах і на паліцах.

…Некалькі месяцаў буфет у паліклініцы, да якога ўжо прывыклі, не працаваў. Здаецца, напярэдадні новага года кіраўніцтва райбальніцы вымушана было адмовіць у арэндзе райспажыўтаварыству. Новы гаспадар памяшкання знайшоўся даволі хутка – індывідуальны прадпрымальнік Ігар Базык. Асноўны прадавец – жонка Ірына, але і сам прадпрымальнік бывае тут практычна кожны дзень. Зрабіўшы пасільны касметычны рамонт, пачалі абжываць новае памяшканне і напаўняць яго таварамі. Літаральна за некалькі месяцаў асартымент прадукцыі значна пашырыўся, з’яўляюцца новыя і новыя групы тавараў. Сёння ў буфет прыходзяць, як у міні-маркет. Яго паслугамі карыстаюцца не толькі наведвальнікі паліклінікі, пацыенты бальніцы, сам медыцынскі персанал, але і жыхары навакольных дамоў.

Сказаць сумленна, пры першым наведванні ў мяне разбегліся вочы. Нават забылася, што ў паліклініку прыйшла з самага рання і здавала аналізы нашча, зайшлася проста выпіць кавы. Нічога купляць не збіралася. А, між тым, не змагла адмовіць сабе ў любімых заварных пірожных-эклерах, якіх у продажы некалькі варыянтаў, прыхапіла дадому фрукты і іншыя прадукты. У невялікім памяшканні некалькі халадзільных вітрын: з мясной прадукцыяй і кандытарскімі вырабамі беларускіх і расійскіх вытворцаў, з замарожанымі паўфабрыкатамі, а таксама сучасны халадзільнік з малочнай прадукцыяй. Многія тавары не ўбачыш нават на “Еўраопце” і ў “Дабраноме”, у гарадскіх крамах.

Гандлююць тут і хлебабулачнымі вырабамі Маладзечанскага хлебакамбіната і Валожынскага хлебазавода (хлеб, батоны, сайкі). Хлеб пастаянна свежы, бо завозіцца штодзённа. Ёсць прадукцыя аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства: чабурэкі, беляшы, піражкі. Асабліва хутка разыходзяцца піражкі з капустай. Па жаданні кліента гэту прадукцыю разагрэюць у мікрахвалевай печцы.

Мне здаецца, што гаспадары прадугледзелі ўсе жаданні пакупнікоў, і лягчэй сказаць, чаго тут няма, чым пералічваць, што ёсць у продажы. Аднак параўнальна нядаўна з’явілася марожанае, а ў хуткім часе будуць гандляваць цукеркамі не толькі ў каробках, але і разважнымі. Для гэтай мэты заказалі спецыяльны стэнд. Можна было б ставіць кропку. Аднак наведвальнікі сталі пытацца макарону. Плануюць гандляваць і бакалеяй.

Малады валожынскі прадпрымальнік Ігар Базык у якасці індывідуальнага прадпрымальніка зарэгістраваўся каля чатырох гадоў таму. Першай гандлёвай кропкай была палатка на рынку. Разам з жонкай Ірынай гандлявалі разнастайным пячэннем і цукеркамі. З гонарам Ігар дадаў, што яны першыя з мясцовых гандляроў адкрылі на рынку стацыянарны павільён. За ім пацягнуліся і іншыя. А літаральна сёлета Базыкі адкрылі дзве новыя кропкі – буфет і магазінчык “Вкусняшка” на першым паверсе Універмага. І калі ў дзвюх кропках кірунак адзін – кандытарскія вырабы і цукеркі, то ў паліклініцы яны пераўзышлі сябе. Прыемна чуць словы падзякі ў свой адрас: быццам крылы вырастаюць, і хочацца працаваць яшчэ лепш.

Да таго, калі маладая сям’я рызыкнула распачаць уласную справу, у кожнага з іх была работа. Ігар працаваў вадзіцелем. Спецыяльнасць атрымаў у Валожынскім ПТВ. Вазіў кіраўніка адной з раённых структур, потым пайшоў на “Данпрод”. Ірына працавала ў Беларусбанку. У яе, дарэчы, зараз вышэйшая эканамічная адукацыя, а спачатку быў гандлёва-эканамічны каледж. Так што яна займаецца справай, якой вучылася. Сама стаіць за прылаўкам, цяпер у буфеце, вядзе ўсе бухгалтарскія справы. А ў магазіне працуе наёмны работнік. На рынку Ігару дапамагае маці, калі ў яе здараецца выхадны. Яна па прафесіі прадавец.

Базыкі папрасілі абавязкова адзначыць (і гэта мяне вельмі кранула), што без дапамогі бацькоў з абодвух бакоў, у іх нічога б не атрымалася. Дапамагалі на этапе станаўлення, дапамагаюць і цяпер. І не толькі грашамі, а больш падказкай, парадай, ды і з дзецьмі ўпраўляцца, пакуль яны на рабоце. У Ірыны і Ігара двое дзяцей. Рана пажаніліся, жаніху было ўсяго 19, нявесце – 18 гадоў. Таму і першынец-сын такі вялікі – амаль 10 гадоў, а дачушцы – 3. З двух гадоў малая наведвае дашкольную ўстанову. Часцей за ўсё забіраюць яе бабулі.

Прыемна было пісаць матэрыял, бо не прыходзіцца даваць авансаў, даводзіцца проста канстатаваць, як зладжана працуе сямейны тандэм, як стараецца, і гэта ў іх атрымліваецца. Прыемна яшчэ і таму, што прадпрымальнікі нашы – мясцовыя, а гэта таксама накладвае адказнасць. Пакупнікамі ў любы момант могуць быць і сваякі, і школьныя настаўнікі, і суседзі, і сябры. І перад імі як бы трымаеш экзамен. Абслугоўвае пакупнікоў Ірына хутка, кампетэнтна адказвае на пытанні, можа нешта параіць, бо пра сваю прадукцыю ведае ўсё. Бачна, што справа, якой займаецца, ёй падабаецца. Да таго ж працуе на сябе, таму трымае марку. Няхай жа ўсё і далей атрымліваецца, а бізнес развіваецца! Ад пакупнікоў жадаю чуць толькі заслужаныя словы падзякі.

Дарэчы, у буфеце райпаліклінікі прадаецца і газета «Працоўная слава».

Наталля ШТЭЙНЕР

Фота Сяргея БОБРЫКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars